Усе навіны

Сабаленка пра пытанні журналісткі Tribuna.com наконт падтрымкі Лукашэнкі і вайны ва Украіне: «Адчувала, што мне ў вусны спрабуюць укласці словы»

6 чэрвеня, 19:52

Беларуска Арына Сабаленка (№2 WTA) пасля перамогі над украінкай Элінай Світолінай (№192 WTA) у 1/4 фіналу «Ралан Гарос» (6:4, 6:4) прыняла ўдзел у прэс-канферэнцыі, на якой растлумачыла сваю адмову ад правядзення двух папярэдніх.

– Як на ваш мінулы тыдзень паўплывала прэс-канферэнцыя, якая адбылася ў мінулую сераду?

– Так, як мяне прымусілі адчуваць: я адчувала непавагу. Я адчувала, што журналістка спрабуе ўкласці словы ў мае вусны. Мне было некамфортна. Вось тое, што я адчувала. Так, неяк так.

– Ці можаце вы растлумачыць розніцу паміж цяперашнім днём, калі вы прыйшлі сюды, і тымі, калі не прыходзілі пасля папярэдніх двух матчаў?

– Я заўсёды вельмі паважаю прэс-канферэнцыі. Заўсёды адкрытая ў сваіх адказах. І я сапраўды адчувала сябе дрэнна, не прыйшоўшы сюды. Не магла спаць. Праз усе гэтыя дрэнныя пачуцці ў галаве я не магла заснуць. Мне было вельмі дрэнна з-за таго, што я не прыйшла сюды. Я вельмі паважаю ўсіх вас, хлопцы. Вялікі дзякуй, што прыйшлі сюды, што праяўляеце цікавасць да мяне.

Так, мне было вельмі дрэнна з-за таго, што не прыходзіла сюды.

– Відавочна, цяпер да гэтага месца прыкавана шмат увагі. Магчыма, у выніку таго, што вы не прысутнічалі на двух апошніх прэс-канферэнцыях. Азіраючыся назад, ці шкадуеце вы пра гэтае рашэнне? Як вы зараз адчуваеце сябе ментальна?

– Не, я не шкадую пра прынятае рашэнне. Я на самой справе адчула да сябе непавагу, адчувала сябе вельмі дрэнна. То бок «Вялікі Шлем» – гэта ўжо дастатковы ціск, і я проста спрабавала засяродзіцца на сабе, на сваёй гульні.

Я вельмі спадзяюся, што вы, хлопцы, зразумееце мяне, мае пачуцці. Вы ведаеце, што я вельмі паважаю ўсіх вас і заўсёды адкрытая. Вы можаце спытаць усё, што хочаце. Вы атрымаеце ўсю інфармацыю.

Але на апошняй прэс-канферэнцыі я адчула, што мая прэс-канферэнцыя ператварылася ў палітычнае тэлешоу, а я не эксперт у палітыцы. Я проста тэнісістка.

Так, мне проста трэба перавесці дух і засяродзіцца на сваім тэнісе і сваёй гульні. Так, мне добра ў сувязі з тым, што я зрабіла гэта, і мне шкада вас, хлопцы з-за таго, што ў вас не было магчымасці пабалбатаць са мной. Але сёння я тут і я гатова даць адказы на любое ваша пытанне.

– Я спытаў пра гэта Эліну: ці лічыць яна, што гэта дало вам перавагу, бо яна была тут і адказала на мноства складаных пытанняў, а вы не рабілі гэтага апошнія некалькі дзён. Ці не падаецца вам, што магчымасць не сутыкацца з гэтым у апошнія некалькі дзён дала вам свайго роду перавагу?

– Я думаю, што адчувала вялікі ціск на прэс-канферэнцыі, накшталт палітычнага ціску на прэс-канферэнцыях на працягу маіх апошніх інтэрв'ю. Гэта не дало мне ніякай перавагі, таму што мне было вельмі дрэнна і я не магла нармальна спаць. Мне падаецца, гэта не тое галоўнае, з-за чаго я сёння выйграла гэты матч.

– Вы сказалі пасля прэс-канферэнцыі некалькі дзён таму, што не адчувалі сябе ў бяспецы на гэтай прэс-канферэнцыі. Сёння вам задавалі пытанні пра палітыку і пра тое, што адбываецца. Ці адчуваеце вы сябе ў бяспецы сёння?

– Так, адчуваю.

– Чаму?

– Думаю, напэўна, таму, што ў мяне было некалькі дзён, каб адключыцца ад прэс-канферэнцыі, каб сабрацца з думкамі, усвядоміць нейкія рэчы. Так, вось чаму я адчуваю сябе больш бяспечна. І ніхто не ўкладае словы ў мае вусны, так што гэта яшчэ адна прычына, – адказала Сабаленка.