Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «БФСС для паўнавартаснай працы трэба 500 тысяч еўра ў год. Такі бюджэт быў пры грантавай падтрымцы, але яна скончылася»

9 лютага, 19:01

Кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін выказаўся ў інтэрв'ю «Зеркалу» пра бягучы стан фонду.

– Апошнія некалькі месяцаў праца ў Фондзе стала, скажам так, грамадскай.

– Гэта як?

– Трэба разумець, што для паўнавартаснага функцыянавання Фонду трэба каля паўмільёна еўра ў год. Тады арганізацыя будзе працаваць на поўную магутнасць. У 2021-м, 2022-м і 2023-м нам удавалася выходзіць на такі бюджэт. У асноўным мы працавалі за кошт грантавай падтрымкі. Але ў канцы кастрычніка 2023 г. такі перыяд скончыўся. Гэта было чакана, мы не ляталі ў аблоках. Таму сёння мы не можам, як раней, рэагаваць на нейкія рэчы, дапамагаць атлетам фінансава. Па сутнасці, Фонд стаў рухам на грамадскіх пачатках, у якім разам са мной пяць чалавек.

– Як наконт альтэрнатыўных крыніц фінансавання?

– Мы спрабавалі зацікавіць беларускі бізнэс, кампаніі, якія, напрыклад, рэлацыраваліся. Але зараз мала хто можа пахваліцца такімі фінансавымі магчымасцямі, усё ж такі гаворка ідзе пра буйны кантракт. Плюс рызыкі для іх перавешвалі – яны баяліся супрацоўніцтва, нейкай публічнасці. Бо амаль ва ўсіх ёсць сваякі, сябры, актывы ў Беларусі. Што да еўрапейскіх партнёраў, то ім беларускі парадак дня, звязаны з 2020 годам, зараз проста не цікавы. Гэта рэальнасць, з якой трэба лічыцца. Тым не менш, мы чакаем шэраг кантрактаў у бліжэйшы час.

– І ўсё-такі сумна ўсведамляць, што Фонду напэўна не будзе ў ранейшым выглядзе.

– Паўтаруся, з высокай імавернасцю, думаю, мы працягнем якасную працу. Фонд зрабіў нямала і стаў своеасаблівым пунктам верыфікацыі. Да нас па-ранейшаму рэгулярна звяртаюцца па юрыдычную дапамогу. Магчыма, будзем аказваць камерцыйныя паслугі. Ведаеце, у чым праблема? Вельмі мала хто разумеў, з якімі працаёмкімі кейсамі мы працавалі. Атрымаць, напрыклад, для чалавека міжнародную абарону ў Нарвегіі ці Латвіі – гэта было вельмі складана. Нам ішлі насустрач у парадку выключэння. Я ўжо не гавару пра допускі беларусаў да спаборніцтваў і скарачэнне спартыўнага каранціну. Такія кейсы на камерцыйным рынку каштуюць дзясяткі тысяч долараў. Ні з аднаго чалавека мы не ўзялі ні капейкі.

– Не думалі пакінуць кіраўніцтва Фондам?

– Я не трымаюся за пасаду. Ратацыя неабходна – гэта натуральны працэс. Але і для магчымай пераемнасці патрэбны час. Галоўнае – захаваць арганізацыю. Змяняюцца ўмовы працы, людзі прыходзяць і сыходзяць, але імя і рэпутацыя Фонду павінны жыць, – адказаў Апейкін.