Tribuna/Лыжныя вiды/Блогі/Два сезоны працы з Дашчынскiм – два фрыстайл-трыумфы аўстралійкi: была вундэркiндам у iншым вiдзе, у Беларусь прыязджала па медалi

Два сезоны працы з Дашчынскiм – два фрыстайл-трыумфы аўстралійкi: была вундэркiндам у iншым вiдзе, у Беларусь прыязджала па медалi

Любiць экстрым – нават у спартзале.

Аўтар — Pam-pam
12 сакавіка, 06:00
Два сезоны працы з Дашчынскiм – два фрыстайл-трыумфы аўстралійкi: была вундэркiндам у iншым вiдзе, у Беларусь прыязджала па медалi

10 сакавіка вызначылася ўладальніца Вялікага крыштальнага глобуса сезона-2023/2024 ў Кубку свету па лыжнай акрабатыцы – той самай дысцыплiны фрыстайла, з якой звязаныя магутныя алiмпiйскiя поспехi беларускай зборнай легендарнага Мiкалая Казекi.

Трафей другi год запар забрала 34-гадовая аўстралійка Даніэль Скот, на рахунку якой ёсць таксама бронзавы i два срэбраных медалi ЧС (а вось з АГ не шло – 9-е, 12-е i 10-е месцы). Праўда, новы тытул дастаўся Скот у вынiку не вельмi стройнага рашэння функцыянераў. Перад апошнiм этапам КС у казахстанскiм Шымбулаку лiдарам з невялiкiм адрывам у 12 балаў была амерыканка Вінтэр Вінекі. На самом этапе спартсменкi правялi квалiфiкацыю – а перад фiналам на схiл лёг густы туман. I тут арганізатары вырашылі адмянiць фiнал – а ў якасцi вынiкаў этапу залічыць кваліфікацыйныя. Яны ў Вiнекi былi дрэнныя (10-е месца) – але ж, магчыма, яна ўсё адыграла б у фiнале.

Скот жа ў квалiфiкацыi стала другой – i вось так абскакала супернiцу ды стала трыумфатаркай сезону, не выйграўшы нiводнага з шасці этапаў (чатыры разы была другой, аднойчы трэцяй ды аднойчы шостай).

«Я проста неверагодна шчаслівая, бо гэта ўвасабленне мары – двойчы выйграць глобус. Кожны скачок вельмі важны, нават калі гэта кваліфікацыя», – сказала Скот пасля ўрачыстай цырымоніі.

А з узнагародай трэба павіншаваць i беларускага трэнера Дзмітрыя Дашчынскага, якi ўзначальвае штаб аўстралійскай зборнай па лыжнай акрабатыцы. Двухразовы прызёр Алімпіяды, якi пасля кар’еры дапамагаў Казеку ў зборнай Беларусi, у 2022-м змянiў кантынент – i адразу пачаў фiксаваць поспехi. А Скот з новым трэнерам стала браць «глобусы».

Скот свае першыя крокі ў спорце рабіла ў спартыўнай гімнастыцы і ўжо к 5 гадам трапіла ў элітную школьную праграму, дзе даводзілася трэніравацца па 25 гадзін на тыдзень. У 7 гадоў Скот стала самай юнай дзяўчынай у гiсторыi Аўстраліі, якой прапанавалi спартыўную стыпендыю для элітных атлетаў.

У падлеткавым узросце Скот вырашыла, што ў гімнастыцы не спраўдзіцца яе алімпійская мара – таму што аўстралійская гімнастычная праграма, на думку спартсменкi, была недастаткова моцнай i не давала патрэбнай канкурэнцыi. Тады знаёмая фрыстайлiстка Джэкi Купер прапанавала Скот паспрабаваць лыжную акрабатыку. Дзяўчына да гэтага ніколі нават не каталася на лыжах i, пакуль вучылася стаяць на iх, увогуле не ўяўляла, як яна будзе рабiць скачкi. Але ж з цягам часу ўсё атрымалася.

Новы від спорту патрабаваў пэўнай працы над целам – Скот трэба было ўмацоўваць ягадзіцы, спіну і корпус. Дзяўчына да гэтага часу вельмі любіць крос-фіт і часта дзеліцца відэа з трэніровак. Некаторыя практыкаванні ў выкананні Скот выглядаюць нечакана. Вось, напрыклад, як часам выглядае праца аўстралійкi з гантэлямі – яна трымаецца на адной руке.

У вольны ад спаборніцтваў час Скот любіць пакатацца на горным ровары, дастаць скейтборд ці адправіцца на сёрфінг. Кампанію ў падарожжах дзяўчыне часта складае яе залацісты рэтрывер па мянушцы Генры.

Мяркуючы па сацсетках Скот, яна не любiць сядзець на месцы. I атрымлівае задавальненне ад экстрымальных вiдаў адпачынку – водныя лыжы, сноўборд, матацыкл, дайвінг, скачкі з тарзанкі.

З-за спорту аўстралійка бывала і ў Беларусі. У лютым 2016-га яна стала другой на этапе Кубка свету ў Раўбічах, а праз год паўтарыла сваё дасягненне.

Перамога Скот у агульным заліку сезона-2023/24 стала трэцім трыумфам аўстралійскіх фрыстайлістак за тры дні пасля залатога дубля Джакары Энтані ў могуле і падвойным могуле.

Фота: інстаграм Скот

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты