Усе навіны

Прэзідэнт НАК Украіны Гутцайт: «Прарэдзіць шэрагі беларусаў i расіян на Алімпіядзе адназначна можам»

23 студзеня, 22:12

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны Вадзім Гутцайт расказаў, як будзе праходзіць працэдура допуску атлетаў з Беларусі і Расіі да Алімпіяды-2024.

– Што азначае дадатковая праверка для беларускіх і расiйскіх спартcменаў? Навошта іх і хто будзе іх правяраць?

– Па-першае, іх будуць правяраць міжнародныя федэрацыі, калі яны будуць атрымліваць ліцэнзіі. І мы ўжо шматлікім федэрацыям накіравалі інфармацыю, што яны падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне. Таму што ў гэтыя 2 гады вы ведаеце, што мы працавалі і магутна працавалі – і Алімпійскі камітэт, і я асабіста. Я звяртаўся, пісаў, працаваў. І ёсць добрыя навіны на гэты конт таксама.

Больш падрабязна аб праверцы. Потым, калі міжнародныя федэрацыі будуць дасылаць спартcменаў, якіх яны будуць падаваць, каб яны бралі ўдзел у Алімпійскіх гульнях, іх будзе правяраць яшчэ Міжнародны алімпійскі камітэт. Будзе створана камісія.

Я ўжо накіраваў ліст, спытаўся, што гэта за камісія, як яна будзе створана. Я папрасіў у сваім лісце, каб кагосьці з украінцаў таксама далучылі да гэтай камісіі, каб яны таксама разглядалі гэтае пытанне ці сачылі, што там будзе адбывацца на гэтай камісіі. Нажаль, адказу яшчэ няма.

Гэтая камісія будзе разглядаць спартcменаў, якіх будуць рэкамендаваць міжнародныя федэрацыі. Яны будуць разглядаць прысутнасць іх на ўсіх мерапрыемствах у падтрымку вайны і ўвогуле ў іх падтрымцы вайны. Таму спадзяемся, што гэтая камісія будзе разглядаць і таксама іх не дапусціць да Алімпійскіх гульняў.

Але ёсць яшчэ добрыя навіны наконт таго, каб беларускіх і расійскіх спартсменаў не было на Алімпійскіх гульнях. У лютым будзе праходзіць чэмпіянат свету па водных відах спорту. І мы ўжо ведаем, што спартоўцы з Расіі адмовіліся выступаць на гэтых спаборніцтвах – гэта значыць па скачках у ваду, плаванні, сінхронным плаванні. Тым самым яны цалкам губляюць шанцы патрапіць на Алімпійскія гульні. Гэта значыць, мы бачым, што ў многіх відах спорту іх яшчэ не дапусцілі. І будзем спадзявацца, што іх не дапусцяць. І ёсць ужо з іх боку, што яны не жадаюць удзельнічаць пад нейтральным сцягам наогул без сімволікі.

А тое, што мы над гэтым працавалі, яно пакрысе пачынае працаваць. І ў многіх відах спорту яны адмаўляюцца, а ў некаторых не дапускаюць. Спадзяемся, што іх увогуле не будзе на Алімпійскіх гульнях.

– Добра, зразумела, што будзе двухступеністая праверка, але ці ёсць разуменне, калі яна будзе праходзіць і калі яна скончыцца? Бо да Алімпіяды застаецца ўжо зусім нічога.

– Так, Алімпіяда ўжо пачнецца летам, але яшчэ ідуць міжнародныя спаборніцтвы, і ў многіх відах спорту цалкам не скончыліся адборачныя спаборніцтвы на Алімпійскія гульні. Таму я так разумею, што гэтая камісія будзе створаная.

І калі ўжо ў кожнага віду спорту будуць завершаны адборачныя спаборніцтвы, то ўсіх гэтых спартсменаў, якія будуць атрымліваць ліцэнзіі ад сваіх канкрэтных міжнародных федэрацый, ужо Міжнародны алімпійскі камітэт будзе іх таксама разглядаць.

Таму я разумею, што гэта будзе ісці яшчэ да Алімпіяды, бо ёсць віды спорту, якія летам скончаць адбор. Таму мы будзем працаваць у далейшым, збіраць доказы, дасылаць.

Буду размаўляць з Міжнародным алімпійскім камітэтам, спрабаваць неяк кантраляваць гэтую сітуацыю. Гэта будзе вельмі складана, але вы ведаеце, што мы працавалі з першага дня вайны і будзем надалей працаваць.

– Калі я правільна зразумеў, цалкам выкінуць расiян з Алімпійскіх гульняў у гэтым годзе нам, відавочна, не атрымаецца, і беларусаў таксама, але сур'ёзна прарэдзіць іх шэрагі гэтай двухэтапнай праверкай – спачатку на ўзроўні федэрацый, а затым на ўзроўні ізноў Міжнароднага алімпійскага камітэта, які скліча адмысловую камісію – мы можам. Гэта значыць, іх, верагодна, стане менш.

– Адназначна, можам. Я хачу прывесці прыклад, што на ўсіх Алімпійскіх гульнях Расія была прадстаўлена каля 300-350 спартcменамi. Цяпер, я вам хачу адзначыць, і ўжо шмат разоў казаў, што я бачу, што 30-40, максімум 50 спартоўцаў могуць прысутнічаць, а то і менш.

Гэта значыць усё, што мы зрабілі – яно ў дзеянні, і яно дзейнічае. Таму гэта вельмі важна, але мы хочам, каб іх увогуле не было. Будзем працаваць над гэтым пытаннем, – сказаў Гутцайт у каментары тэлеканалу ICTV.

Нагадаем, што 8 снежня МАК дапусціў беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў АГ у Парыжы ў нейтральным статусе.