Усе навіны

Расіяніна Рублёва дыскваліфікавалі падчас паўфінальнага матчу ATP 500 у Дубаі – ён назваў лайнсмена дэбілам

1 сакавіка, 21:12

Расійскі тэнісіст Андрэй Рублёў быў дыскваліфікаваны падчас матчу 1/2 фіналу ATP 500 у Дубаі супраць казаха Аляксандра Бубліка.

Пятай ракетцы свету не спадабалася, што суддзя нібыта не зафіксаваў аўт падчас розыгрышу, пасля прайгранага гейма ён падышоў да яго і пачаў крычаць. У трансляцыі было чуваць фразу: «Ты дэбіл».

Іншы лінейны арбітр, пачуўшы гэта, звярнуўся да суддзі на вышцы, якая выклікала супервайзера.

На момант спынення лік быў 7:6 (7:4), 6:7 (5:7), 5:6 на карысць Бубліка.

Згодна з рэгламентам, тэнісіст не толькі не атрымае ўжо заробленыя прызавыя, але і ўжо заробленыя ачкі. З-за апошняга ён апусціцца ў рэйтынгу на 6-е месца, прапусціўшы наперад немца Аляксандра Зверава.