Усе навіны
Photo

Арганізатары Парыжа-2024 прадставілі медалі – у кожнай ёсць фрагмент металу з Эйфелевай вежы

8 лютага, 23:50

Арганізатары Парыжа-2024 паказалі залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі Алімпіяды.

У сярэдзіне кожнай узнагароды – шасцігранныя жэтоны масай 18 г, распрацаваныя парыжскім ювелірным домам Chaumet. Яны выраблены з жалеза, узятага з Эйфелевай вежы падчас папярэдніх рамонтных работ, якое потым захоўвалася шмат гадоў у сакрэтным месцы.

Жэтоны маюць шасцігранную форму, таму што французы называюць сваю краіну шасціграннікам з-за яе формы.

На медалях Паралімпійскіх гульняў намаляваны від на Эйфелеву вежу знізу, на іх надрукаваны шрыфтам Брайля надпіс «Парыж-2024». Аўтар шрыфта – Луі Брайль – быў французам.

Усяго стварылі 5084 медалі. Залатыя важаць 529 г і зроблены не з чыстага золата, а з срэбра і пакрытыя 6 г золата. Сярэбраныя медалі важаць 525 г, бронзавыя – 455 г і выраблены са сплаву медзі, волава і цынку.

Парыж-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.

фота: Reuters