Tribuna/Футбол/Блогі/Іньеста, Пэдэрсан, Хюбшман і яшчэ 9 футбалістаў, якія, аказваецца, дагэтуль гуляюць

Іньеста, Пэдэрсан, Хюбшман і яшчэ 9 футбалістаў, якія, аказваецца, дагэтуль гуляюць

Ёсць удзельнікі Еўра-2004 і нават ЧС-2002

Аўтар — Бона Сфорца
14 кастрычніка, 04:44
Іньеста, Пэдэрсан, Хюбшман і яшчэ 9 футбалістаў, якія, аказваецца, дагэтуль гуляюць

Калі Златан Ібрагімавіч і Джанлуіджы Буфон завяршылі свае кар'еры, узнікла адчуванне, што эпоха футбалістаў нулявых канчаткова завяршылася (калі не ўлічваць Месі і Раналду).

Аднак у сусветным футболе да гэтага часу бегаюць гульцы, за якімі мы сачылі яшчэ 15-20 гадоў таму. Мы сабралі самых цікавых такіх персанажаў у адну падборку. Некаторыя сапраўды вас здзівіць.

Мортэн Гамст Пэдэрсан, 42 гады

«Ранхейм», Д2 Нарвегіі

Тыя, хто сачыў за АПЛ у нулявых, напэўна запомнілі магутныя ўдары і дакладныя падачы гэтага нарвежца ў складзе «Блэкберна». Мортэн Гамст Пэдэрсан – адзін з тых, хто ніколі не гуляў за топ-клуб, але ўсё роўна прыкоўваў да сябе ўвагу. Яму ўжо 42 гады, але ён працягвае гуляць, хоць і не на самым высокім узроўні.

У перыяд з 2020-га па 2022-і Пэдэрсан насіў футболку сціплага «Альта», які праводзіў свае хатнія матчы ў манежы на штучным пакрыцці. Але гэта не перашкаджала яму тварыць прыгажосць. Цікава, што ў адным з сезонаў, гуляючы за гэтую каманду, Мортэн Гамст забіў 3 (!) галы прамымі ўдарамі з кутніх. Прызнаваўся, што такіх галоў у тым розыгрышы магло быць і больш, бо яшчэ некалькі разоў трапляў у штангу.

У гэтым годзе Пэдэрсан падпісаў кантракт з другалігавым «Ранхеймам». Цяпер ён не гуляе на флангах паўабароны, а размяшчаецца ў цэнтры, выконваючы ролю глыбіннага плэймэйкера, што гэта не перашкодзіла мець нядрэнную статыстыку ў бягучым сезоне – 15 матчаў, 2 галы, 1 асіст.

Чаму ён не хоча вешаць буцы на цвік? Адкажа сам Пэдэрсан: «У мяне найлепшая праца ў свеце. Мне пашанцавала, я шмат працаваў, каб не атрымліваць траўмы, і гэта галоўная прычына, па якой я [да гэтага часу] магу гуляць у футбол».

Роке Санта Крус, 42 гады

«Лібертад», Д1 Парагвая

Падобна, у нулявых у «Блэкберне» гульцам давалі нейкае зелле футбольнага даўгалецця, бо Роке Санта Крус таксама дагэтуль бегае. Хоць парагваец больш запомніўся сваімі выступленнямі за «Баварыю», але ў складзе «Роверс» выдатна рабіў сваю працу – амаль тры дзясяткі галоў за два сезоны.

Вы здзівіцеся, але і на пятым дзясятку Санта Крус мае нядрэнную статыстыку. З 2019-га мае на рахунку 65 галоў за «Алімпію» і «Лібертад». Заўзятары першых да гэтага часу не могуць дараваць яму пераход у склад канкурэнта, але гэта было вымушанае рашэнне. Цікава, што з 2016-га Роке штогод падпісвае выключна аднагадовыя пагадненні са сваімі клубамі.

У гэтым сезоне справы ў форварда, які гуляў яшчэ на ЧС-2002, ідуць не вельмі крута – часцей ён выходзіць на замену на апошнія 15-20 хвілін. Безгалявая серыя ў чэмпіянаце ў нейкі момант дасягнула 14 матчаў, але на пачатку кастрычніка трэнер даверыў Санта Крусу месца ў асноўным складзе на матч супраць «Гвайрэньі», а форвард аддзячыў голам і асістам.

Оскар Кардоса, 40 гадоў

«Лібертад», Д1 Парагвая

А вось і чыннік, па якой Санта Крус не мае стабільнага месца ў аснове ў гэтым сезоне. Оскару ўжо 40 гадоў, але ў 2023-м ён мае проста цудоўную статыстыку – 20 галоў і 6 асістаў за «Лібертад». Хоць і рэдка гуляе ўсё 90 хвілін, але ў асноўным выходзіць у аснове, ды яшчэ і з капітанскай павязкай.

Улічваючы такую форму ветэрана, не здзівімся, калі Кардоса яшчэ і ў зборную вернецца. Апошні раз ён гуляў за яе два гады таму.

Томаш Хюбшман, 42 гады

«Ябланец», Д1 Чэхіі

Украінская Tribuna.com у красавіку згадвала Хюбшмана ў адным з матэрыялаў: «Нядаўна адзначыўся голам і выніковай перадачай. У першай частцы сезона крыху выпаў праз зламанае запясце. Па-за полем Томаш вельмі актыўны – выдаў сваю аўтабіяграфію, здымаецца ў рэкламе і розных шоу, а нядаўна патрапіў у Залу Славы чэшскага футбола за перамогу моладзевай зборнай Чэхіі на Еўра ў 2002 годзе».

Тут можна дадаць хіба тое, што з моманту выхаду таго тэксту Хюбшман больш не траўмаваўся, але і месца ў аснове «Яблонца» дастаецца яму далёка не заўсёды. У новым сезоне былы гулец зборнай мае толькі 4 выхады ў аснове, яшчэ столькі ж разоў з’яўляўся на поле з лаўкі, а пяць матчаў наогул правёў у запасе.

Кантракт гульца заканчваецца ў ліпені 2024-га, таму, хутчэй за ўсё, гэта апошні сезон у кар’еры чэха, які выходзіў яшчэ ў кваліфікацыі ЛЧ супраць «Пюніка» 20 гадоў таму.

Лісандра Лопес, 40 гадоў

«Сарм’ента», Д1 Аргенціны

Гісторыя гэтага аргентынскага форварда, якога вы можаце памятаць па «Порту» і «Ліёне», вельмі незвычайная. У апошні час у кар’еру Лісандра часта ўмешваюцца сямейныя праблемы. Напрыклад, у студзені 2021-га ён перайшоў у «Атланту Юнайтэд», але пакінуў клуб пасля двух матчаў праз смерць бацькі.

Лопес вярнуўся ў родны «Расінг», забіў 4 галы, а ў лістападзе таго ж года аб’явіў, што завяршае кар’еру. Пайсці на гэты крок яго прымусіла хвароба маці. Клуб зладзіў яму кранальнае і маштабнае развітанне.

Аднак затым Лісандра адмовіўся ад сваіх слоў – і падпісаў кантракт з «Сарм’ента», за які да гэтага часу бегае. 40-гадовы форвард з’яўляецца капітанам каманды, аднак статыстыка ў 2023-м не вельмі ўражвае – усяго 2 галы і 1 асіст за 27 матчаў. Затое атрымаў ажно 7 жоўтых.

Фэліпэ Мэла, 40 гадоў

«Флуміненсе», Д1 Бразіліі

Фэліпэ запомніўся гульнёй за «Ювентус», «Інтэр» і зборную Бразіліі на пазіцыі апорніка, але цяпер дзейнічае ў цэнтры абароны. Яго «Флуміненсе» ідзе 7-м у чэмпіянаце, а сам гулец хоць і не мае стабільнага месца ў аснове, але сёлета прыняў удзел у 39 матчах. Сярод аднаклубнікаў – Марсела і Ганса.

З цікавага – у чэрвені гэтага года ў матчы Кубка Лібертадорэс супраць «Рывер Плейт» Мела ўвязаўся ў скандал. Падчас сустрэчы ён выканаў пеўня, звяртаючыся да трыбун хатняга стадыёна аргенцінскага клуба. У справу ўмяшалася аргенцінская паліцыя – яна вынесла папярэджанне за правакацыйны жэст, прычым зрабіла гэта проста ў распранальні пасля матчу.

Федэрыка Маркеці, 40 гадоў

«Хамрун Спартанс», Д1 Мальты

40-гадовымі брамнікамі ўжо мала каго здзівіш, аднак Федэрыка мае цікавую гісторыю. Галкіпер, які правёў 3 матчы за зборную Італіі на ЧС-2010, сёння выступае за «Хамрун Спартанс» – клуб з Мальты. Больш за тое – у новым сезоне ён хоць і згуляў пакуль толькі ў адным матчы ў мясцовым чэмпіянаце, затое правёў 6 у еўракубках (2 у кваліфікацыі ЛЧ і 4 у кваліфікацыі ЛК). Маркеці прапусціў аж 15 галоў у гэтых сустрэчах, а ягоная каманда так і не выйшла ў групавы этап.

Федэрыка ўпарта не хоча завяршаць кар’еру, хаця зусім нядаўна ў яго была шасцімесячная паўза – з ліпеня 2022-га па студзень 2023-га ён шукаў клуб. У загалоўкі СМІ трапляў рэдка, хіба што з неспартыўных прычынаў. Напрыклад, у студзені 2021-га супрацоўнік аўтамыйкі не справіўся з кіраваннем магутнага «Ферары» брамніка – і разбіў машыну зоркі.

Андрэс Іньеста, 39 гадоў

«Эмірэйтс», Д1 ААЭ

Штотыдзень назіраючы за Хаві на трэнерскай лаве «Барселоны», у галаве мімаволі складалася ўражанне, што Іньеста таксама, відаць, ужо кагосьці трэнуе. Іх пара ў легендарнай камандзе «блаугранас» успрымалася адзіным цэлым. Аднак герой фіналу ЧС-2010, у адрозненне шматлікіх аднагодкаў, усё яшчэ гуляе.

Экс-паўабаронца «Барселоны» гэтым летам далучыўся да футбольнага клуба «Эмірэйтс» (ААЭ) на правах свабоднага агента. Пагадненне Іньесты разлічана да канца сезона-2023/24. На цяперашні момант на ліку іспанца 1 гол і 1 асіст у 12 матчах за новы клуб.

А з 2018 года Іньеста выступаў за японскі «Вісел Кобэ». Там ён правёў 134 матчы, у якіх аформіў 26+25.

Лукас Падольскі, 38 гадоў

«Гурнік Забжэ», Д1 Польшчы

Чэмпіён свету, які гуляў ажно на Еўра-2004, пасля сыходу з топ-лігі заехаў у госці ў «Вісел Кобэ» (так, як і Іньеста), а таксама выступаў за турэцкія «Галатасарай» і «Антальяспор». А ў 2021-м вярнуўся на Радзіму бацькоў – гуляе за польскі «Гурнік Забжэ».

У бягучым сезоне яго каманда ідзе ў ніжняй палове табліцы, а на ліку Падольскага 1 гол і 2 асісты ў 12 матчах сезона.

Мігел Вялозу, 37 гадоў

«Піза», Д2 Італіі

Гулец зборнай Партугаліі, які шмат гуляў у Серыі А, а таксама за кіеўскае «Дынама»,гэтым летам Мігел пайшоў на паніжэнне. Пасля заканчэння кантракта з «Вероной» партугалец далучыўся да «Пізы» з Серыі Б на правах свабоднага агента. Велозу – адзін з самых дасведчаных гульцоў каманды, таму часта выходзіць у аснове. Пакуль – 9 матчаў і 1 асіст.

Нані, 36 гадоў

«Адана Дэмірспор», Д1 Турцыі

Партугалец выйграваў Лігу чэмпіёнаў у складзе «МЮ» яшчэ ў 2008-м, але з сярэдзіны мінулага дзесяцігоддзя вандруе па розных краінах і кантынентах. Паспеў пагуляць і ў ЗША, і ў Аўстраліі, і ў Італіі, нават ненадоўга вяртаўся ў родны «Спортынг».

А пасля прыжыўся ў чэмпіянаце Турцыі. Улетку падпісаў кантракт з «Аданай Дэмірспор» па схеме 1+1. Гэта ўжо другі заход Нані ў турэцкую лігу – у сезоне 2015/16 ён згуляў 47 матчаў за «Фенербахчэ», дзе вызначыўся 12 разоў.

У бягучым сезоне мае 2 галы і 2 асісты ва ўсіх турнірах.

Федэрыка Македа, 32 гады

«Анкарагюджу», Д1 Турцыі

Італьянцу ўсяго 32 гады, але ў гэта цяжка паверыць, бо галоўным хайлайтам яго кар’еры дагэтуль застаецца красавіцкі хатні матч «МЮ» супраць «Астан Вілы» у 2007-м.

Калі нехта прапусціў або забыўся – манкуніянцы вялі барацьбу за тытул, а Македа ўпершыню трапіў на лаўку асноўнага складу каманды Фергюсана. Калі пасля гадзіны гульні бірмінгемцы вялі ў ліку 2:1, сэр Алекс вырашыў выпусціць Федэрыка. За 10 хвілін да канца Раналду зраўняў лік, а ў кампенсаваны час Македа забіў найважнейшы пераможны гол.

Федэрыка спачатку актыўна адпраўлялі ў арэнды, а ў 2014-м канчаткова пакінуў «МЮ». Усяго мае 12 клубаў у кар’еры, гуляў і ў Італіі, і ў Германіі, і ў Грэцыі, і ў Турцыі. У студзені гэтага года бегаў у арэндзе за кіпрскі АПАЭЛ, але ўлетку вярнуўся ў «Анкарагюджу».

У бягучым сезоне ў яго ўсяго 12 хвілін у турэцкай Суперлізе, аднак ён паспеў вызначыцца ў нядаўнім матчы супраць «Кайсерыспора».

***

Прысутнасць якога футбаліста найбольш здзівіла вас у гэтай падборцы? Пішыце ў каментарах.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты