Усе навіны

Апейкін як дырэктар па развіцці федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны атрымлівае каля 420 долараў у месяц

9 лютага, 21:30

Кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін распавёў у інтэрв'ю «Зеркалу» пра сваё новае месца працы ва Украіне, а таксама раскрыў падрабязнасці працаўладкавання і матывацыі.

Заўвага. Першапачаткова гэтая навіна мела загаловак «Апейкін пра працу ва Украіне: «Я дырэктар па развіцці федэрацыі лёгкай атлетыкі. На 400 долараў магу дапамагчы працаўладкавацца». Неўзабаве Апейкін заявіў, што «Трыбуна» нібыта «вынесла ў загаловак фразу, якой не было ў інтэрв’ю».

– Калі вам паступіла прапанова працаваць ва Украіне?

– Улетку мінулага года, калі на чале Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны стала Вольга Саладуха. Мы да гэтага ўзаемадзейнічалі па гуманітарных пытаннях, былі ў працоўных групах, якія абмяркоўвалі спартыўныя санкцыі. БФСС ажыццяўляў з яе фондам сумесныя праекты. З моманту ўступлення Саладухі ў пасаду я атрымаў сяброўскае запрашэнне дапамагчы сваімі навыкамі, кампетэнцыямі.

– Чым займаецеся?

– Мая пасада – дырэктар па развіццю. Гэта велізарны кавалак працы, які трэба было пачынаць з нуля па шматлікіх кірунках пры мінімальных рэсурсах. Бо ва Украіне ідзе вайна, складаная сітуацыя ў эканоміцы – зразумела, што ў федэрацыі лёгкай атлетыкі таксама няпростае становішча. Але вырашыў уключыцца, усё ўзважыўшы. Для мяне гэта такі валанцёрскі чэлендж, своеасаблівая місія. І пакуль не пашкадаваў. Хаця з улікам занятасці ў Фондзе спартыўнай салідарнасці спачатку было вельмі цяжка ўсё паспяваць.

– Колькі вы зарабляеце?

– Цяпер аклад сімвалічны – па-мойму, тысяч 16 грыўняў (каля 420 долараў – Tribuna.com). Калі жыць у Кіеве простым жыццём, то, у прынцыпе, нармальна з улікам, што ёсць невялікія назапашванні. Узровень коштаў прыкладна такі, як у Мінску.

– У вас не было праблем з працаўладкаваннем праз беларускі пашпарт?

– Увогуле ніякіх. Цяпер гэта ўжо, хутчэй, стэрэатып – ва Украіне шмат што памянялася ў лепшы бок з пункту гледжання стаўлення да беларусаў. Спакойна працую ў Кіеве. Часам кудысьці выязджаю, але асноўны час праводжу ва Украіне. Калі ў вас ёсць падставы для ўезду і адэкватная антываенная пазіцыя, то можаце спакойна працаваць ледзь не ў любой спартыўнай федэрацыі. Гэта не будзе нешта ў раёне 3 тысяч еўра (каля 3, 23 тысячы долараў – Tribuna.com), канешне, але на 15 000 грыўняў (каля 400 долараў – Tribuna.com) – цалкам. Магу дапамагчы працаўладкавацца (смяецца). Акрамя таго, у Фонду спартыўнай салідарнасці ва Украіне добрая рэпутацыя, за два гады вайны мы рэалізавалі вялікую колькасць гуманітарных праектаў.

– Навошта вам гэтая праца ў федэрацыі?

– Мне не падабаецца, што адбываецца ў грамадскай супольнасці, дэмакратычных сілах Беларусі. Пастаянныя сваркі, узаемныя абвінавачанні, імітацыя бурнай дзейнасці… Усё гэта фруструе. Хацелася рабіць рэальныя рэчы і бачыць канкрэтны вынік. Плюс спартыўны маркетынг, менеджмент – мая родная стыхія. Палічыў сваім абавязкам у такі складаны час дапамагаць краіне, якой сімпатызую. Да таго ж ва Украіне вялікая спартыўная аўдыторыя, шмат магчымасцяў для рознай супрацы. Так, не самыя камфортныя ўмовы для працы. Аднак мяне моцна матывуе ажыццяўленне рэальных праектаў, – адзначыў Апейкін.