Все новости

Крысціна Ціманоўская: «У 2021-м мне прапанавалі дапамогу Нямеччына, Францыя, Швецыя, Чэхія, Польшча і Японія. Але ў Японіі была ўмова 10 гадоў не выязджаць з краіны»

23 верасня, 09:05

Беларуская лёгкаатлетка з польскім пашпартам Крысціна Ціманоўская расказала, якія краіны прапанавалі дапамогу пасля адмовы спартсменкі вяртацца ў Беларусь.

– Ці адчуваеш ты сябе абавязанай Польшчы за дапамогу ў цяжкі момант?

– У цэлым, напэўна, так. Але трэба разумець, што краіну, у якую ехаць, я выбірала сама. І Польшча – гэта маё рашэнне, а не крок ад безвыходнасці. Пры гэтым, безумоўна, зараз я стараюся ўсё аддаваць для сваёй зборнай. Ды і любы чалавек на маім месцы рабіў бы гэтак жа.

– Выбірала сама? У цябе быў шорт-ліст?

– На другі дзень начлегу ў паліцэйскім гатэлі мяне адвялі ў кабінет і паклалі перада мной ліст са спісам краін і нумарамі іх пасольстваў. Там былі тыя, хто прапанаваў дапамогу.

– Якія краіны?

– Германія, Францыя, Швецыя, Чэхія, Польшча і Японія.

– Нават Японія?

- У яе былі вельмі жорсткія ўмовы, на якія я была не згодна: 10 гадоў я не магу выязджаць з краіны, 10 гадоў да мяне не могуць прыязджаць сваякі.

– Магутна.

– Такія ў іх правілы. У Польшчы я атрымала пашпарт праз дзевяць месяцаў. Японцы ж казалі, што гэтыя 10 гадоў у мяне будзе кватэра, дадуць грошы, выдзеляць трэнера. Але столькі гадоў адной? Не ўражвае. Прыйшлося б выйсці замуж за японца, – распавяла Ціманоўская.