Усе навіны

Канстанцін Якаўлеў: «Мне здаецца, Мірны сваімі словамі падае нам сігнал. Мы павінны забыць пра той 20-ы год, павінны рухацца далей»

1 лістапада, 00:10

Беларускі гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў пракаментаваў апошнія выказванні Максіма Мірнага.

– Як вы ўспрынялі гэты ўчынак Максіма Мірнага?

– Абсалютна спакойна ўспрыняў гэты ўчынак, бо разумею, у якім становішчы зараз знаходзіцца гэты чалавек. Я ўвогуле так, можа, чорным жартам адношуся да яго словаў. Мне здаецца, што гэты чалавек нам у сваім пакаянні пасылае нейкі сігнал.

Тое, што ён кажа, ён кажа гэта да нас. Мне здаецца, трэба больш спакойна да гэтага адносіцца. У нашым жыцці зараз ёсць справы больш сур'ёзныя. Гэта нашыя ваяры, нашыя палітвязні. І нам трэба канцэнтравацца вакол гэтага ўсяго.

І што хачу дадаць, мы павінны ўжо забыць пра той 2020 год. Бо зараз ужо 2024 год на носе, ужо іншыя справы. Усё не так, як было калісьці.

Я глядзеў даследванне, што ён зарабіў за ўсю сваю карʼеру 11 мільёнаў, і з іх 7 аддаў на сваю школу. Можа гэты чалавек хоча, каб школа існавала і людзі туды хадзілі негледзячы ні на што. Шмат людзей засталіся ў акупаванай Беларусі. Мы павінны рухацца далей, – сказаў Якаўлеў.