Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Майстар з Гомеля зрабіў залатую гітару для Прынса, а ў выніку яна патрапіла да легенды Формулы-1

Майстар з Гомеля зрабіў залатую гітару для Прынса, а ў выніку яна патрапіла да легенды Формулы-1

Во як бывае.

Аўтар — bytribuna com
17 кастрычніка, 16:03
Майстар з Гомеля зрабіў залатую гітару для Прынса, а ў выніку яна патрапіла да легенды Формулы-1

Брытанец Льюіс Хэмілтан – галоўная зорка «Формулы-1» у эпоху пасля Міхаэля Шумахера. Сяміразовы чэмпіён свету і ў свае 38 ідзе ў пуле найлепшых (трэцім у агульным заліку), заяўляе пра жаданне ганяцца яшчэ пару сезонаў (і ўжо працягнуў кантракт з «Мэрсэдэсам»), прэзентуе гонкавы шлем у стылі Duft Punk і можа пахваліцца цудоўнай фізічнай формай.

Хоць сыходзіць з гонкавай трасы Хэмілтан пакуль не збіраецца, затое ўжо ўсім даўно вядома, чым ён напэўна зоймецца пасля спартовай карʼеры. Ужо не раз брытанец казаў у інтэрвʼю пра жаданне прысвяціць сябе музыцы.

- Музыка для мяне – усё, яна сілкуе маю душу. У мяне не вельмі добра атрымліваецца, але гэта нічога, я проста люблю яе больш за ўсё на свеце, – казаў гоншчык.

Падчас адпачынку спартсмен часта бавіць час у студыі гуказапісу і, па звестках з розных крыніц, запісаў ужо некалькі музычных альбомаў, але не спяшаецца дзеліцца імі з публікай: толькі часам у сваіх сацсетках посціць урыўкі кампазіцый. Спартсмен нядрэнна гуляе на піяніне...

...і гітары.

Як чалавек забяспечаны (багацце ацэньваецца больш, чым у 300 мільёнаў долараў), Хэмілтан можа сабе дазволіць не самыя звычайныя інструменты. Яшчэ ў 2011-м гоншчык за 100 тысяч долараў купіў гітару легендарнага амерыканскага выканаўцы Прынса. Усе сродкі пайшлі ў дабрачынную арганізацыю лаўрэата сямі прэмій «Грэмі». Унікальнасць інструмента, на якім Прынс граў падчас свайго тура па ЗША «Welcome 2 America», заключаецца ў тым, што ён цалкам пакрыты лістамі сусальнага золата.

Яшчэ адным характэрным фактам зʼяўляецца тое, што вырабіў гэтую гітару для сусветнай зоркі Юры Шышкоў, які з ранняга дзяцінства (нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, але неўзабаве пераехаў з бацькамі) і да самага пераезду ў ЗША у 24 гады жыў у Гомелі. Там Шышкоў пачаў іграць у школьным вакальна-інструментальным ансамблі «Дружныя хлопцы», а ў 1986 годзе Юры зрабіў і сваю першую гітару.

- Мне падабаўся Рычы Блэкмар, гітарыст Deep Purple, і ў мяне была ягоная фатаграфія з гітарай Fender Stratocaster. Я павялічыў выяву, перанёс на паперу і зняў усе памеры. Так атрымалася ўзнавіць вонкавы выгляд, – распавядаў у адным з даўніх інтэрвʼю Шышкоў.

Сімвалічна, што менавіта як працаўнік Fender Шышкоў і зрабіў легендарную гітару для Прынса. Акрамя таго, экс-гамяльчук працаваў з удзельнікамі гуртоў Led Zepрelin, Kiss, The Jeff Beck Group. Падрабязней пра гітарнага майстра ў новым выпуску YouTube-канала «Міністэрства сепультуры» распавёў Аляксандр Чарнуха – беларускі журналіст і музычны крытык.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты