Все новости

Сямён Букін: «Хачу, каб маёй асноўнай мовай была беларуская, бо лічу яе сваёй роднай»

30 июля 2022, 11:04

Беларускі гімнаст Сямён Букін і артыст цырка «Дзю Салей» у сваім першым беларускамоўным інтэрвію распавёў «Нашай Нiве» пра тое, чаму ён вырашыў часьцей размаўляць на роднай мове.

–  Я пачаў пакрысе пераходзіць на беларускую мову недзе ў 2019 годзе, пасля паездкі па працы ў ЗША. Гулялі па Дэтройце з двума хлопцамі з Расіі, з кім я тады сябраваў. Паправіў аднаго з іх, хто вымавіў слова няправільна — раней любіў гэта рабіць, бо ў мяне матуля-настаўніца і яна таксама мяне часта папраўляла. Пачалі гутарыць пра мову, і ён мяне папракнуў: маўляў, вы, беларусы, сваёй мовай не карыстаецеся, яна вам не патрэбная. Скончылася ўсё спрэчкай, але я адчуў, што мову сваю трэба вывучаць, і тым беларусам, хто яе не ведае, павінна быць сорамна.

- Ты зусім вырашыў адысці ад рускай мовы?

– Зусім адысці ад рускай мовы я не змагу, але хачу, каб маёй асноўнай мовай была беларуская, бо лічу яе сваёй роднай. Калі гутару па-беларуску з украінцамі, яны мяне разумеюць і размаўляюць са мной на ўкраінскай.

Неяк меў дрэнны настрой, бо начытаўся навін, і вырашыў гутарыць па-беларуску і з рускімі таксама. Але гэта цяжка, бо людзі табе нічога не зрабілі, а твая беларуская мова быццам крыўдзіць іх. Бачыў, што калі рускія бачаць, як я па-беларуску гутару з украінцам, ім непрыемна, то-бок ёсць у іх такі схаваны імперыялізм, які праяўляецца ў нелюбові да іншай мовы. На жаль, не маю і такога беларускага асяроддзя, якое разумела б маё імкненне да роднай мовы і беларускасці.

- Ты перавёў бы ўсю краіну на беларускую мову?

– Калі б мог, то паспрабаваў бы зрабіць так, але не гвалтоўна, гвалтоўна не будзеш мілы. Але жадаю, каб Беларусь гутарыла па-беларуску. Расійскую мову не забараняю, але адзінай афіцыйнай мовай павінна быць беларуская, – сказаў Букін.