Усе навіны

Экс-баскетбаліст Свірыдаў пра бан Беларусі і Расіі: «Правіць русафобія. Трэба свае спаборніцтвы – не патрэбная нам гэтая Еўропа»

14 лютага, 13:01
1

Чэмпіён Еўропы па баскетболе ў складзе моладзевай зборнай Беларусі, а цяпер расійскі акцёр Андрэй Свірыдаў падзяліўся меркаваннем наконт бана беларускіх спартсменаў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Расiйскія і беларускія спартсмены па-ранейшаму застаюцца адлучанымі ад сусветнага спорту. Як вы гэта ўспрымаеце? Ці верыце, што сітуацыя хутка зменіцца да найлепшага?

– Не, не веру, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца. Ідуць сланы, а мопсiкі брэшуць… Правiць карумпаванасць, прадузятасць, русафобія, прадажнасць начальства, якое кіруе еўрапейскімі спаборніцтвамі.

Ідзе вайна супраць усяго рускага, людзі баяцца. Але хто не з намі – той супраць нас. Мы мацнейшыя.

Трэба арганізоўваць свае спаборніцтвы – не патрэбная нам гэтая Еўропа. І не трэба чакаць, што нас пусцяць назад. І ў рэшце рэшт усё ўстане на свае месцы, – сказаў Свірыдаў.

Ураджэнец Магілёва ростам 212 сантыметраў быў вымушаны завяршыць баскетбольную кар'еру ў 25 гадоў з-за траўм. Пасля гэтага ён прайшоў навучанне ў акцёрскай школе ў Лос-Анджэлесе, пасля чаго пачаў здымацца ў музычных кліпах, а потым у расійскіх серыялах.