Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/Як беларусу патрапіць у топ-клуб? Гісторыя Гурэнкі, за якога «Рома» нават заплаціла на 1 млн долараў больш, чым прасілі

Як беларусу патрапіць у топ-клуб? Гісторыя Гурэнкі, за якога «Рома» нават заплаціла на 1 млн долараў больш, чым прасілі

Амаль цуд, няхай і не калядны.

Автор — bytribuna com
25 снежня, 23:59
1
Як беларусу патрапіць у топ-клуб? Гісторыя Гурэнкі, за якога «Рома» нават заплаціла на 1 млн долараў больш, чым прасілі

Пераход летам 1999-га Сяргея Гурэнкі ў «Рому» стаў першым трансферам беларуса ў топ-клуб за суверэнную гісторыю нашай краіны. Да таго Сяргей Алейнікаў зʼяжджаў у «Ювентус», але гэта было яшчэ ў часы СССР.

Некаторыя дэталі таго, як рымляне падпісвалі Гурэнку, на днях раскрыў былы прэзідэнт маскоўскага «Лакаматыва» Валерый Філатаў. Па словах функцыянера, гэта былі самыя незвычайныя перамовы ў ягоным жыцці. Ад італьянскага боку ў іх удзельнічаў Франка Сэнсі – алігарх і ўласнік «Ромы» з 1993-га да сваёй смерці ў 2008-м.

«Цікавы дзядзечка. Ён ужо быў ва ўзросце (72 гады – Tribuna.com), мы сустрэліся ў адным з рымскіх рэстаранаў. Спытаў: «Валерый, колькі ты хочаш за Гурэнка?» – «Чатыры мільёны долараў». Сэнсі паморшчыўся: «Чатыры? Не-е-е…» Зрабіў паўзу – і ўскрыкнуў: «А вось пяць дам!» Усё, па руках! Я і сам не зразумеў, чаму ён так сябе павёў», – распавёў Філатаў.

У тым ужо далёкім трансферы былі і іншыя цікавосткі.

Усё пачалося з Фабіа Капэла. На той момант трэнер ужо чатыры разы выйграваў з «Міланам» чэмпіянат Італіі, а таксама браў Лігу чэмпіёнаў у сезоне-1993/94. Пасля расстання з «расанеры» у траўні 1998-га коўч зрабіў гадавы перапынак у карʼеры. Капэла не толькі адпачываў, але і каментаваў матчы, а таксама выступаў экспертам на канале Radiotelevisione Italiana.

Пад фініш сезона-1998/99 Сэнсі заняўся пошукам новага галоўнага трэнера. Боса не задаволіла выніковае пятае месца «Ромы» – да лігачэмпіёнскага чацвёртага радка не хапіла толькі аднаго пункта. Так і зʼявіўся варыянт з запрашэннем у Рым Капэла. У траўні 1999-га Фабіа ўзначаліў «Рому». «Капэла – пераможца, і я веру ў яго», – заявіў Сэнсі. Разам з трэнерам у клуб прыйшоў спартыўны дырэктар Франка Бальдзіні.

У гэты ж час «Лакаматыў» з Гурэнкам уражваў на еўраарэне. Як і годам раней, масквічы дабраліся да паўфіналу Кубка ўладальнікаў кубкаў. У абодвух выпадках важную ролю ў камандзе Юрыя Сёміна выконваў 26-гадовы беларус – ён праводзіў усе матчы ад званка да званка.

У красавіку 1999-га «Лакаматыў» выйшаў у паўфінал і патрапіў на іншую рымскую каманду – «Лацыа». У абодвух матчах Сёмін выкарыстоўваў схему з адным гульцом на флангу і аддаваў калідоры беларусам. Злева выходзіў Гурэнка, справа – Андрэй Лаўрык. У абодвух матчах з «Лацыа» яны адгулялі па 90 хвілін.

Першая гульня праходзіла ў Маскве. На 62-й хвіліне «Лока» адкрыў лік, аднак праз чвэрць гадзіны госці зраўнялі лічбы на табло. Гурэнка на левым флангу не здолеў спыніць Дэяна Стойкавіча, пасля прастрэлу якога Ален Бокшыч адправіў мяч у вароты (адзнака 1:20).

Пасля маскоўскай нічыі 1:1 каманды праз два тыдні сустрэліся на «Стадыё Алімпіка». Не без удзелу Гурэнкі рымляне стварылі адзін са сваіх самых небяспечных момантаў. Падчас першага тайма беларус страціў мяч каля ўласнай штрафной, што ледзь не абярнулася голам (адзнака 0:13).

Той матч завяршыўся без галоў. Масквічы другі сезон запар вылецелі ў паўфінале Кубка кубкаў па правіле выязнога мяча.

Тыя гульні па італьянскім тэлебачанні каментаваў якраз Капэла, паралельна ведучы перамовы з «Ромай». Нягледзячы на памылкі ў матчах з «Лацыа», краёк спадабаўся трэнеру. Тым больш італьянец ужо ведаў гэтага беларуса. І тут ізноў не абышлося без працы на тэлебачанні.

У сакавіку 1999-га Капэла каментаваў гульню зборных Італіі і Беларусі. Тады Гурэнка вывеў каманду з капітанскай павязкай. Гасцявы матч завяршыўся нечаканай нічыёй 1:1. Ураджэнец Гродна правёў усе 90 хвілін.

Журналісцкая версія тых часоў распавядае, што дзякуючы менавіта тром вясновым матчам 1999-га Капэла заўважыў Гурэнку і заявіў Сэнсі, што хоча бачыць беларускага абаронцу ў сваёй новай камандзе. Гурэнка з такой трактоўкай падзей не згодзен.

«Там, перш чым падпісаць футбаліста, за ім доўга і ўважліва сочаць. Ужо ў Італіі даведаўся, што да скаўтаў «Ромы», аказваецца, я на аловак патрапіў даўно, яшчэ ў сярэдзіне 90-х, неўзабаве пасля дэбюту ў зборнай Беларусі», – нядаўна распавёў ужо былы спартовец.

У іншым інтэрвʼю Гурэнка ўдакладняў, што Капэла яго заўважыў яшчэ ў 1994-м па матчы супраць Нарвегіі (0:1). Нібыта трэнера ўразілі агрэсіўны адбор, пастаянны ціск на суперніка і вялікі абʼём працы.

Пасля другога матчу з «Лацыа» абаронца згуляў за «Лакаматыў» супраць «Сатурна» (3:0) і «Жамчужыны» (4:1) у чэмпіянаце Расіі (сочынцам нават забіў), а затым невытлумачальна для заўзятараў знік са складу каманды. Але хутка ўсё стала зразумела. Кіраўнікі «Лока» і «Ромы» якраз дамовіліся наконт перахода Гурэнкі. Пры гэтым сам футбаліст не быў у курсе перамоваў і даведаўся пра іх выпадкова. Тагачасны паўабаронца «Ромы» Дзмітрый Аленічаў патэлефанаваў апорніку «Лакаматыва» Юрыю Драздову і распавёў, што беларуса ўжо прадалі ў Рым. Аднаклубнік набраў Гурэнку і паведаміў нечаканую навіну, а той вельмі здзівіўся, але ў наступныя дні працягваў рабіць выгляд, што ні пра што не здагадваецца.

Беларус не загружаў сябе засцярогамі, што пераход можа сарвацца.

«Больш хвалявала іншае. Мяне чакае суперклуб, у якога мэта заўсёды – скудэта, і адзін з найлепшых трэнераў свету. Уяўляю, думаў я, якія тамака патрабаванні. Захліствалі эмоцыі, хацелася прыехаць у «Рому» і скокнуць вышэй за галаву, даказаць, што нездарма на мяне звярнулі ўвагу, адразу прабіцца ў аснову», – успамінаў Гурэнка.

Толькі праз паўтара тыдня кіраўніцтва «Лакаматыва» паведаміла абаронцу аб трансферы.

«Прэзідэнт майго «Лакаматыва» Валер Філатаў сказаў, што ёсць кантракт з вось такімі ўмовамі, што мяне хоча бачыць Капэла. Адказаў: «Мне прыемна, што мной зацікавіўся такі клуб і такі трэнер, але я хачу стаць чэмпіёнам з «Лакаматывам». На што Філатаў сказаў: «Чэмпіёнам станеш, калі вернешся. А ад такіх прапаноў не адмаўляюцца», – у іншым інтэрвʼю дзяліўся Гурэнка.

Падпісаўшы неабходныя паперы, футбаліст паляцеў у Італію. Там беларуса пазнаёмілі з базай і правялі трохгадзінны медычны агляд. Як толькі дактары далі дазвол, з футбалістам падпісалі кантракт адразу на пяць гадоў і правялі прэс-канферэнцыю. Некаторыя крыніцы сцвярджалі, што рымляне выклалі за навічка нават шэсць мільёнаў долараў. Гурэнка радаваўся, што дапамог зарабіць масквічам, бо за чатыры гады да таго яны заплацілі «Нёману» ў сто разоў менш.

Пераход беларуса ў пятую каманду Серыі А зачапіў некаторых гульцоў «Лока». Яны не маглі зразумець, чаму «Рома» абрала не іх.

«Пра такі кантракт, як у мяне, можна было толькі марыць. Але шчасціць, лічу, тым, хто больш гэтага жадае. Не на словах – на справе», – парыраваў Гурэнка.

Зрэшты, і ў Італіі той пераход зразумелі не ўсё. Там прызвычаіліся, што «Рома» купляе зорак. За год да Гурэнкі за 15 мільёнаў долараў у Рым пераехаў нападаючы «Крузейра» Фабіа Жуніёр. У адно трансфернае акно з беларусам гульцом «джаларосі» стаў форвард Вінчэнца Мантэла, за якога «Сампдорыя» атрымала 28 мільёнаў долараў. Наступнай зімой у «Рому» з «Перуджы» за 23,5 мільёнаў долараў перабраўся Хідатосі Наката. Гэтыя футбалісты былі на слыху ў Італіі, і іх набыццё не выклікала пытанняў. Пра Гурэнку ў 1999-м на Апенінскім паўвостраве ведалі хіба што эксперты.

Травеньскім вечарам пасля прэзентацыі беларус паляцеў з Рыма. Да расстання з «Лакаматывам» Гурэнка паспеў правесці яшчэ адзін матч – 90 хвілін з «Аланіяй» (4:1). Праз тры тыдні на хатняй гульні з «Шыннікам» (4:1) «чыгуначнікі» зладзілі абаронцу праводзіны. Гурэнка ў гарнітуры выйшаў на бегавую дарожку, дзе пад апладысменты паўтаратысячнай публікі атрымаў ад адміністратара клуба памятную футболку і мячы, якія тут жа адправіў на трыбуны. Відавочцы ўспамінаюць, што ад урачыстай абстаноўкі футбаліст «быў крыху разгублены».

У ліпені Гурэнка паляцеў у Рым на першы збор сваёй новай каманды. Яна стане ў выніку чэмпіёнам Італіі пры Капэле. Вось толькі беларус да гэтага ўжо не будзе мець дачынення.

Другие посты блога

Все посты