Tribuna/Футзал/Блогі/Каманда Драгуна пабывала ў далёкай РБ – амаль згуляла з акупанцкай «ДНР» там, адкуль шлюць натоўпы на смерць ва Украіну

Каманда Драгуна пабывала ў далёкай РБ – амаль згуляла з акупанцкай «ДНР» там, адкуль шлюць натоўпы на смерць ва Украіну

Кажуць, адмовіць было нельга.

Аўтар — bytribuna com
13 студзеня, 15:03
3
Каманда Драгуна пабывала ў далёкай РБ – амаль згуляла з акупанцкай «ДНР» там, адкуль шлюць натоўпы на смерць ва Украіну

5 снежня 2023-га на сайце асацыяцыі аматарскага футбола расійскай Рэспублікі Бурація апублікавалі вынікі лёсавання традыцыйнага турніру па футзале «Кубак Улан-Удэ», у якім удзельнічаюць як аматары, так і прафесіяналы. Дарэчы, сайт выглядае вельмі звыкла для беларускага заўзятара – там паведамляюць пра «чэмпіянат РБ», дзе гуляе БДУ. Але, зразумела, літара «Б» у такіх скарачэннях кадуе Бурацiю.

А ў ліку ўдзельнікаў «Кубка Улан-Удэ» знайшоўся «Мінск» – футзальная каманда клуба з“яўляецца бронзавым прызёрам двух апошніх розыгрышаў ЧБ, а нядаўна прыцягнула ўвагу падпісаннем Станіслава Драгуна. Спачатку ўключэнне ў заяўку экс-футбаліста называлі піяр-ходам, але потым ён пачаў з“яўляцца на пляцоўцы і нават забіваць.

Удзел «Мінска» ў турніры ў далёкім горадзе, да якога ад сталіцы Беларусі нават па найкарацейшай лініі 5 тысяч кіламетраў (і няма прамых авіярэйсаў), здзіўляў у першую чаргу тэрмінамі: «Кубак Улан-Удэ» праходзіў з 4 па 8 студзеня, а ўжо 13 студзеня ў Магілёве былі запланаваныя паўфіналы Кубка Беларусі (куды «Мінск» паспяхова выйшаў). Галоўны трэнер «Мінска» (і зборнай Беларусі па сумяшчальніцтве) Аляксандр Чэрнік і сам прызнаў, што турнір у Расіі быў «па тэрмінах зусім недарэчы», але без падрабязнасцей дадаў: «Адмовіць было нельга».

Увогуле, 3 студзеня пасля начнога пералёту (праўда, з Мінскам ва Улан-Удэ розніца ў пяць гадзін, там ужо была раніца) каманда «Мінска» апынулася ў аэрапорце «Байкал», дзе яе ўрачыста сустрэлі хлебам, соллю і хадаком (гэта хустка – сімвал павагі да гасцей). Але не абышлося і без нейкіх жанчын са шматлікімі сцягамі Расіі.

Да турніру «Мінск» падышоў не надта сур“ёзна – не натхніў і прызавы фонд у 1 мільён расійскіх рублёў (прыкладна 11 тысяч долараў). Чэрнік наўпрост сказаў, што задач ва Улан-Удэ не ставілі, а ў выязны склад не ўключылі некалькіх лідараў (ды і Драгун не паляцеў). Затое на пляцоўку актыўна выходзіў трэнер каманды Ігар Федарынчык, а з плей-оф падключыўся і сам 46-гадовы Чэрнік. Ён у першы дзень турніру расказваў, што і мяч, і паркет на турніры адрозніваюцца ад звыклых у Беларусі.

«Мiнск» выйграў сваю групу з нічыёй і дзвюма перамогамі, у тым ліку над камандай, заяўленай як зборная Манголія U-23 (праверыць мы не змаглі), у 1/8 фіналу толькі па пенальці прайшоў «Аян» з Чыты, які гуляе на рэгiянальным узроўні, а ў 1/4 саступілі «Іраэра» – лідарам сваёй зоны расійскага Д2. Але гэта было не ўсё – «Мiнск» згуляў два матчы «суцяшальнага» плэй-оф, але абодва разы саступіў па пенальці камандам абласных ліг, ангарскаму «Гранд-Байкалу» і хабараўскаму «Волату» (нягледзячы на назву, каманда ніяк з нашай краінай не звязаная). У апошнім матчы каманда без прычыны здымала варатара (зрэшты, як і супернік) – каментатар паядынку нават заявіў, што ад прафесіяналаў чакалі большага. Сухі вынік – восьмае месца «Мінска», за якое не вельмі вясёлы Чэрнік атрымаў грамату.

А калі б серыя пенальці з «Гранд-Байкалам» склалася інакш, то ў матчы за пятае месца «Мінск» згуляў бы з «Гвардзейцам» – камандай, якую асобна вылучаў у сваім прысвечаным турніру пасце кіраўнік адміністрацыі Улан-Удэ Ігар Шуцянкоў (яшчэ ён па-імперску піша «Белоруссия»). Расiйскі чыноўнік заявіў, што, «нягледзячы на ўсе жыццёвыя перыпетыі і транспартныя праблемы, ва Улан-Удэ прыбылі футбалісты з нашага горада-пабраціма Данецка».

Пра якiя «перыпетыi» гаворка, вядома даўно. З 2014-га ўкраінскі Данецк акупаваны – спачатку «сепаратыстамі», якіх усімі сіламі падтрымлівала Расія, а затым і Расіяй наўпрост. Узмацніла «праблемы» вайна, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Але «ДНР», як расiйскія сілы назвалі акупаваную тэрыторыю ўкраінскай Данецкай вобласці, усё спрабуюць мацней звязаць з Расіяй прапагандай – у тым ліку і ў спорце. Вось і «Гвардзеец» прыехаў ва Улан-Удэ з вялікім «сцягам» «ДНР». Зрэшты, футзалістаў з акупанцкай тэрыторыі ўжо прымалі ў Беларусі – і тады «Мiнск» з імі гуляў.

Шуцянкоў і адміністрацыя Улан-Удэ, чый кубак, уласна, разыгрываўся ў горадзе, вядома, падтрымліваюць вайну і нават збіраюцца ўстанавiць помнік «героям»-акупантам. У гульнявой зале, праўда, Z-сімволіка ў кадры заўважаная не была – затое «Мінск» выступаў пры вялікім банеры ў падтрымку кіраўніка рэжыму-агрэсара Уладзіміра Пуціна.

А ў цэлым Бурація сумна вядомая сваім удзелам у вайне. Гэта бедны расiйскі рэгіён, у якім шмат вайсковых частак, і служба па кантракце для мясцовых была адным з самых простых спосабаў вырвацца з галечы. У выніку іх масава адправілі на вайну, а ў мабілізацыю дадалі яшчэ каля 20 тысяч чалавек – насельніцтва аказалася «паслухмяным». У выніку па каэфіцыенце смяротнасці на вайне з улікам колькасці жыхароў Бурація займае другое месца ва ўсёй Расіі – вышэй толькі суседняя і такая ж бедная Рэспубліка Тыва.

Вось у такім рэгіёне «Мінск» згуляў у футзал – а затым сабраўся на Радзіме толькі за тры дні да паўфіналу Кубка Беларусі і паспеў правесці тры трэніроўкі. Застаецца паглядзець, які вынік каманда пакажа ў Магілёве.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты