Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/Расклады па складзе мінскага «Дынама»: узроставая абарона, мінімум форвардаў і людзей на кантракце

Расклады па складзе мінскага «Дынама»: узроставая абарона, мінімум форвардаў і людзей на кантракце

Вось хто ёсць у Скрыпчанкі проста цяпер.

Автор — bytribuna com
23 снежня, 14:00
3
Расклады па складзе мінскага «Дынама»: узроставая абарона, мінімум форвардаў і людзей на кантракце

На днях галоўны трэнер мiнскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка, з якім нядаўна быў працягнуты кантракт, распавёў пра радасць ад таго, што гульцы клуба карыстаюцца попытам. Аднак гэтая ж акалічнасць напэўна дадае галаўнога болю спецыялiсту. Ужо вядома, што зімой з «Дынама» расстаюцца адразу пяць важных выканаўцаў са складу-2023. Форвард Іван Бахар і абаронца Аляксей Вакуліч едуць у тульскі «Арсенал», хаўбек Данііл Зорын вярнуўся ў маскоўскі «Спартак», а нападаючы Душан Бакіч і краёк абароны Арынья паспрабуюць працаўладкавацца ў іншых чэмпіянатах.

І гэта, магчыма, яшчэ не ўсе страты «Дынама» ў міжсезонне. Скрыпчанка якраз думае пра такія сцэнарыi.

«Да выхаду з адпачынку ў некаторых хлопцаў яшчэ могуць прапановы з'явіцца. Цяпер самае галоўнае – весці перагаворныя працэсы з хлопцамі, у якіх скончыліся кантракты. Хтосьці бярэ паўзу да новага года, каб разгледзець усе прапановы», – падзяліўся галоўны трэнер «Дынама». Нагадаем, што на момант фінішу чэмпіянату ў клуба было толькі шэсць футбалістаў з кантрактамі на наступны сезон.

Нельга выключаць, што мінчане могуць прадаць кагосьці са сваіх гульцоў. Купіць Уладзіслава Марозава летам спрабаваў «Газіянтэпспор», які прапаноўваў за нападаючага больш за 200 тысяч еўра. У Мiнску адказалі, што не жадаюць прадаваць футбаліста. Пасля сезона Марозаў сказаў, што хоча паспрабаваць сябе ў мацнейшым чэмпіянаце і што паспрабуе пагаварыць з кіраўніцтвам пра пераход. Аднак да сярэдзіны снежня рыторыка форварда змянілася – мусіць, гутарка з кіраўніцтвам усё ж адбылася. Цяпер Марозаў заяўляе пра гатоўнасць гуляць за «Дынама» у наступным сезоне з улікам дзейнага кантракту да канца 2025-га. Пры гэтым раней футбаліст прадбачыў цікавасць да сваёй персоны толькі ў студзені – калі адчыняцца трансферныя вокны ў Расіі і Еўропе. Можа, гісторыя яшчэ не закрытая?

Пра магчымые раставанне з «Дынама» абмовіўся і Фёдар Лапавухаў – найлепшы варатар вышэйшай лігі-2023 па версіі расійскага аналага заходніх статыстычных платформ. У гульца вось-вось скончыцца кантракт з клубам. Праўда, статус свабоднага агента яшчэ не зробіць яго бясплатным – новы клуб павінен будзе заплаціць кампенсацыю за выхаванне Лапавухава, якому не споўнілася яшчэ 23 гадоў. Галкіпер гэта разумее, а таму кажа, што калі «нейкія прапановы прыйдуць, то трэба размаўляць з клубам». Але наогул Лапавухаў імкнецца «згуляць у мацнейшым чэмпіянаце, як любы гулец».

На гэты момант вядома пра дзве трансферныя мэты «Дынама». Скрыпчанка не хавае, што клуб зацікаўлены ў цэнтральным абаронцы «Іслачы» Іллі Калачове. 23-гадовы расiянiн апошнія паўтара гады выходзіць у стартавым складзе «ваўкоў», а мінулы сезон адыграў з капітанскай павязкай.

Аднак у Калачова на руках кантракт да ліпеня 2024-га. І калі Скрыпчанка хоча бачыць цэнтрдэфа ўжо на бліжэйшым зборы, то за гэта давядзецца заплаціць. Партал Transfermarkt у пачатку снежня павысіў трансферны кошт Калачова да 400 тысяч віртуальных еўра – але гэтая сума выглядае празмернай для сённяшняга ЧБ, і складана ўявіць, каб любімы клуб чыноўнікаў заплаціў столькі. Што цікава, у тым жа інтэрв'ю Скрыпчанка адзначыў здольнасць «Дынама» і «Іслачы» дамаўляцца пра пераходы. І як прыклад узгадаў леташні абмен Марозава на Глеба Роўду і Дзмітрыя Латыхова (21-гадовы Роўда паўдзельнічаў у 27 матчах і забіў шэсць мячоў, 20-гадовы Латыхоў з'явіўся на полі 25 разоў пры адным голе).

Цікавасць да Калачова можа намякаць на тое, што ў «Дынама» вядзецца праца па змене цэнтра абароны, хоць у сезоне-2023 па гэтай лініі вялікіх пытанняў не было (21 прапушчаны мяч у 28 матчах – лепшыя лічбы толькі ў «Тарпеда-БелАЗ»). На фінішы ў «Дынама» ў ростэры было адразу пяцёра цэнтральных абаронцаў – 37-гадовы Аляксандр Сачыўка, 33-гадовыя Сяргей Паліцевіч і Аляксей Гаўрыловіч, 25-гадовы Максім Швяцоў і 21-гадовы Уладзіслаў Калінін. Таксама на гэтай пазіцыі выходзіў 30-гадовы Раман Бегуноў. З гэтай кампаніі кантракт на наступны год мае толькі Калінін – значную частку мінулага сезона ён прапусціў з-за разрыву меніска. З усімі ўзроставымі выканаўцамі трэба дамаўляцца – цікава, ці будзе «Дынама» зазіраць у пашпарт? У другой частцы чэмпіянату гулялі якраз ветэраны, пакуль маладыя сядзелі ў запасе.

Таксама паведамляецца пра цікавасць з боку «Дынама» да правага фулбэка Сяргея Карповіча, у якога скончыўся кантракт з «Нёманам». Футбаліст правёў змястоўны сезон (у тым ліку здолеў праявіць сябе ў зборнай) і атрымаў статуэтку найлепшага абаронцы чэмпіянату-2023. Увага мінчан да 29-гадовага Карповіча выглядае лагічна. Пасля раставання з Арынья і Вакулічам у ростеры засталося ўсяго два крайнія абаронцы, прычым абодва правыя, з досведам гульні за першую каманду – гэта Бегуноў і 18-гадовы дублёр Захар Холадаў, якога ў 2023-м Скрыпчанка двойчы выпускаў у Кубку. Праўда, у абодвух таксама вось-вось скончацца дамовы з «Дынама».

Магчыма, Скрыпчанка бачыць Карповіча на левым флангу абароны, дзе ў «бела-блакітных» зараз не засталося выканаўцаў (хоць з улікам статыстыкі гульца ў Гродне – 4 галы і 8 перадач у 24 матчах чэмпіянату – гэты манеўр можа здацца марнатраўным). Няхай Карповіч лічыцца правым дэфам, аднак некалькі разоў выходзіў злева, выступаючы за «Кайсар» і «Балтыку». Прыкладна такі ж досвед гульні на пазіцыі маецца ў цэнтральнага паўабаронцы Арцёма Быкава.

Калі казаць пра астатніх гульцоў, якія сыходзяць з «Дынама», то замест Бахара злева наперадзе могуць згуляць Глеб Жэрдзеў, Павел Сядзько або Алег Нікіфарэнка. Але і ў іх кантракты заканчваюцца ў 2023-м. Пасля заканчэння арэнды Зорына на яго пазіцыі могуць згуляць Аляксандр Свірэпа, Арцём Быкаў, Антон Пуціла, Мікіта Дземчанка ці Аляксандр Сялява. Кантракты на наступны сезон ёсць толькі ў двух апошніх.

Прыйдзецца шукаць замену Бакічу, чый агент, па інфармацыі турэцкіх крыніц, сустракаўся з прадстаўнікамі «Фенербахчэ». Марозаў няхай і не супраць памяняць чэмпіянат, але звязаны з клубам кантрактам, а Уладзімір Хвашчынскі ў канцы снежня стане свабодным агентам. Іншых форвардаў у складзе «Дынама» не было.

Дзеля пошуку ўнутраных рэзерваў можна прыгледзецца да тых, каго аддавалі ў арэнду ў іншыя клубы. У канцы сезона-2023 у «Дынама» было адразу 13 такіх гульцоў: пяцёра набіраліся досведу ў вышэйшай лізе, яшчэ восем - у Д2. Лепш за ўсіх праявіў сябе Арцём Каратай у «Славіі». Для 19-гадовага кіпера мінулы сезон стаў дэбютным у вышэйшай лізе – і пераканаўчым: дзевяць «сухароў» і 24 прапушчаных мяча ў 25 матчах.

Вярнуўся ў «Дынама» з арэнды цэнтральны абаронца «Іслачы» Кірыл Радзівонаў. 23-гадовы футбаліст 17 разоў з'яўляўся ў стартавым складзе «ваўкоў». Таксама стабільную гульнявую практыку ў вышэйшай лізе атрымлівалі правы абаронца Аляксандр Міхайленка («Энергетык-БДУ», 22 гады, 1+1 у 25 матчах) і левы вінгер Ілля Дубінец («Слуцк», 19 гадоў, 4+4 у 15 матчах), які першую палову чэмпіянату правёў у дынамаўскім дублі.

Зрэдку Скрыпчанка даваў гульнявую практыку 20-гадоваму паўабаронцу Івану Хавалку, які ў двух матчах «вышкі» ў суме правёў 24 хвіліны. Таксама нельга выключаць, што трэнер зімой дасць шанц праявіць сябе яшчэ камусьці з другой каманды, якая ў 2023-м выйграла першынство дублёраў, страціўшы толькі два ачкі за ўсе матчы.

19-гадовы нападаючы Максім Будзько стаў найлепшым бамбардзірам турніру – за 24 матчы вызначыўся 22 разы, гэта значыць забіў кожны пяты мяч каманды. Нядрэнную статыстыку мелі ў дублі 19-гадовы Іван Арлоў (13 галоў у 22 матчах) і 17-гадовы Трафім Мельнічэнка (10 галоў у 18 матчах).

І Будзько, і Мельнічэнка ў Юнацкай лізе УЕФА па разе засмуцілі варатароў «Лудагорца» і «Майнца».

Другие посты блога

Все посты