Усе навіны

Апейкін пра матэрыял «Трыбуны» на яго конт: «Узровень вельмі слабы, чытаць нецікава. Што значыць «супярэчыў самому сабе»? Ёсць паняцце эвалюцыі поглядаў»

22 лютага, 23:05

Кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін пракаментаваў матэрыял «Трыбуны» пра свае пасты ў Facebook наконт справы сузаснавальніка Свабоднага аб’яднання спартсменаў (SOS BY) Андрэя Гнёта, якога могуць дэпартаваць з Сербіі ў Беларусь па абвінавачанні ў нібыта нясплаце падаткаў.

У матэрыяле «Трыбуны» сярод іншага ўказвалася на тое, што спачатку Апейкін у сваім пасце назваў справу Гнёта «відавочна непалітычнай» з аргументам, што Гнёт «дакладна не быў той знакавай фігурай пратэсту, якую б сталі палітычна пераследваць праз нявыплату падаткаў», аднак затым у каментарах напісаў, што «сітуацыя з падаткамі магла быць толькі падставай падаць чалавека ў вышук», а ў наступным пасце ўжо сцвярджаў, што характар справы Гнёта «не мае значэння».

Таксама ў матэрыяле «Трыбуны» гаварылася, што «ў цэлым публічныя заявы Апейкіна не заўсёды стыкуюцца з больш раннімі яго ж выказваннямі: у прыватнасці, у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік БФСС дайшоў ад «нават апасродкаваныя адносіны з такім чалавекам – зашквар» да «маюць рацыю і тыя, для каго Лукашэнка стаў тым, хто не дазволіў уцягнуць беларусаў у багну вайны».

«Жыць трэба так, каб на цябе пісалі заказухі.

Але калі аб’ектыўна (Апейкін не прывёў крытэрыяў «аб’ектыўнасці» – Tribuna.com), то ўзровень матэрыяла [«Трыбуны»] вельмі слабы, чытаць нецікава. Нейкая посная халтура. Аўтару яўна не стае агульнай эрудыцыі, вострага літаратурнага слова і таго, што ў журналістыцы завецца талентам. Уласна я зрабіў бы значна лепш. Ёсць здагадкі, што ўвогуле пісала нейрасетка, бо вельмі падобна (насамрэч на стварэнне матэрыялу прыйшлося выдаткаваць час жывому чалавеку – Tribuna.com).

Нажаль, гэта адкрыта дэманструе імклівую стагнацыю амаль усіх медыя дэмакратычнага сектару. Многія з іх, па сутнасці, ператварыліся ў прапаганду наадварот. Прычыны – брак рэсурсаў і недахоп кваліфікаваных кадраў. Набіраюць учорашніх школьнікаў ці выпускнікоў ЕГУ (па звестках праваабарончага цэнтра «Вясна», у пачатку 2024-га за кратамі ў Беларусі знаходзіліся 32 палітзняволеныя прадстаўнікi медыя – Tribuna.com). Таму выказваю сваю салідарнасць і маральную падтрымку незалежнай прэсе», – напісаў Апейкін у Facebook.

Пазней адзін з каментатараў паста Апейкіна задаў пытанне, ці не супярэчыць сапраўды цяпер кіраўнік БФСС самому сабе больш ранняга перыяду.

«Што значыць «супярэчыў самому сабе»? Ёсць такое паняцце, як эвалюцыя поглядаў», – адказаў на гэта Апейкін.