Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Сёння ў футболе дакладна ёсць тыя, каму значна больш балюча, чым беларусам. І іх зборныя не патрапілі на Еўра, але ёсць нюанс

Сёння ў футболе дакладна ёсць тыя, каму значна больш балюча, чым беларусам. І іх зборныя не патрапілі на Еўра, але ёсць нюанс

Пакуль мы не горшыя за суседзяў.

Аўтар — bytribuna com
21 лістапада, 16:00
Сёння ў футболе дакладна ёсць тыя, каму значна больш балюча, чым беларусам. І іх зборныя не патрапілі на Еўра, але ёсць нюанс

Калі беларусы праз футбол даўно ўжо маюць тупы хранічны боль, які выклікае толькі прыступы жартаў ды кпін, то некаторыя суседзі і некаторыя краіны, над якімі мы яшчэ нядаўна дамінавалі на полі, праходзяць праз больш вострыя фазы. Не таму, што іх каманды гуляюць кепска, а наадварот – гэтыя зборныя да апошняга моманту дарылі спадзеў, але вялікія мары разбіліся аб жорсткія паразы ў заключным туры еўракваліфікацыі. Прыкладна нам балела ў 2001 годзе, калі Беларусь не дала рады ў адборы на чэмпіянат свету-2002 Украіне і Уэльсу. Хаця хто гэта ўжо помніць?

«Матч стагоддзя» прынёс расчараванне Малдове, але там ганарацца камандай

«Матч стагоддзя» – гэтак у Малдове называлі гульню супраць Чэхіі ў заключным туры кваліфікацыі на Еўра-2024. Каманда Сяргея Клешчанкі да апошняга захоўвала шанцы патрапіць на турнір, але трэба было перамагаць у гасцях.

За тры дні да таго малдаване прымалі ў сябе на стадыёне «Зімбру» лідара групы Е – албанцаў. Пра важнасць гульні для краіны сведчыла тое, што яе наведала прэзідэнтка Малдовы Мая Санду. Яна пабывала ў распранальні каманды, за матчам назірала, такое адчуванне, са звычайнай трыбуны. Вось антуражны ролік з арэны. У ім амаль няма расійскай мовы, як няма і світы вакол Санду. Незвычайна, праўда?

Малдова вырвала нічыю з албанцамі толькі ў канцоўцы. Лік 1:1 на 87-й хвіліне зрабіў паўабаронца «Карпатаў» Уладзіслаў Бабагла. Гэта было вельмі дарэчы перад візітам у Аламоўц, але там усё роўна трэба было перамагаць больш рэйтынгава суперніка, які і сам змагаўся за другое (таксама прахадное) месца ў групе. Чэхі досыць хутка выйшлі наперад, але госці досыць доўга заставаліся ў гульні пры больш-менш роўнай статыстыцы. Надзею яны страцілі пасля таго, як у пачатку другога тайма дзве жоўтыя карткі зарабіў той самы Бабагла. У меншасці малдаване прапусцілі яшчэ двойчы і ў выніку фінішавалі чацвёртымі, перадапошнімі.

Радком вышэй размясціліся палякі – яны таксама не здолелі адабрацца на Еўра праз кваліфікацыю, але яшчэ маюць шанец дзякуючы Лізе нацый.

Тым не менш падставы для гордасці за сваіх у малдаванаў засталіся. Напрыклад, найлепшым снайперам групы з чатырма мячамі ў выніку стаў экс-гулец Салігорска і Віцебска Іон Нікалаеску. І нават Роберт Левандоўскі не здолеў гэтаму перашкодзіць. Праўда, на фінішы адбору Нікалаеску так і не здолей вызначыцца. У аўторак у кішынёўскім аэрапорце людзі збіраліся сустракаць каманду. Хоць кампанія скончылася няўдачай, але нагода падтрымліваць сваіх нікуды не знікла.

Украіна яшчэ можа патрапіць на Еўра, як і Польшча

Увогуле, пакуль сітуацыя такая, хто ніхто з суседзяў беларусаў на чэмпіянат Еўропы не адабраўся. Расія не ўдзельнічала ў кваліфікацыі праз вайну ва Украіне. Латвія безнадзейна стала апошняй у групе D. Літва ў групе G з адной перамогай пакінула ззаду толькі Балгарыю, якая цалкам праваліла турнір (4 нічыі і 4 паразы). Польшча правяла не вельмі моцны год, але ў мінулыя выходныя магла закруціць інтрыгу ў сябе ў групе, перамогшы Чэхію, але не здолела гэтага зрабіць на сваім полі, прычым без асаблівых шанцаў на поспех.

Да апошняга змагаліся ў кваліфікацыі ўкраінцы, але ім для поспеху трэба было абавязкова абгульваць Італію. Ніводная з каманд забіць на «Байарэне» ў Леверкузене, хатняй на сёння для нашых суседзяў, не змагла, а проста цяпер шырока абмяркоўваецца, ці слушна арбітр сустрэчы іспанец Хесус Хіль Мансана не даў пенальці пасля падзення Міхала Мудрыка.

У гэтым адборы ўкраінцы няхай і не надта элегантна, але забралі ўсе пункты ў Мальты і Паўночная Македоніі, а вось фаварытаў – Англію і Італію – ні разу перамагчы не здолелі (па разу прайгралі і па разу згулялі ўнічыю). Італьянцы палепшылі шанцы каманды Сяргея Раброва тым, што ў верасні распісалі 1:1 з македонцамі, але ж пасля яны забралі 4 пункты ў украінцаў. Нашыя суседзі зноў жа захоўваюць шанцы на Еўра – таксама праз дадатковы плэй-оф, што звязаны з Лігай Нацый. Прычым адзін з верагодных на сёння супернікаў – Польшча.

Казахстан прапусціў Славенію

Вялікі спадзеў на панядзелак мелі і казахстанцы. У выпадку гасцявой перамогі над Славеніяй яны гарантавана траплялі на Еўра. Але ж і Славенія трапляла на Еўра, не саступіўшы казахстанцам удома. У выніку гаспадары перамаглі 2:1 – толькі яны вялікі ў ліку ў гэтай гульні.

Але ж і Казахстан мае чорны ход на еўрапейскае першынство – ізноў жа праз дадатковы плэй-оф для ўдзельнікаў Лігі Нацый.

Іншыя пасты блога

Усе пасты