Усе навіны

Сяброўка сям'і Кудзіна: «Заставаўся нейкі страх, што нешта можа здарыцца, але яго выпусцілі раней, чым прыехалі родныя, і ён пару гадзін яшчэ чакаў»

28 снежня 2022, 14:25

Сяброўка сям'і Аляксея Кудзіна ў інтэрв'ю «Зеркалу» распавяла пра яго вызваленне.

«Мы шчаслівыя ад таго, што яго сустрэлі і забралі! Гэта было самае галоўнае, бо заставаўся нейкі страх, што нешта можа здарыцца. Заўсёды ж ёсць асцярогі. Аляксей адчувае сябе добра, сеў за руль. Яны даехалі да бліжэйшай запраўкі, з'елі некалькі смачных гарачых хот-догаў. А ён выпіў вялікую каву, якую даўным-даўно хацеў (смяецца). І ўсё, едзе ў цяпле дадому разам з сям'ёй.

Яго выпусцілі раней, чым прыехалі родныя, і ён пару гадзін яшчэ чакаў. Дзяўчаткі [дзве малодшыя дочкі] падбеглі, абнялі. Яшчэ спыталі ў мамы: «А тата зараз будзе жыць з намі?» Апошнія пару дзён для Аляксея былі цяжкія, таму мы вельмі чакаем яго дома, каб нарэшце сагрэць, накарміць», – распавяла сяброўка сям'і.

Нагадаем, Кудзін 10 жніўня 2020 года падчас акцыі пратэсту ў Маладзечне ў ліку іншых бяззбройных людзей быў атакаваны групай сілавікоў, якія распылілі газ і нанеслі шматлікія ўдары дубінкамі. Кудзін у адказ ударыў некалькіх сілавікоў. Байца затрымалі пазней у той жа дзень, кінуўшы пад колы яго машыны гранату, у яго тройчы стрэлілі з траўматычнага пісталета і збілі. Неўзабаве Кудзіну прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 363 КК РБ (супраціўленне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, звязанае з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення), аднак праз некалькі дзён адпусцілі пад хатні арышт.

19 лістапада 2020-га Кудзін не з'явіўся на судовае паседжанне па сваёй справе, пакінуўшы краіну, і быў абвешчаны ў вышук. У пачатку 2021-га Кудзіна затрымалі ў Расіі, дзе ён знаходзіўся ў следчым ізалятары да 21 ліпеня. У той дзень Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю спартсмена ў Беларусь, аднак Кудзіна вывезлі ў Мінск, дзе таксама змясцілі за краты. 11 жніўня яго прыгаварылі да 2,5 года пазбаўлення волі.