Усе навіны

Ва Украіне на Талая распачалі крымінальную справу, рэжымнаму паралімпійцу пагражае пажыццёвае

14 снежня, 11:57

Ва Украіне на рэжымнага паралімпійца Аляксея Талая распачалі крымінальную справу па артыкуле пра парушэнне законаў і звычаяў вайны. Талай разам са сваім фондам арганізоўвае паездкі ў Беларусь дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Талаю пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыццёвым зняволенне.

Крымінальную справу расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны. Яго завялі 21 сакавіка 2022 года па фактах расейскіх вайсковых злачынстваў ва Украіне.

Нагадаем, Талай і яго фонд абвінавачваюцца ў дэпартацыі і гвалтоўным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. Па гэтым абвінавачванні 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт кіраўніка расійскага рэжыму Уладзіміра Пуціна, а таксама яго «упаўнаважанай па правах дзіцяці» Марыі Львовай-Бяловай. З гэтым абвінавачваннем згаджаецца рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) ад 27 красавіка, дзе называюць генацыдам гвалтоўную «русіфікацыю» дзяцей пасля вывазу з акупаваных тэрыторый Украіны падчас вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Таксама ў рэзалюцыі ПАРЕ адзначае, што незаконна перамяшчаюць дзяцей і ў Беларусь, у сувязі з чым заклікае прыцягнуць да адказнасці Аляксандра Лукашэнку. Раней беларускія прарэжымныя СМІ паведамлялі, што цяперашняй вясной у аздараўленчым лагеры «Беларуськалія» пабываюць каля 1000 дзяцей з акупаваных частак Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей Украіны. Гэта адбываецца пры садзейнічанні Лукашэнкі, а арганізацыяй працэсу займаецца Талай і яго фонд.