Tribuna/Іншыя/Блогі/Беларус стаў чэмпіёнам краiны за 8 тысяч км ад Радзiмы – ён у сусветным топе ў гонках на вынослівасць

Беларус стаў чэмпіёнам краiны за 8 тысяч км ад Радзiмы – ён у сусветным топе ў гонках на вынослівасць

А бацька рэстайлiць савецкiя грузавікi.

Аўтар — Pam-pam
16 сакавіка, 06:00
Беларус стаў чэмпіёнам краiны за 8 тысяч км ад Радзiмы – ён у сусветным топе ў гонках на вынослівасць

У канцы лютага 35-гадовы баранавіцкі мотагоншчык Арцём Кунцэвіч узяў нечаканы тытул – як сам паведаміў у сацсетках, «стаў чэмпіёнам Камбоджы і зрабіў шоу для мясцовых хлопцаў». Суседняя з больш вядомым Тайландам азiяцкая краiна знаходзiцца ў больш чым 8 тысячах км ад Беларусi. У Камбоджы ў гэты час года вельмi спякотна – Кунцэвiч спаборнiчаў пры +36 градусах, а траса была сухой і пыльнай. Спартсмену даводзілася хвалявацца, каб матацыкл вытрымаў такія ўмовы, але ўсё абышлося.

Кунцэвіч – шматразовы чэмпіён РБ па мотакросе, чэмпіён па эндура (клас гонак на вынослівасць), пераможца i прызёр міжнародных спаборніцтваў, удзельнік чэмпіянатаў Еўропы, пераможца кубка краін Цэнтральнай Еўропы. Свае першыя крокі ў бок мотаспорту ён зрабіў у 4 гады, калі бацька пасадзіў яго на двуххуткасны мапед. Як успамінаў беларускі спартсмен, тады яго ногі нават не даставалі да падножак, ды і да руля ён дацягваўся з цяжкасцю. Злезці з такога транспарту самастойна ён таксама не мог, таму проста катаўся, пакуль яго не лавіў бацька.

У 12 гадоў Кунцэвіч убачыў у родных Баранавічах рэкламу спаборнiцтваў па мотакросе, разам з бацькам пайшоў паглядзець – i захапiўся. Хлопец угаварыў бацькоў аддаць яго на трэніроўкі.

Кунцэвіч расказвае, што мотаспорт – нятаннае задавальненне, пры гэтым усе выдаткi – з уласнай кішэні. Напрыклад, па словах гоншчыка, у байкаў ужо на другi год спаборнiцтваў назiраецца стомленасць металу, таму трэба набываць новы – а кошт кожнага складае каля 10 тысяч долараў. Дабрацца да месца гонкі таксама няпроста, бо матацыклы для спаборнiцтваў не ставяцца на ўлік і не ездзяць па звычайным дарогам сваёй хадой. Кунцэвiч возiць байк у бусе, якi нагадвае міні-майстэрню. Але цi так даехаў ён аж да Камбоджы – невядома.

Кунцэвіч яшчэ ў дзяцінстве навучыўся рамантаваць матацыкл і нікому не давярае свой байк. Цяпер у спартсмена ёсць свой мотасэрвіс і мотакрама. У 2021-м Кунцэвiчу давялося вырашаць праблему з яшчэ адной «кропкай» у Брэсце – там працаваў прадавец, якому спартсмен давяраў, але ж за спiнай гэты чалавек, падрабiўшы подпiс Кунцэвiча, разарваў дамову арэнды i на тым жа месцы дамовiўся адкрыць уласную краму. Спартсмен у вынiку зняў суседняе памяшканне i рэзюмаваў: «Вось так бывае, быццам давяраеш чалавеку, а ён пацук. У дзевяностыя гэтае пытанне вырашалася значна прасцей».

Апроч iншага, Кунцэвіч займаецца і трэнерствам. У траўні 2023-га ў інтэрв’ю ён распавёў, што кошт групавых заняткаў – каля 40 долараў з чалавека, а індывідуальных – каля 55 долараў.

У кастрычніку 2023-га Кунцэвіч у лiку 450 наймацнейшых гоншчыкаў свету прыняў удзел у гонцы па хард-эндура Sea To Sky, якая праходзіла ў наваколлях турэцкага Кемера. На працягу чатырох гоначных дзён спартсмены пераадольвалі трасу «эндура-стадыён», лясную гонку, горную гонку і асноўную горную гонку – ад мора да вяршыні гары Тахталы з перападам вышынi ў 3 000 метраў. Самы складаны этап змаглі адолець толькі 33 чалавекi. Мотагоншчык з Баранавічаў ва ўсіх гонках дабраўся да фінішу і заняў 9-е выніковае месца.

Бацька гоншчыка Сяргей Кунцэвіч таксама захапляецца тэхнiкай. У яго ва ўласнасцi – шэраг вельмі незвычайных грузавікоў ручнога цюнінгу. Сваю першую такую машыну мужчына набыў у канцы 1980-х – спісаны на металалом з баранавіцкай мэблевай фабрыкі ГАЗ-53. Яна абышлася ў тры тысячы савецкіх рублёў – па кошце амаль новага «Масквіча». Неўзабаве з гаража Кунцэвiча-старэйшага выйшаў «Ізумрудік» – капот быў абцягнуты плёнкай пад кракадзілавую скуру, былi i iншыя элементы дэкору. Машына праславiла мужчыну ў Баранавiчах.

Ячшэ адзiн ГАЗ-53 1971 года выпуску быў набыты гадоў 20 таму прыблiзна за 500 долараў i чакаў свайго часу. На пераробку гэтага грузавiка спатрэбілася амаль тры гады – таму што вялiкая ўвага надавалася дэталям. Спачатку машына была аранжавага колеру, а потым Кунцэвiч-старэйшы перафарбаваў яе ў ярка-жоўты і назваў «Суперпчолка».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты