Tribuna/Тэніс/Блогі/20 гадоў таму Беларусь легендарна прыбіла Расію ў тэніс (Ваўчкоў «уваскрэс»!). Вось што сёння з удзельнікамі таго матчу

20 гадоў таму Беларусь легендарна прыбіла Расію ў тэніс (Ваўчкоў «уваскрэс»!). Вось што сёння з удзельнікамі таго матчу

Трэнаванне, сямейная трагедыя, санкцыі ЕЗ і не толькі.

Аўтар — bytribuna com
12 лютага, 11:03
20 гадоў таму Беларусь легендарна прыбіла Расію ў тэніс (Ваўчкоў «уваскрэс»!). Вось што сёння з удзельнікамі таго матчу

Днямі споўнілася 20 год, бадай, самай феерычнай перамозе ў гісторыі беларускага тэнісу. У лютым 2004-га мужчынская зборная на хатняй арэне сенсацыйна абгуляла Расію з цудоўным «ўваскрашэннем» Уладзіміра Ваўчкова – пра гэта шмат напісана і нават сёе-тое праспяванае.

Мы ж раскажам, чым праз 20 гадоў займаюцца гульцы і капітаны (яны ж дэ-факта трэнеры) каманд з той сустрэчы.

Андрэй Каратчэня

Тады. 15 гадоў, лідар еўрапейскага рэйтынгу ў сваёй узроставай катэгорыі, не меў рэйтынгу ATP і матчаў дарослага ўзроўню ў карʼеры, патрапіў у каманду фактычна таму, што больш не было каго заяўляць, супраць расіян не згуляў.

Цяпер. Даўно жыве ў Расіі, гуляе ў аматарах і трэнуе дзяцей у адной з прыватных школ у Падмаскоўі.

Мікалай Давыдзенка

Тады. 22 гады, адзіночны № 52 і парны № 298 ATP, супраць беларусаў не згуляў – як казаў, сам папрасіў не ставіць на матч праз нязручнае для сябе пакрыццё корта.

Цяпер. Жыве ў Маскве з жонкай і трыма дзецьмі, заснаваў тэнісную школу з філіяламі ў Маскве і прыгарадзе нямецкага Кёльна, гуляе на выставачных турнірах, выступае як тэнісны эксперт для розных расійскіх медыяў. У 2023-м ураджэнец Луганскай вобласці Украіны, які маўчыць пра вайну, прыязджаў у Мінск даваць майстар-клас у межах турніру пасольства РФ у Беларусі.

Аляксандр Швец

Тады. 31 год, не меў рэйтынгу ATP, збіраўся заканчваць карʼеру. Паводле слоў Мірнага, быў для іх з Ваўчковым прыкладам, «пастаянна абʼядноўваў на корце і за яго межамі». У матчы ў пары з Мірным саступіў Сафіну з Южным (4:6, 5:7, 6:7), паводле звестак ITF, гэта быў апошні матч Швеца на прафесійным узроўні.

Цяпер. Адкрытай інфармацыі амаль няма. У 2022-м згадваўся як «ідэйны натхняльнік» аматарскай серыі, афіляванай з расійскім тэнісным турнірам «Кубак Крамля», у 2023-м указваўся адным з дырэктараў турніру гэтай серыі. Сам «Кубак Крамля», які ўваходзіў у каляндар WTA і ATP, апошнія два гады не праводзіцца праз санкцыі ў адказ на вайну ва Украіне.

Ігар Андрэеў

Тады. 20 гадоў, адзіночны № 81 і парны № 152 ATP, упершыню быў выкліканы ў зборную Расіі. Быў блізкі да паразы ад Валчкова, але той траўмаваўся – Андрэеву запісалі перамогу (6:7, 7:6, 5:7, 4:4, адмова). Без шанцаў прайграў Мірнаму (3:6, 4:6, 4:6).

Цяпер. З 2018-га стаў капітанам жаночай зборнай Расіі, якая з Андрэевым у 2021-м выйграла Кубак Білі Джын Кінг (фармальна трэнер не пакідаў пасаду, але ў адказ на пачатак вайны ва Украіне зборная Расіі адхіленая ад турніраў). У 2022-м атрымаў званне заслужанага трэнера Расіі. У апошнія гады прыцягваўся да працы на грунце з расіянінам Даніілам Мядзведзевым, які ўваходзіць у топ-3 рэйтынгу ATP. З 2021-га – асабісты коўч расіянкі Анастасіі Патапавай, 27-й ракеткі свету на сёння.

Марат Сафін

Тады. 24 гады, адзіночны № 32 і парны № 284 ATP, у студзені 2004-га дайшоў да асабістага фіналу Australian Open. У першы дзень прайграў Мірнаму з зацягнутым пятым сэтам (6:7, 6:7, 6:1, 6:4, 11:9), у другі ў пары з Южным абгуляў Мірнага і Швеца, а ў трэці, насуперак плану, не выйшаў на корт – расійскі трэнер заявіў, што ў Сафіна ў парным паядынку «ўвага плыла», а «жыццё даражэйшае за вынік».

Цяпер. Уключаны ў міжнародную залу тэніснай славы. У 2010-х быў дэпутатам расійскага парламента ад пуцінскай «Адзінай Расіі», у 2020-м будаваў тэорыі змовы з «чыпізацыяй» наконт каранавіруса, але ўжо пару гадоў наогул не дае каментароў. Па інфармацыі расійскай прэсы, у апошні час жыве ў Маскве са сваімі коткамі на зберажэнні і здачу ў арэнду нерухомасці, падарожнічае, захапляецца нейкімі духоўнымі практыкамі, а за тэнісам сачыць перастаў. Зрэшты, часам гуляе на выставачных турнірах.

Максім Мірны

Тады. 26 гадоў, адзіночны № 22 і парны № 3 ATP. У першы дзень абгуляў Сафіна, у другі ў пары са Швецам саступіў Сафіну і Южнаму, у трэці перамог Андрэева, чым перавёў матч у вырашальную сустрэчу. За ўнёсак у перамогу над Расіяй Мірнаму ўказам Лукашэнку далі ордэн Айчыны ІІІ ступені.

Цяпер. У 2020-м пісаў, што народ Беларусі хоча справядлівых выбараў (потым выдаліў), у 2021-м на чарговы тэрмін увайшоў у камісію спартсменаў алімпійскага камітэта Лукашэнкі. Нягледзячы на гэта і наяўнасць ва ўпраўленні цэнтра свайго імя ў Мінску, жыў з жонкай і чатырма дзецьмі ў ЗША, як трэнер супрацоўнічаў з траўматычным японцам Кеі Нісікоры (некалі чацвёртая ракетка свету, зараз – 349-я). А ў канцы 2023-га зʼявіўся ў Мінску – і панесліся такія навіны, што валасы дыбарам.

Міхаіл Южны

Тады. 21 год, адзіночны № 55 і парны № 170 ATP. У пары з Сафіным выйграў у Мірнага са Швецам (дарэчы, потым Южны не раз гуляў у пары разам з Мірным). А на апошнюю сустрэчу матча выйшаў замест Сафіна – і атрымаў у супернікі «ўваскрэшанага» Ваўчкова, якому прайграў (5:7, 2:6, 4:6). Расійскі трэнер казаў, што па ходзе матчу Южны «патрапіў у псіхалагічную яму», а параза стала для тэнісіста «траўмай, ад якой трэба адысці».

Цяпер. У 2021-м выпусціў аўтабіяграфію «Кропка апоры. Сумленная кніга пра тэніс як гульні і прафесіі». Перыядычна дае каментары пра тэніс, на іншыя тэмы – не. Трэнуе – у апошнія гады супрацоўнічаў з канадскім тэнісістам расійскага паходжання Дзянісам Шапавалавым (пры Южным даходзіў да сусветнага топ-10), нядаўна правёў некалькі заняткаў з №87 ATP чылійцам Крысціянам Гарынам. 2024-ы пачаўся для Южнага трагічна – памерла яго жонка і маці яго траіх дзяцей Юлія, як пісалі ў расійскай прэсе, у яе быў рак.

Уладзімір Ваўчкоў

Тады. 25 гадоў, адзіночны № 121 і парны № 159 ATP. У першай сустрэчы матча праз траўму датэрмінова скончыў з Андрэевым, у апошняй вынес Южнага. Пасля казаў, што па-за Кубкам Дэвіса з такой траўмай не выйшаў бы на матч і што на чацвёрты сэт «чарадзейных» працэдур назе магло б ужо не хапіць. А перамогу называў самым-самым момантам карʼеры – круцейшым, чым паўфінал «Уімблдона» (там Ваўчкоў гуляў у 2000-м). Лукашэнка выпісаў спартсмену ордэн «За асабістую мужнасць».

Цяпер. У 2020-м выступіў супраць гвалту. Пасля год трэнаваў аўстралійку Айлу Тамлянавіч, якая з коўчам вярнулася ў сусветны топ-50. Цяпер Ваўчкоў працуе ў сваёй тэніснай акадэміі ў Турцыі – на сайце пазначана, што трэнер распрацаваў «унікальную сістэму падрыхтоўкі поўнага цыклу» (займацца па ёй каштуе 1500 еўра ў месяц), а ў лік падапечных уваходзяць беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка (№236 WTA), расіянін Алібек Качмазаў (№266 ATP) і казахстанец Даніял Рахматулаеў (№63 у юніёрскім рэйтынгу ITF). Таксама Ваўчкоў праводзіць анлайн-семінары – паслухаць яго аповед аб праблемах дзіцячага тэніса і пераходу з юніёраў у профі каштуе крыху больш за 200 долараў. Экс-тэнісіст жанаты, у сямʼі трое дзяцей.

Шаміль Тарпішчаў

Тады. Шматгадовы капітан зборнай Расіі (на момант матчу – што мужчынскі, што жаночай), у 1990-я – адна з самых уплывовых асоб у краіне ў цэлым праз статус асабістага тэніснага трэнера прэзідэнта Барыса Ельцына, з 1999-га – кіраўнік федэрацыі тэніса Расіі. Славіўся сваімі хітрасцямі, але, падобна, да «ўваскрашэння» Ваўчкова аказаўся не гатовы. Пасля паражэння наракаў, што нібыта «памылак лінейных арбітраў на карысць гаспадароў было больш», а на пытанне, ці можа Беларусь далей па сетцы перамагчы Аргенціну, адказаў, што «калі толькі на лёдзе» (у выніку беларуская каманда на ранейшым пакрыцці выйграла 5: 0).

Цяпер. Усё яшчэ кіраўнік федэрацыі тэніса, усё яшчэ капітан мужчынскай зборнай (якая з 2022-га адхіленая і дэ-факта прыпыніла існаванне), з якой выйграў некалькі Кубкаў Дэвіса. Яшчэ з 1990-х застаецца сябрам выканкама Алімпійскага камітэта Расіі і сябрам МАК – у 2023-м вытрымаў тамтэйшую праверку на адсутнасць падтрымкі вайны ва Украіне. Рэгулярна выступае ў СМІ з каментарамі на розныя тэмы – але ў «вострых» выпадках адкручваецца агульнымі фразамі кшталту «спорт палітызавалі». У 2023-м атрымаў віншаванне з юбілеем ад Пуціна, а яшчэ ў красавіку мінулага года прыязджаў на сустрэчу з Лукашэнкам, які назваў Тарпішчава сваім «настаўнікам па тэнісе». Функцыянер тут жа адказаў: «Я раўняўся на вас – я вучань».

Сяргей Цяцерын

Тады. Капітан мужчынскай зборнай Беларусі з 2003-га (але не першы раз). Рэальны настаўнік Лукашэнкі па гульні ў тэніс (ён у 1990-х патрэбен быў якраз для ўмацавання стасункаў з Ельцыным і мэрам Масквы Юрыем Лужковым) і ў цэлым чалавек з атачэння Лукашэнкі. Пасля перамогі казаў, што «ператварэнне Ваўчкова было тактычным ходам», і дзякаваў Лукашэнку за тое, што «ацаніў нашую працу» – проста на корце, куды выйшаў дыктатар, той паабяцаў (а неўзабаве і выдаў) Цяцерыну той жа ордэн Айчыны, што і Мірнаму.

Цяпер. У 2020-м падпісаў прарэжымны ліст, у 2021-м пакінуў пасаду кіраўніка беларускай федэрацыі тэнісу, затое застаецца блізкім да Лукашэнкі чалавекам, дзякуючы чаму атрымлівае прывабныя ўчасткі зямлі і развівае бізнес. Усё, што трэба ведаць пра гэта і ўвогуле пра Цяцерына, мы расказвалі год таму.

З тых часоў выявілася яшчэ адна схема «бізнесу па-цяцярынску».

З 2021-га за цесныя сувязі з Лукашэнкам Цяцерын знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ.

Бонус

З матчам 20-гадовай даўніны таксама былі звязаны расіянін Дзмітрый Турсуноў (маладога тэнісіста ўзялі з камандай у Мінск адчуць атмасферу Кубка Дэвіса) і беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі (на матчы падлетак быў болбоем). Праз гады абодва папрацуюць з Арынай Сабаленкай – Турсуноў некалькі гадоў быў яе трэнерам, а Васілеўскі ўваходзіць у цяперашнюю каманду падпісанткі за рэжым.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты