Tribuna/Лыжныя вiды/Блогі/Беларускі чэмпіён з Украіны актыўнічае ў Расіі – і ўсміхаўся ля знака пра адэпта акупацыі, чыім прозвішчам памінаюць страты ворагаў

Беларускі чэмпіён з Украіны актыўнічае ў Расіі – і ўсміхаўся ля знака пра адэпта акупацыі, чыім прозвішчам памінаюць страты ворагаў

Плюс нарабіў фота з «армейскімі» калегамі.

Аўтар — bytribuna com
10 лютага, 13:00
Беларускі чэмпіён з Украіны актыўнічае ў Расіі – і ўсміхаўся ля знака пра адэпта акупацыі, чыім прозвішчам памінаюць страты ворагаў

10 гадоў таму ў расійскім Сочы праходзіла зімовая Алімпіяда. На ёй гістарычнага для сябе поспеху дасягнуў беларускі фрыстайл на чале з геніяльным трэнерам Мікалаем Казекам: яго падапечныя ўзялі золата і ў мужчынскай, і ў жаночай лыжнай акрабатыцы. У 2020-х Казеку адправілі на пенсію – не па спартыўных паказчыках, а з-за непажаданасці рэжыму Лукашэнкі. Ну а чэмпіёны Сочы, ураджэнцы Украіны Антон Кушнір і Ала Цупер працягнулі з’яўляцца на рэжымных мерапрыемствах нават пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

У красавіку 2023-га Telegram-канал «О, спорт! Ты – мир!» даведаўся, што падпісант за рэжым Кушнір мае праблемы са здароўем – з-за таго, што доўга не звяртаўся да лекараў, запусціў праблему з хрыбетнікам, што абярнулася моцнай кульгавасцю. Тым не менш хацеў патрапіць у зборную Беларусі трэнерам, аднак сістэма не пусціла (хоць цяпер Кушнір расказвае, што яму прапаноўвалі ледзь не замяніць Казеку).

Зрэшты, здаецца, Кушнір ужо паправіў здароўе – паўдзельнічаў у рэжымным праекце з пераадоленнем перашкод з пажарна-выратавальнага спорту. А цяпер паехаў у Сочы – успамінаць АГ разам з Цупер. Але калі яна не асаблiва выстаўляе напаказ сваю прарэжымную актыўнасць, то Кушнір, які наогул стаў часта нешта посціць у сацсетках апошнія месяцы, выкладвае шмат кантэнту.

У Сочы Кушнір паўдзельнічаў ва ўстроеным мясцовай сістэмай «Дні зімовых відаў спорту» – раздаваў аўтографы разам з групай расіян, якія таксама нешта выйгралі 10 гадоў таму (Расія тады стала лідарам медальнага заліку, аднак потым з-за допінгавага скандалу пазбавілася многіх узнагарод). Былы фрыстайліст актыўна выкладаў фота з тымі, каму наўрад ці паціснуць руку ў ягонай роднай краіне.

Саначніца Таццяна Іванова ў Сочы ўзяла срэбра ў эстафеце (потым яе забанілі за парушэнне антыдопінгавых правіл, але CAS палічыў, што доказаў недастаткова, каб забраць медаль). У красавіку 2022-га Іванова дзякавала кіраўніку расійскага рэжыму Уладзіміру Пуціну за «ўвагу да спорту», а крыху пазней як «армейская спартсменка» гаварыла дзякуй і міністру абароны РФ Сяргею Шайгу за тое, што ён «знайшоў час у сваім шчыльным графіку» на спартсменаў, «нягледзячы на тое, што цяпер вельмі няпростая сітуацыя». Заадно Іванову ўзнагародзілі міністэрскім медалём.

Яшчэ адзін саначнік Альберт Дземчанка браў срэбра АГ-2014 у адзiночных заездах і быў у эстафеце з Івановай (а потым з ёй быў забанены і праз CAS разбанены). Дземчанка – маёр запасу ВС РФ, член прапуцінскай «Адзінай Расіі», ад якой нядаўна стаў дэпутатам рэгіянальнага ўзроўню.

Фігурысты Аляксей Ягудзін (скончыў кар’еру значна раней за 2014-ы) і Дзмiтрый Салаўёў (чэмпіён Сочы ў камандным турніры) цяпер выступаюць у лядовых шоу, прадзюсары якіх наўпрост прапісваюць «узмацненне ўплыву «рускага свету» і іншыя імперскія фармулёўкі, калі падаюць заяўкі на гранты ў пуцінскі фонд. Ягудзін таксама нядаўна казаў, што АГ-2014 – гэта «заслуга Пуціна».

Але Кушнір фатаграфаваўся не толькі са спартсменамі. Вось, напрыклад, ён палічыў патрэбным выкласці здымак у гонар гурта Uma2rman, які рэгулярна ўдзельнічае ў канцэртах у падтрымку вайны ва Украіне.

А быў і вось такі неадназначны кадр: Кушнір побач з таблічкай пра мёртвага чалавека шырока ўсміхаецца і паказвае знакі адабрэння.

Экс-фрыстайліст пазіраваў побач з «дрэвам памяці» спевака Іосіфа Кабзона. Ён нарадзіўся ў Часавым Яры, вырас у Краматорску (абодва гэтыя гарады знаходзяцца ў Данецкай вобласці Украіны, расійская акупацыя да іх не дабралася), у тэхнікуме вучыўся ў Дняпры, а ўжо потым з’ехаў у Маскву і зрабіў там кар’еру пры СССР, а ў Расіі стаў дэпутатам парламента, якім прабыў больш за 20 гадоў. Ва Украіне ў Кабзона былі дзяржаўныя ўзнагароды, ён лічыўся ганаровым жыхаром Дняпра, Краматорска і некалькіх іншых гарадоў.

Якраз падчас АГ-2014 ва Украіне быў пік супрацьстаяння праеўрапейскай апазіцыі з урадам і прэзідэнтам Віктарам Януковічам, якія сабатавалі амаль гатовы дагавор аб інтэграцыі з Еўрасаюзам на карысць сувязей з Расіяй. У выніку Януковіч збег у Расію, а тая, скарыстаўшыся момантам, адразу пасля Гульняў ажыццявiла анексію Крыма. Заадно ўзброеныя прарасiйскія сепаратысты, падтрымку якіх Расiя не прызнавала, але ажыццяўляла, часткова акупавалі Данецкую і Луганскую вобласці Украіны. Кабзон гэта цалкам прывітаў – заяўляў, што нібыта «Крым заўсёды быў расійскім», а ва Украіне знаходзіў «фашысцкі рэжым». Таксама як спявак Кабзон пачаў ездзіць з канцэртамі на акупаваныя тэрыторыі. З-за гэтага ён трапіў пад санкцыі Еўрасаюза, а ва Украіне быў пазбаўлены ўзнагарод і званняў.

Ну а яшчэ імя Кабзона стала хадзячым. 30 жніўня 2018-га спявак памёр – а на наступны дзень у Данецку ўзарвалі кіраўніка самаабвешчанай «ДНР» Аляксандра Захарчанку. Гэта адбылося ў кафэ – ва Украіне распаўсюдзіліся чуткі, што Захарчанка быў на памінках па спеваку, а ў сацсетках сталі іранічна пісаць, што сепаратыст адправіўся «на канцэрт Кабзона». У выніку фраза ператварылася ў своеасаблівы мем – а ў цяперашняй вайне толькі мацней замацавалася ў падліку расiйскіх страт. Увайшлі ва ўжытак і дзеясловы «закабзоніць» і «закабзоніцца» – гэта значыць «забіць» і «загінуць» у адносінах да акупантаў.

Сочынскую актыўнасць Кушніра ў Instagram суправаджае лайкамі і каментарамі маці спартсмена Любоў – прычым на ўкраінскай мове.

Мяркуючы па акаўнце Любові Кушнір, яна працягвае жыць на захадзе Украіны. Пасты піша па-ўкраінску – тэмы вайны там не знайсці, затое ёсць любоў да роднай украінскай зямлі. Яе працягваюць рэгулярна атакаваць ракетамі і дронамі сіламі краіны, на дзяржмерапрыемствы ў якую ездзіць сын жанчыны.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты