Tribuna/Тэніс/Блогі/Якая ж Сабаленка парадаксальная: хоча зарабляць, як мужчына, і пры гэтым аддае перавагу мужчынскаму тэнісу. Ну як так?!

Якая ж Сабаленка парадаксальная: хоча зарабляць, як мужчына, і пры гэтым аддае перавагу мужчынскаму тэнісу. Ну як так?!

Нелінейная логіка.

Аўтар — Pam-pam
26 красавіка, 13:16
Якая ж Сабаленка парадаксальная: хоча зарабляць, як мужчына, і пры гэтым аддае перавагу мужчынскаму тэнісу. Ну як так?!

У Арыны Сабаленкі хапае розных роляў. Як звычайная дзяўчына яна імкнецца адшукаць сваё сапраўднае каханне. Як прафесійная тэнісістка хоча выйграць як мага больш турніраў і зарабіць як мага больш грошай. Ну а як сучасная жанчына стаіць за раўнапраўе, каб у тым жа спорце мужчыны не мелі неабгрунтаванай, на яе думку, перавагі ў прызавых грошах. Сабаленка не можа сфармуляваць зразумелага стаўлення да вайны ва Украіне, ёй цяжка разабрацца, што за палітычныя працэсы адбываюцца на Радзіме, але наконт грошай яна мае адносна акрэсленую пазіцыю, якую выклала яшчэ ў мінулым годзе падчас US Open.

– Жанчыны заслугоўваюць тых жа грошай, што і мужчыны. Мы многім ахвяруем. Вельмі шмат працуем. Нельга сказаць, што мы нічога не робім, а нам пасля плацяць столькі ж. <...> Так, узровень, магчыма, розны. У мужчын ён вышэйшы. Яны мацнейшыя і лепшыя за нас, але мы ўсё адно шмат працуем і заслугоўваем аднолькавую аплату.

Ужо тады падыход выглядаў досыць хісткім. Мужчыны гуляюць лепей за нас і маюць вышэйшы ўзровень, але зарабляць мы хочам столькі ж. І чамусьці непрагавораным застаўся фактар інтарэсу гледачоў. Усё ж пры фармаванні эканомікі турніраў гэта мае вялікае значэнне: на якія гульні ідуць заўзятары, колькі яны гатовыя плаціць за квіткі, што яны глядзяць па тэлебачанні.

І вось пасля нядаўняга вылету з чвэрцьфіналу Штутгарта Сабаленка яшчэ больш здзівіла. Ладна тое, што шмат тэніса яна не глядзіць – гэта робяць трэнеры, якія пасля распавядаюць пра якасці суперніц.

Але вось жа сюрпрыз: калі падпісантка за Лукашэнку ўсё ж дабіраецца да трансляцый, то аддае перавагу мужчынскаму тэнісу, а не жаночаму. «Мне здаецца, там больш стратэгіі. Яго цікавей глядзець», – прастадушна кажа Сабаленка, якая разам з наймацнейшымі тэнесісткамі планеты не так даўно звярнулася да WTA з патрабаваннем, каб арганізацыя забяспечыла аднолькавыя прызавыя з мужчынамі, а яшчэ гарантавала фінансавы мінімум (вышэйшы, чым у мужчын) і давала кампенсацыі ў выпадку траўмаў.

Ці не бачыце вы супярэчнасцяў у рыторыцы Сабаленкі-тэнісісткі і Сабаленкі-глядачкі?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты