Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Жонка Гутара ў Італіі ўспамінае свой удзел у «чарнобыльскай праграме» – зараз такому перашкаджае рэжым, перад якім «пакаяўся» брамнік

Жонка Гутара ў Італіі ўспамінае свой удзел у «чарнобыльскай праграме» – зараз такому перашкаджае рэжым, перад якім «пакаяўся» брамнік

Яркае дзяцінства не для ўсіх.

Автор — Alex Zagorski
4 жніўня, 23:59
Жонка Гутара ў Італіі ўспамінае свой удзел у «чарнобыльскай праграме» – зараз такому перашкаджае рэжым, перад якім «пакаяўся» брамнік

2 жніўня былы брамнік БАТЭ, мінскага «Дынама» і «Шахцёра» Аляксандр Гутар стаў спікерам чарговай «пакаяннай» прэс-канферэнцыi. На ёй футбаліст запэўніў, што ні ў якім разе не з'яўляецца апазіцыянерам рэжыму Лукашэнкі, шаблонна заявіў, што трэба «займацца сваёй справай і больш ні ва што не лезці», і сказаў, што пасля ўдзелу ў відэа супраць гвалту не зведаў ніякіх наступстваў для кар'еры – што было асабліва недарэчна чуць ад чалавека, які за ролік быў унесены ў «чорны спіс» «мінспорту» Лукашэнкі і год не гуляў у профі.

А яшчэ Гутар з падачы спортпрапагандыста Сяргея Канашыца зрабіў дзіўную заяву пра патрыятызм. «Лічу сябе патрыётам сваёй Радзімы. Сапраўдны патрыёт павінен працаваць на карысць краіны, імкнуцца да яе развіцця. Патрыёты зараз знаходзяцца ў сваёй краіне, а не за яе межамі», – працытавалі рэжымныя СМІ.

Гэта было дзіўна ўжо таму, што сам брамнік сёлета спакойна з'яжджаў з краіны, каб зарабіць у казахстанскім «Аксу». Ну а ў той самы момант, калі Гутар «каяўся», за межамі краіны знаходзілася ягоная жонка, экс-удзельніца гурта «Лас-Вегас» Марына Някрасава-Гутар. І, як высветлілася, не проста на адпачынку, а ў гасцях – у сям'і, якую ведае больш за 20 гадоў.

Як расказала сама жанчына, такое знаёмства ў яе з'явілася дзякуючы існаванню «чарнобыльскай праграмы». У незалежнай Беларусі дзейнiчалi шмат дабрачынных замежных фондаў, што арганізоўвалі аздараўленне дзяцей, якiя маглi пацярпець з-за наступстваў катастрофы на АЭС у 1986-м. Юных беларусаў бясплатна прымалi ў сябе неабыякавыя сем'i па ўсяму свету – з Італіі, Іспаніі, Велiкабрытанii, Германіі, Францыі, ЗША.

– З 2000 года да 16-годдзя ездзіла ў Італію. Гэта была чарнобыльская праграма. Я шмат хварэла на бранхіт, таму прыязджала на аздараўленне кожнае лета на тры месяцы. Мяне запрашала італьянская сям'я, якая жыве ў Рыме і мае вялікі дом на моры.

Мяне заўсёды прымалі як родную. Мы дагэтуль маем зносіны, яны трапятліва ставяцца да мяне і маёй сям'і. Зараз я прыехала сюды са старэйшым сынам, – патлумачыла Някрасава-Гутар у Instagram.

«Чарнобыльская праграма» дзейнiчае i сёння – радыяцыйнае забруждванне будзе ўплываць на здароўе беларусаў, на жаль, яшчэ доўга. Аднак цяпер дзецям з Беларусі трапiць у Iталiю, як жонка Гутара ў свой час, вельмі складана. Каранавiрус паставiла праграму на паўзу, а калi пандэмiя адступiла, iтальянцы прапанавалi аднавiць зносiны – вось толькi беларускi рэжым прапанову праiгнараваў. Хутчэй за ўсё, так ён перашкаджае дзецям Беларусi ў адказ на санкцыi ў свой бок – краiны Еўрасаюза, у склад якога ўваходзiць Iталiя, даўно ў спiсе «недружалюбных» для рэжыму.

Італьянцы не здалiся – цяпер яны арганізоўваць аздараўленне ў прыватным парадку. Гэта магчыма ў тым выпадку, калі ў беларускіх дзяцей ёсць бацькі, якія даюць згоду на выезд. Але ж ёсць яшчэ адна перашкода: у 2021 годзе Беларусь трапiла пад авiябан – пасля таго, як рэжым Лукашэнкі прымусова пасадзіў на сваёй тэрыторыi рэйс Афiны – Вiльнюс з Раманам Пратасевічам на борце. Але мецэнаты, якія пакрываюць выдаткі на праграму, змаглi ўпрасiць iтальянскiя ўлады зрабiць выключэнне – яны далi «зялёнае святло» на арганiзацыю стабiльнага гуманiтарнага рэйсу для дзяцей з Беларусi ў Iталiю. Вось толькi нават на гэта рэжым Лукашэнкi згоды не даў. У вынiку дзецi, якiя ўсё ж такi дабiраюцца да Iталii, даводзіцца дабiрацца аўтобусам да Варшавы (зараз для пасажыраў адкрыты толькi адзiн памежны пункт з Польшчай, на якiм стабiльна вялiкiя чэргi), а ўжо потым садзiцца ў самалёт. Вiдавочна, такiя «прыгоды» скарачаюць колькасць бацькоў, якiя гатовыя дазволiць сваiм дзецям вандроўку.

Што ж, затое ў сям'i Гутара не прадбачыцца праблем з тым, каб кудысьцi паляцець. Здаецца, на «пакаянне» перад рэжымам брамнiк пайшоў, каб атрымаць кантракт з БАТЭ – а значыць, без грошай не застанецца.

Другие посты блога

Все посты