Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Перамога Дзіксана, спрэчнае другое месца Херты і іншыя падзеі этапу IndyCar у Лонг-Біч

Перамога Дзіксана, спрэчнае другое месца Херты і іншыя падзеі этапу IndyCar у Лонг-Біч

25 красавіка, 20:22
Перамога Дзіксана, спрэчнае другое месца Херты і іншыя падзеі этапу IndyCar у Лонг-Біч

Фота: indycar.com

У амерыканскай серыі IndyCar, у адрозненні ад Формулы 1, дазапраўкі ёсць. Адпаведна, паліўны фактар адыгрывае значную ролю ў стратэгіі, бо змесціва бакаў прыходзіцца пісьменна размяркоўваць па адрэзку дыстанцыі. Часам бензін прыходзіцца і эканоміць, што лепш за ўсіх у мінулы ўік-энд атрымалася ў пілота Chip Ganassi Racing Скота Дзіксана.

Перапынак паміж першым этапам у Сэнт-Пітэрсбэргу і другім у Лонг-Біч атрымаўся даволі працяглым. Паміж імі, праўда, прайшла пазазаліковая гонка на трасе The Thermal Club паблізу ад Палм-Спрынгс у Каліфорніі, якую выйграў дзейны чэмпіён IndyCar Алекс Палоў. Але эксперыментальны фармат уік-энду з некалькімі адборачнымі заездамі і фінальнай All Star Race, якая таксама складалася з дзвюх частак, не спрацаваў зусім.

Тое відовішча наўрад ці можна было назваць так любімым амерыканцамі шоў. А вось паўнавартасны другі этап на вулічнай трасе, на якім удзельнікі атрымлівалі ўжо не толькі грашовыя прызы, але і заліковыя балы ў чэмпіянат, прайшоў якраз у лепшых традыцыях ІндыКара. І ў многім стаў тыповым, бо ў значнай ступені вынік гонкі вырашыла тактыка, паліўная і шынная.

Уладальнік поўлу Фелікс Розэнквіст, які выступае за Meyer Shank Racing, напрыклад, пачынаў гонку на жорсткай гуме, і яго ўжо на першых кругах абышлі канкурэнт з Team Penske Уіл Паўэр, на чыім балідзе стаялі мяккія пакрышкі, і Джозэф Ньюгардэн, які выйграў быў першы этап, але быў дыскваліфікаваны на ім літаральна на днях. Амерыканец пры гэтым для першага адрэзку абраў жорсткія шыны, але швед сутыкнуўся з праблемамі з тармазамі, праз якія паступова губляў пазіцыі і фінішаваў толькі дзявятым.

Паўэр жа, атрымаўшы перад сабой чыстае паветра, паступова адрываўся ад Ньюгардэна, але Джозэф выйграў ад нейтралізацыі гонкі жоўтымі сцягамі пасля аварыі навічка з Ed Carpenter Racing Крысціана Расмусэна на шаснаццатым кругу. Амерыканец на жорсткіх шынах мог дазволіць сабе застацца на трасе, тады як Паўэр накіраваўся на піт-лэйн пераабувацца. І тое ж самае даволі нечакана зрабіў і Дзіксан, які свой першы адрэзак праводзіў якраз на жорсткіх шынах.

Стартаваў будучы пераможца Гран Пры Лонг-Біч і шасціразовы чэмпіён IndyCar дзявятым. На першым піт-стопе новазеландзец абышоў Паўэра, а прыкладна дзесяццю кругамі пазней, калі на піт-стоп накіравалаўся і Ньюгардэн, які ўвесь гэты час лідзіраваў, і сам выйшаў у лідары. Ад Паўэра Дзіксан пакрысе адрываўся, і да пяцьдзесят другога круга, калі абодва накіраваліся на наступныя піт-стопы, паміж імі было ўжо восем секунд.

Скот падчас свайго прыпынку атымаў яшчэ адзін камплект мяккіх шын, тады як Уіл перайшоў на жорсткія. Ньюгардэн на пяцьдзесят дзявятым кругу паўтарыў прыём канкурэнта з Chip Ganassi Racing, хаця яго гума была ўжо ўжыванай. Тым не менш на трасу Джозэф вярнуўся на другой пазіцыі, паміж Дзіксанам, які вярнуўся на першую пазіцыю, і Паўэрам.

Ньюгардэн на той момант 5,3 секунды адставаў ад новазеландца, але той перайшоў у рэжым эканоміі паліва. Адпаведна, яго перавага пакрысе таяла, і на апошняй фазе гонцы не складала і адной секунды. Дзіксан яўна стрымліваў Ньюгардэна, і да яго ззаду ў сваю чаргу падабраліся пілот Andretti Global w/ Curb-Agajanian Колтан Херта і партнёр Дзіксана Алекс Палоў.

Чацвёрку лідараў яшчэ дадаткова ўшчыльніла група кругавых, наспявала найцікавейшая барацьба за перамогу, але яе, на жаль, не атрымалася, бо на семдзесят шостым кругу, за дзевяць да канца, Херта ў адзінаццатым павароце падбіў ззаду машыну Ньюгардэна, праз што той не адразу патрапіў на выхадзе ў нужную перадачу і прапусціў наперад Колтана і Палоў. Чацвёртым пілот Penske і фінішаваў.

У тым, што адбылося, кожны з удзельнікаў эпізоду вінаваціў потым адзін аднаго. Ньюгардэн яшчэ падчас гонкі патрабаваў штрафу Херты, той у сваю чаргу сцвярджаў, што яго апанент проста спыніўся ў павароце. Аднак і пра галоўную на той момант задачу Колтан не забыўся, і сам паступова набліжаўся да Дзіксана. На перадапошнім кругу паміж імі і трох дзясятых секунды не было, але на апошнім Скот узвінціў тэмп і ад’ехаў амаль на цэлую секунду ад Херты, які так другім і застаўся. Палоў падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Перамога ў Лонг-Біч дазволіла Дзіксану захапіць лідарства і ў турнірнай табліцы, дзе ў яго 79 ачкоў, што, аднак, усяго на два больш, чым у Херты, які ў сваю чаргу падняўся на другую пазіцыю. Палоў з 67-мю баламі займае трэцюю, а Ньюгардэн разам праваліўся на адзінаццатую, у яго цяпер 34 ачкі.

Разам з Джозэфам дыскваліфікацыю ў Сэнт-Пітэрсбэргу атрымаў і яшчэ адзін прадстаўнік Penske Скот МакЛафлін, які заняў тады трэцяе месца, а Паўэр быў аштрафаваны, хаця ў класіфікацыі ў выніку нават падняўся на другое месца. Як выявілася толькі ўчора, на першым этапе налады на машынах Penske дазвалялі карыстацца сістэмай push-to-pass у моманты, калі правіламі гэта забаронена, напрыклад, на старце і рэстартах. У камандзе сваю віну прызналі і ад апеляцыі адмовіліся, але не зразумела, чаму на выяўленне парушэння спатрэбілася паўтары месяцы. Не толькі Формула 1 можа непрыемна здзіўляць судзействам.

Пераможцам жа першага этапу стаў у выніку пілот Arrow McLaren Патрысіа О’Ворд, які ў чэмпіянаце чацвёрты з 64-ма ачкамі (у Лонг-Біч мексіканец, што на фота вышэй, фінішаваў толькі шаснаццатым), а Херта ў пратаколе замкнуў першую тройку.

Спадзяюся, пратакол гонкі ў Лонг-Біч не зменіцца гэтак жа нечакана ні перад наступным этапам, якім ужо ў гэтыя выхадные стане Гран Пры Алабамы, што пройдзе на трасе еўрапейскага тыпу Barber Motorsports Park, ні пасля яго. Гэты блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja ў любым выпадку адсочаць усе важныя навіны ва ўсіх серыях. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты