Усе навіны

Алег Шэпель: «На фоне невысокай унутранай канкурэнцыі допуск да ПГ у нейтральным статусе – гэта вельмі добра. Разлічваем на 10 ліцэнзій»

31 студзеня, 14:50

Старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі (ПКБ) Алег Шэпель падзяліўся чаканнямі ад Паралімпіяды ў Парыжы.

– У канцы верасня ў Бахрэйне Генеральная асамблея Міжнароднага паралімпійскага камітэта прыняла рашэнне па допуску беларусаў і расіян да XVII летніх Паралімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Парыжы на стыку лета і восені. Вас задавальняе, што нашы спартсмены дапушчаны ў нейтральным статусе?

– Мы лічым, што допуск спартсменаў у нейтральным статусе – гэта вельмі добра. У нас невысокая ўнутраная канкурэнцыя, а спартсменам неабходна бачыць вынікі сваёй працы. І калі ў тых відах спорту, дзе ёсць тэхнічны вынік, гэта прасцей, то ў адзінаборствах неабходна сустракацца з сапернікамі, спаборнічаць. Дзеці вельмі чакаюць вяртання да нармальнага спаборніцкага рэжыму.

– Да парыжскіх Гульняў яшчэ шмат часу. Ведаю, што вазіць «турыстаў» на галоўныя старты не ў вашых правілах. Што ў планах падрыхтоўкі нашай каманды, як будзе праходзіць адбор на Гульні-2024?

– На Паралімпійскія гульні неабходна заваяваць ліцэнзіі. На жаль, з-за адхілення з барацьбы за ліцэнзіі выбылі прадстаўнікі фехтавання на інвалідных калясках, але за ліцэнзіі змагаюцца прадстаўнікі плавання, лёгкай атлетыкі, веславання на каноэ і, магчыма, паўэрліфтынгу. Мы разлічваем на 10 ліцэнзій. План падрыхтоўкі распрацаваны, прадугледжвае вучэбна-трэніровачныя зборы і ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. Дзеці рыхтуюцца, ёсць вялікае жаданне выступіць і заваяваць медалі ў Парыжы.

– На Паралімпіядзе ў Токіа ў медальнай скарбонцы зборнай Беларусі было 7 узнагарод, прычым усе 5 залатых медалёў здабыў плывец Ігар Бокі. У якой ён форме зараз, хто яшчэ з беларусаў будзе змагацца за месцы на пастаменце пашаны?

– Ігар і цяпер у выдатнай форме, што ён даказаў на нядаўнім чэмпіянаце краіны ў Брэсце. Калі б ён удзельнічаў у чэмпіянаце свету 2023 года, то выйграў бы тыя ж 5 залатых медалёў, што і на такійскіх Гульнях, прычым з добрым адрывам ад найбліжэйшых канкурэнтаў. Упэўнены, што ў Парыжы за медалі таксама будуць змагацца яго калегі-плыўцы Ягор Шчалканаў і Максім Вашкевіч, а таксама лёгкаатлеты Уладзіслаў Грыб, Лізавета Пятрэнка і Дзмітрый Барташэвіч.

– Якія вашы прагнозы на поўнае вяртанне Беларусі ў міжнародны паралімпійскі рух?

– Мы ўсе аптымісты, мы верым, што здаровы сэнс пераможа і нашы спартсмены вернуцца да паўнавартасных міжнародных стартаў, – выказаўся Шэпель.