Tribuna/Бокс/Блогі/Ведалі, што гімнастка Корбут спрабавала бокс? У 47 пасля абвінавачання ў крадзяжы выйшла супраць «жонкі мільянера»

Ведалі, што гімнастка Корбут спрабавала бокс? У 47 пасля абвінавачання ў крадзяжы выйшла супраць «жонкі мільянера»

На рынгу ўзгадалі Беларусь, а з Гродна ўзніклі праблемы.

Аўтар — bytribuna com
5 кастрычніка, 11:14
Ведалі, што гімнастка Корбут спрабавала бокс? У 47 пасля абвінавачання ў крадзяжы выйшла супраць «жонкі мільянера»

Чатырохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў Вольга Корбут – не самая тытулаваная ў гісторыі спартыўнай гімнастыкі, але, мабыць, самая зорная. Знакамітая «пятля Корбут» у 1970-я збірала трыбуны і ў Еўропе, і ў ЗША, дзе гімнастку нават прызналі ганаровым грамадзянінам Чыкага. А ў 1990-х Корбут пераехала ў Амерыку жыць. Але пасля карʼеры пра яе чуваць зусім няшмат.

А вось у пачатку стагоддзя ў ЗША у экс-гімнасткі быў усплёск папулярнасці – праўда, даволі сумнеўнай, пікам якой стала дзіўнае спаборніцтва зусім не па гімнастыцы, а па боксе. Раскажам падрабязней пра тую гісторыю.

У пачатку 2000-х амерыканская жоўтая прэса крыху раскруціла імя Корбут па не самых прыемных нагодах. Паведамлялася, што ў 2001-м праз нясплату крэдыту перайшоў да іпатэчнай кампаніі дом, які пасля пераезду ў штат Джорджыя купілі Корбут і яе тагачасны муж, «пясняр» Леанід Барткевіч. У гэтым доме экс-гімнастка да моманту пазбаўлення ўжо не жыла, і працэдуры афармлялі без яе ўдзелу – але падчас гэтага знайшлі пакет з кучай фальшывых 100-доларавых купюр. Усе абвінавачанні ў выніку леглі на сына Корбут Рычарда Барткевіча – ён казаў, што зрабіў грошы для саматужнага аналага «Манаполіі», але суддзі не паверылі і далі тэрмін у 3,5 гады (выйшаў раней з дэпартацыяй у Беларусь).

А пакуль прэса стракацела загалоўкамі пра сына-фальшываманетчыка, пад арышт трапіла і сама Корбут – у пачатку 2002-га яе звінавацілі ў спробе крадзяжу інжыра, прыпраў, гарбаты, сыру і сіропу на смешную суму ў 19 долараў 35 цэнтаў. Былая спартсменка потым сцвярджала, што проста пакінула гаманец у машыне і ішла па грашы па дамоўленасці з касірам. Аднак і тут вынікам стала абвінавачанне – праўда, за нязначную правіну Корбут усяго толькі прапісалі наведванне «выхаваўчай праграмы» з лекцыямі за 330 долараў. Да кучы ў матэрыяле New York Times пра тую дзіўную сітуацыю на адрас Корбут яшчэ і прыляцелі прэтэнзіі ад уласніка залы, дзе яна да таго трэнавала, – маўляў, былая спартоўка злоўжывае алкаголем. Сама Корбут ад якіх-небудзь каментароў адмовілася.

Падобна, гэтыя публікацыі заўважылі на папулярным амерыканскім канале Fox, які да таго часу дзеля рэйтынгаў пачаў адно за адным выпускаць спрэчныя рэаліці-шоў. Да 2002-га канал, дзе было добра са спартовымі трансляцыямі, прыдумаў шоў Celebrity Boxing у якім былыя зоркі павінны былі, уласна, баксаваць. У выніку Корбут прыняла ўдзел у «баксёрскім вечары» ў траўні 2002-га ў Галівудзе, дзе ў здымачным павільёне быў арганізаваны рынг і трыбуны. Матывацыяй, апроч чарговай «хвіліны славы», маглі стаць і грошы – рускамоўныя крыніцы называлі суму ў 75 тысяч долараў, аднак у амерыканскай прэсе таго часу называлі ганарар у 30 тысяч. Гэта гучыць больш рэалістычна, бо іншы ўдзельнік вечару, вядомы ў ЗША 230-сантыметровы экс-гулец НБА Манутэ Бол, атрымаў за свой бой 35 тысяч.

Корбут патрапіла ў другі выпуск Celebrity Boxing – першы стаў вельмі паспяховым па рэйтынгах, сабраўшы 15,5 мільёна гледачоў, чым у тым тэлесезоне на Fox маглі пахваліцца толькі вырашальныя матчы бейсбольнай і амфутбольнай ліг, а таксама тэлепрэмʼеры «Зорныя войны: Эпізод I». У новага набору баёў чакалася не меншая папулярнасць – галоўным на вечары ўвогуле быў паядынак мужчыны супраць жанчыны (першы «праславіўся» сэксам з непаўналетняй, якая паспрабавала забіць ягоную жонку, другая – рэстлінгам і аголенымі фота).

Супраць Корбут жа паставілі Дарву Конгер – пераможцу іншага шоў Fox «Хто хоча выйсці за мультымільянера» у 2000 годзе. Тады 50 жанчын змагаліся за права стаць жонкай багацея, якога нават не бачылі – ён абраў Конгер і проста на сцэне падпісаў паперы аб шлюбе, але потым высветлілася, што ягоны фінансавы дабрабыт моцна перабольшаны, пасля чаго дзяўчына хутка аформіла развод, а тэлеканал праз скандал закрыў праект.

Корбут, вядома, уключылася ў трэнавальны працэс перад боем, але ўсё казала на карысць Конгер: яна была маладзейшай (36 гадоў супраць 47), вышэйшай (165 см супраць 152) і цяжэйшай (52 кг супраць 47), да таго ж актыўна займалася фітнесам (а да таго шмат гадоў была медсястрой у амерыканскім войску). Перад боем (мабыць, у рамках прынятага трэш-току) Дарва казала, што суперніца проста не дацягнецца да ейнай галавы. Зрэшты, Вольга не збіралася здавацца загадзя – яе перадматчавы каментар быў такім: «Калі яна жорстка мяне ўдарыць? Я ўдару ў адказ! Мой твар змяніўся, а цела – не. Я ў той жа форме, што і ў 1976-м». У доказ Корбут выканала на камеру шпагат і пару сальта.

На рынг Корбут выйшла ў «чорным з гарачым ружовым», а найвядомейшы ў Амерыцы рынг-анонсэр Майкл Бафер назваў экс-спартсменку «адной з самых дасканалых у свеце, чыё майстэрства гімнастыкі, дзіўныя трукі і бясспрэчная харызма чароўныя». Месцам жыхарства была названая сталіца штата Джорджыя Атланта, але Бафер згадаў і Радзіму Корбут – «Беларусь» сказаў дакладна, а вось назву горада Гродна не здужаў, вымавіўшы «Гронда». У якасці «псеўданіма» Вольга выбрала проста імянное скарачэнне Оля і прамяніста ўсміхалася перад боем.

У зале знайшоўся нават плакат у падтрымку Корбут.

У самім боі было ўжо не да ўсмешак. Корбут паказала, што паспела ў некаторай ступені паставіць удар з правай, але яе панчы праходзілі далёка не заўсёды. А вось Конгер за тры раўнда па хвіліне з невялікім прыстойна зараджала Корбут па галаве (каментатары адзначалі не найлепшую абарону падбародка) – добра яшчэ, што яна была абароненая спецыяльным шлемам. Суперніца была блізкая да таго, каб даслаць Вольгу на рынг – але суддзя быў у гэтым відавочна не зацікаўлены.

У выніку бой рассудзілі арбітры – усе налічылі па 30:27 па паспяховых ударах на карысць Конгер. Цалкам бой можна паглядзець у відэа ніжэй з адзнакі 12.50.

Пасля паядынку суперніцы без эксцэсаў паціснулі адна адной рукі. Пераможца сказала Баферу, што прайграўшую «недаацаніла – яна была выдатнай праціўніцай». Пасля рынг-анонсэр, адзначыўшы «выдатную працу ног» Вольгі, паклікаў да мікрафона яе саму – Корбут, зноў усміхаючыся, сказала: «Гэта для мяне новы досвед, і я думаю, што прарабіла вельмі добрую працу, але трэба быць яшчэ больш упартай».

Але больш на рынгу Корбут не зʼяўлялася ды і ў цэлым Celebrity Boxing больш не выходзіла, хоць другі выпуск таксама набраў выдатны рэйтынг. Магчыма, прадзюсараў спынілі разгромныя водгукі крытыкаў – на адным сайце ў ліпені 2002-га так увогуле шоў адразу паставілі на шостае месца ў рэйтынгу «найгоршых у гісторыі». Зрэшты, на змену прыйшлі не менш дзівосныя праекты.

Корбут жа яшчэ раз успомніла пра свой баксёрскі вопыт у 2017-м – тады яна актыўна прадавала розныя рэчы на аўкцыёне, дзе зʼявіліся яе форма і красоўкі з бою. Праўда, паводле адкрытых звестак, пайшлі яны ўсяго за 250 долараў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты