Tribuna/Футбол/Блоги/Главным тренером «минспортовского» DMedia стал Алкашик, он же Бука. Его игровая карьера полна приключений

Главным тренером «минспортовского» DMedia стал Алкашик, он же Бука. Его игровая карьера полна приключений

Никита Букаткин и его залеты.

Автор — bytribuna com
28 февраля, 20:00
Главным тренером «минспортовского» DMedia стал Алкашик, он же Бука. Его игровая карьера полна приключений

У аўторак мінскі клуб DMedia, які мае намер удзельнічаць у расійскай аматарскай медыялізе, абʼявіў аб прызначэнні галоўным трэнерам 35-гадовага Мікіты Букаткіна. Раней ён выступаў за каманду як футбаліст. DMedia – не першы трэнерскі досвед для Букаткіна, уладальніка ліцэнзіі В. У мінулым сезоне ён адначасова ўзначальваў і быў гульцом-капітанам у роднай СДзЮШАР «Дынама», якое ў сталічнай групе Д3 заняла сёмае месца з дзевяці. Паралельна Букаткін займаўся ў школе з дзецьмі 2014 года нараджэння. У гэтае міжсезонне ён паспеў абазначыцца ў аматарскім «Велесе» з Віцебску, які як галоўны трэнер вывеў на спарынг з «Энергетыкам-БДУ» (1:3).

Букаткін – адзін з самых яркіх і камічных персанажаў у беларускім футболе апошніх гадоў. Для медыяфутбола гэта несумненны плюс. Вось у якія прыгоды трапляў новы трэнер праекту, які курыруецца лукашэнкаўскім «Мінспорта».

З першага клуба быў адлічаны за парушэнне рэжыму

Першым прафесійным клубам для футбаліста стаў «Шахцёр». Там Букаткін аказаўся ў 2005-м, а праз чатыры гады быў адлічаны разам з Аляксеем Сучковым. Кіраўніцтва клуба заяўляла пра парушэнне спартыўнага рэжыму.

Неўзабаве ў «Прэсбол» патэлефанаваў Сучкоў і сказаў, што ён «быў абсалютна цвярозы і адэкватны», а звольнілі яго праз адмову здаваць кроў. Потым сваю пазіцыю прагаварыў дырэктар клуба Вадзім Філіповіч. Ён расказаў, што звальненне адбылося па артыкуле Працоўнага кодэкса, у якім гаворка вядзецца пра «распіццё спіртных напояў, ужыванне наркатычных або таксічных сродкаў у працоўны час або па месцы працы».

«Імкнуся забыцца на гэта. Было і было», – праз гады каментаваў гісторыю Букаткін. Пазней хаўбек увогуле дзякаваў «Шахцёру» за звальненне, а Філіповічу – за забарону ўязджаць у Салігорск.

У «Нафтане» называлі Алкашыкам

Пасля «Шахцёра» Букаткін зʼехаў у Наваполацк, дзе галоўным быў Ігар Кавалевіч. Трэнер казаў, што знайшоў футбаліста «пад плотам», і зазначаў, што падапечны дзеяннямі на полі нагадваў яго самога: «[Я] Такі тупарылы таксама быў».

У «Нафтане» ў Букаткіна была мянушка Алкашык пры тым, што насамрэч ён не адрозніваўся вялікай любоўю да алкаголю на фоне партнёраў. «Ён чамусьці ўвесь час з півам у выходны. Іншыя сядзяць па барах, а ён раз келіх возьме – і прыляпілася мянушка», – тлумачыў Кавалевіч.

У іншых камандах футбаліста называлі не так крыўдна – Букай.

На спрэчку біў з цэнтра поля галавой

У Наваполацку Кавалевіч любіў заключаць з падапечнымі розныя заклады. Напрыклад, футбалісту прапаноўвалася пасля перадачы з цэнтра поля забіць галавой брамніку з-за межаў штрафной. За выкананае заданне трэнер абяцаў 100 еўра ці на дзень ключы ад свайго аўтамабіля. Міхаіл Гардзяйчук расказваў, што нікому ў «Нафтане» выйграць так і не ўдалося.

Букаткін быў сярод тых, хто намагаўся. Кавалевіч прапаноўваў яму з разгону стукнуць галавой па мячы, які стаяў у цэнтры поля, і пры гэтым пацэліць па варотах. Букаткін каціўся галавой наперад і наносіў удар патрэбнай сілы, вось толькі ў створ не трапляў.

Атрымліваў ад трэнера газетай па галаве

У Кавалевіча і Букаткіна былі асаблівыя стасункі, таму сумесных гісторый хапае.

Неяк пасля няўдалай гульні ў «Нафтане» скасавалі выходны – трэнер даў крос, у якім тэмп залежаў ад колькасці часу на полі гульца напярэдадні. Букаткіну было сказана бегчы з самай высокай хуткасцю – 4.35 за адзін кіламетр. Паўабаронца нагадаў, што ўдзельнічаў у матчы, аднак Кавалевіч папрасіў яго замаўчаць і ўвогуле выказаў упэўненасць у відавочнасці прычын такога рашэння.

У Кавалевіча ў руках якраз быў свежы нумар «Прэсбола». Падчас спрэчкі ён скруціў газету і пачаў біць футбаліста па ілбе: «Не хочаш бегчы 4.35, пабяжыш 4.30».

У выніку Кавалевіч пайшоў чытаць «Прессбол», а Букаткін пагадзіўся на 4.35.

Праз залёт прапусціў вырашальны матч моладзеўкі

У кастрычніку 2010-га моладзевая зборная Беларусі гулялі з Італіяй матчы плей-оф за выхад на чэмпіянат Еўропы. У гасцях каманда Георгія Кандрацьева саступіла 0:2. Пасля вяртання ў Мінск футбалісты адправіліся ў начны клуб, дзе іх пазналі наведнікі. Там зборнікам нагадалі, што матч у адказ ужо праз тры дні і што было б нядрэнна прайграць яго хаця б прыстойным лікам. У адказ ускіпеў галкіпер Аляксандр Гутар і паабяцаў перамагчы італьянцаў 3:0.

Праз некалькі дзён беларусы былі мацнейшымі менавіта з такім лікам, аднак Букаткіна не аказалася нават у заяўцы праз залёт. Справа ў тым, што пасля начнога клуба ён адправіўся не ў гатэль, дзе жыла каманда, а дадому ў Курасоўшчыну. Там позна прачнуўся і на дзесяць хвілін спазніўся на тэорыю. Кандрацьеў не дазволіў гульцу далучыцца да занятку, а яго асістэнт Кавалевіч адправіў Букаткіна ў Наваполацк трэнавацца з клубам.

Мог пайсці прадаваць на рынак сухары (Кавалевіч раіў пракладкі)

У стартавых турах чэмпіянату-2018 «Іслач», за якую на той момант выступаў Букаткін, прымала «Нёман». Напярэдадні матчу паўабаронца запісаў відэа, у якім заявіў, што калі «ваўкі» не забʼюць гарадзенцам, то ўсёй камандай адправяцца на рынак гандляваць сухарамі.

У той сустрэчы «Іслач» усё ж забіла, але прайграла 1:2. А словы Букаткіна нечакана раззлавалі коўча «Нёмана» Кавалевіча. «Трэба Букаткіну ісці цяпер семечкі прадаваць, а лепш жаночыя пракладкі. Ён сваім памялом лепіць што ні прыйдзе да галавы. Усю гульню правакаваў. Здаецца, я яго з Салігорска браў, такі мужыкаваты быў, а цяпер усю гульню нешта гарлапаніць, стогне, плача», – абураўся спецыяліст.

Не раз правакаваў супернікаў

У белфутболе Букаткін славіўся правакацыямі. Ён не раз падаў на паказ пасля сутыкненняў з супернікамі, і тыя атрымлівалі карткі.

Адзін з самых яркіх артыстычных эцюдаў адбыўся ў тым жа 2018-м, калі Букаткін пасварыўся з паўабаронцам БАТЭ Яўгенам Яблонскім. Будучы падпісант праўладнага ліста пхнуў апанента пасля таго, як той нешта сказаў на яго адрас. Букаткін заваліўся на газон, а Яблонскі атрымаў прамую чырвоную картку.

Пасля матчу Букаткін запэўніваў, што сказаў Яблонскаму «Куды ты скачаш?», і нібыта не разумеў, чаму супернік так адрэагаваў. Барысавец жа казаў пра пастаянныя правакацыі з боку гульца «Іслачы».

Пасля інцыдэнту ў Instagram «Іслачы» зʼявілася фота Букаткіна з кнігай. На вокладцы быў надпіс «Што я насамрэч сказаў Яблонскаму». Паўабаронца паабяцаў раскрыць таямніцу, калі пост набярэ 100 лайкаў. Неабходную колькасць сабралі за 40 хвілін, але Букаткін так і не стрымаў слова.

Счапіўся ў падтрыбунцы з Біёнчыкам

Сезон-2019 завяршаўся пераходнымі матчамі за права выступаць у вышэйшай лізе паміж «Дняпром» і «Рухам» Букаткіна. На магілёўскім стадыёне «Спартаку» справа дайшла да пенальці, якія лепш выканалі брастаўчане.

Яшчэ падчас дадатковых таймаў у Букаткіна на полі адбыўся канфлікт з паўабаронцам «Дняпра» Юрыем Казловым. Пасля серыі пенальці футбаліст «Руху» стаў выкрыкваць грубасці на адрас супернікаў, іх галоўнага трэнера Івана Біёнчыка і заўзятараў. (асцярожна, на відэа шмат брыдкаслоўя)

У падтрыбунным памяшканні пачалося высвятленне адносін. Вядома, што там Букаткіна сустрэў Біёнчыка, які прыціснуў яго да сцяны і падняў за грудкі. Потым магілёўцы выклікалі Букаткіна з раздзявалкі «Руху» на размову. Сітуацыя настолькі абвастрылася, што прыйшлося падключаць носьбітаў формы.

Пазней Букаткін прызнаў, што «можа, нешта крыкнуў на эмоцыях», але зноў не стаў удавацца ў падрабязнасці, спаслаўшыся на забыўлівасць.

Другие посты пользователя

Все посты