Пасля матча Экстракласы невядомы забраў шалік «Шлёнска» ў беларуса за тое, што той размаўляў па-руску. У гісторыі – частковы хэпіэнд
І гэта не адзіны ксенафобны скандал на той гульні.
29 ліпеня з беларусам Канстанцінам, які жыве ва Уроцлаве і заўзее за тамтэйшы «Шлёнск» з Экстракласы, адбылася непрыемная гісторыя, якую можна назваць звычайнай дыскрымінацыяй. Пасля дэрбі супраць «Заглембе» (1:2) невядомы забраў у мужчыны клубны шалік праз тое, што Канстанцін размаўляў са сваім сябрам па-руску. На трэд беларуса ў Twitter (які, дарэчы, сабраў 321 тысячу праглядаў) звярнула ўвагу выданне mostmedia.io.
«Паважаныя заўзятары «Шлёнска» і не толькі, хачу расказаць вам пра выпадак, які здарыўся ўчора пасля дэрбі супраць «Заглембе».
Спачатку дазвольце расказаць крыху пра сябе. Мяне завуць Канстанцін, я з Беларусі і жыву ва Уроцлаве два гады. Я пачаў хадзіць на матчы «Шлёнска» ад моманту пераезду. Абанемент у мяне другі год запар. Хаджу на ўсе матчы на «Тарчынскі Арэне» і цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў клубе. Гэта відаць хаця б з маіх назіранняў у Twitter. Я люблю футбол і ганаруся тым, што магу жыць ва Уроцлаве і хадзіць на матчы «Шлёнска». Заўзею за гэты клуб як за родны.
Пасля матчу мы з сябрам ішлі на прыпынак, і адзін сілезскі заўзятар, пачуўшы, што мы размаўляем па-руску, падышоў да нас і спытаў: «Вы з Польшчы?» Пасля таго, як я адказаў, што мы з Беларусі, ён сарваў мой клубны шалік і сышоў.
Я не меў намеру спрачацца з гэтым чалавекам. Выдатна разумеў яго матывы і не мог размовамі вырашыць гэтую праблему. Напэўна, ён вырашыў, што я не варты насіць шалік «Шлёнска». Я не збіраюся ні вяртаць шалік, ні шукаць, каго вінаваціць. Катэгарычна не хачу. Аднак хачу, каб прыхільнікі «Шлёнска» і польскае грамадства звярнулі ўвагу на падобныя паводзіны.
Судзіць людзей толькі па мове, на якой яны размаўляюць, на мой погляд, - вельмі кепскі падыход да жыцця. Упэўнены, што калі б на маім месцы быў немец ці англічанін, такой сітуацыі ніколі б не адбылося. Нягледзячы на штодзённае «жыццё» з клубам, на думку гэтага спадара, я быў не варты шаліка толькі таму, што размаўляў з сябрам па-руску.
Ва ўсялякім разе, я добра размаўляю па-польску і заўсёды размаўляю з палякамі па-польску. Цікава, што гэты шалік мне падарыў мой польскі сябар.
Я разумею, што пераканаць гэтага спадара будзе цяжка, але для мяне галоўнае, каб грамадскасць звярнула ўвагу на гэтую праблему. Дакладна ведаю, што не ўсе прыхільнікі ў Сілезіі падтрымаюць учынак гэтага чалавека, але мяркую, што тых, хто яго падтрымае, нямала.
Ці можна чакаць, што «Шлёнск» і польскі футбол будуць ведаць у Еўропе з такім стаўленнем? Навошта мне кожны дзень «жыць» польскім футболам і пры гэтым ведаць, што «я не варты» насіць шалік аднаго з польскіх клубаў?
Ведаю, што не змяню свет гэтымі твітамі, але спадзяюся, што хаця б некалькі чалавек зменяць сваё стаўленне. Дзякуй за ўвагу. Гэй, Сілезія!» – напісаў Канстанцін.
Увогуле заўзятары «Шлёнска» перыядычна трапляюць у дыскрымінацыйныя скандалы. На тым жа матчы супраць «Заглембе» ультрас каманды вывесілі анціўкраінскія банэры з надпісамі «Спыніце ўкраінізацыю Польшчы», «Украінцы забівалі дзяцей на Валыні», «80 гадоў ганебнага маўчання Валыні» і гэтак далей. Кіраўніцтва клубу ўжо паабяцала пакараць вінаватых забаронай наведваць матчы.
Што тычыцца сітуацыі з беларусам, у каментары пад допісамі Канстанціна прыйшоў дырэктар «Шлёнска» па камунікацыях Патрык Заленчны – ён выбачыўся ад імя клуба і запрасіў прыйсці забраць новы «спецыяльна падрыхтаваны шалік». Пазней з'явіўся каментар і ад афіцыйнай суполкі клуба:
– Дзякуй за падтрымку і з'яўленне ў нашым клубе. На наступны матч ты абавязкова пойдзеш з новым шалікам сваёй каманды. Падрабязнасці ўдакладняем у дырэкце, мы табе пісалі.
Тым часам астатнія каментатары пад допісам Канстанціна рэагавалі па-рознаму. Некаторыя досыць жорстка:
«Наогул, ты яшчэ павінен па твары атрымаць. Тады, можа б, не пісаў гэтых шматпакутных дысертацый. Прэч за Дон»
«Заўзятары «Шлёнска» не любяць не толькі беларусаў ці рускіх, але і ўкраінцаў. Нядзіўна, што ты страціў свой шалік. Яны проста не жадаюць, каб вы прыходзілі туды»
«Наступным разам размаўляй па-польску»
Але большасць каментароў – спачуванне і падтрымка:
«Мне страшэнна сорамна за нашага «паляка-земляка». Проста ганьба»
«Мне сорамна за гэтага барана, на жаль, заўзятары – тупейшая частка нашага грамадства, поспехаў ва Уроцлаве»
«На жаль, вам сустрэлася звычайная #####. Беларусаў чакаюць ва Уроцлаве, пра што сьведчаць сяброўскія стасункі з беларускімі заўзятарамі з Мінску і акцыі, якія праводзіліся на нашых трыбунах у падтрымку беларусаў. Мне шкада, што гэта здарылася з вамі»
«За крэцінаў, якія нічога не адрозніваюць, прабачце. Я магу купіць табе шалік. Жадаю вам, беларусы, дэмакратычнай і свабоднай краіны»
«Канстанцін, памятайце, што мы, прыхільнікі «Шлёнска», падтрымліваем рухі за свабоду ў Беларусі, і, на жаль, такія няшчасныя выпадкі, як ваш учорашні, толькі паказваюць, наколькі палітыка можа быць шкоднай. Што тычыцца шаліка, я магу арганізаваць для вас новы. Беражы сябе»