Усе навіны

Падпісант рэжымнага ліста Кушнір: «Хочацца, каб і з маёй дапамогай моладзь расла ў духу патрыятызму»

28 снежня, 10:16

Экс-фрыстайліст зборнай Беларусі Антон Кушнір расказаў аб сваёй дзейнасці. Нагадаем, Кушнір з'яўляецца падпісантам рэжымнага ліста спартсменаў.

– Як мы з жонкай любім паўтараць: займаемся сучаснасцю і будучыняй, гэта значыць выхаваннем нашых дзяцей.

У прафесійным плане зараз усё часцей прыцягваюся да работы Клуба алімпійскіх чэмпіёнаў, які аб'ядноўвае нашых праслаўленых алімпійцаў, прызёраў і ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнаў свету і Еўропы, заслужаных трэнераў, якія падтрымліваюць алімпійскі і спартыўны рух Беларусі.

Клуб акумулюе ўсю нашу спартовую гісторыю. Гэта тое, што мне блізка як для чалавека, так і для спартсмена. Хочацца, каб, у тым ліку і з маёй дапамогай, наша моладзь расла ў духу патрыятызму, самаўдасканальвалася, развівалася ў спорце.

Клуб быў створаны яшчэ першым нашым алімпійскім чэмпіёнам Сяргеем Лаўрэнцьевічам Макаранкам. Дзякуючы Клубу славутыя спартсмены праводзілі мерапрыемствы, накіраваныя на правільнае выхаванне моладзі. Ведаеце, часам у маладых спартсменаў узнікаюць пытанні ў плане матывацыі і хто, як не алімпійскія чэмпіёны змогуць правільна матываваць пачатковае пакаленне? Неабходна, каб дзеці нечым натхняліся, нешта пачулі з вуснаў больш вопытных спартсменаў, маглі зарадзіць сябе гэтай правільнай энергіяй.

У апошні час дзейнасць Клуба некалькі пацішэла. Таму зараз імкнемся адрадзіць і разнастаіць яго. Нядаўна мне прапанавалі таксама паўдзельнічаць у гэтым. Ідэя падалася цікавай. Важна захоўваць і памнажаць нашы спартыўныя традыцыі, памятаць пра мінулыя поспехі. Бо тыя, хто не памятае сваёй мінуўшчыны, не мае будучыні.

Пакуль, мусіць, заўчасна казаць аб выніках маёй працы. Мне цікава дапамагаць, і хочацца, каб праца прыносіла пэўны плён. Будуць якія-небудзь поспехі, тады можна будзе казаць больш дэталёва пра гэта, – сказаў Кушнір.