Все новости

Уладзіслаў Татур: «Звальненне Фліка са зборнай Нямеччыны – бардак. Але і пры перамозе над Японіяй яго б знялі з-за адсутнасці хіміі з гульцамі»

15 верасня, 23:40

Беларускія журналісты Уладзіслаў Татур і Мікалай Хадасевіч на YouTube-канале «Дай пробью!» абмеркавалі звальненне Ханса-Дзітэра Фліка з пасады галоўнага трэнера зборнай Германіі і магчымыя кандыдатуры на замену.

– Вось мы вельмі шмат гаворым пра «Баварыю», дзе таксама незразумела, што адбываецца апошнія гады. Але зараз вакантнае месца галоўнага трэнера ў зборнай Германіі, і туды хутчэй за ўсё прыйдзе Нагельсман. Што ўвогуле адбываецца ў нямецкім футболе?

– Ну бардак адбываецца. Бардак адбываецца, таму што Хансі Флік на момант прыходу ўсім, я думаю, здаваўся ідэальнай кандыдатурай.

Так, ён выйграў у баблe, у бурбалцы, калі па адмысловым фармаце ў кавід праводзілася Ліга Чэмпіёнаў. Выйграў Лігу Чэмпіёнаў з мюнхенскай Баварыяй і падняў свае каціроўкі. Чалавек, які доўгі час быў асістэнтам, яго даўно ведаюць у нямецкім футболе. Аддалі зборную – здавалася б, лагічны крок.

Але нічога не атрымалася. І тут нават не на вынікі таварыскіх матчаў, якія праводзіла зборная Германіі з Хансі Флікам, трэба зважаць.

Выйшла дакументалка па знаходжанні зборнай Германіі на чэмпіянаце свету ў Катары. І ты проста праз тэкст, нават калі ты яе не глядзеў (а ўжо многія распісалі, што там адбывалася), адчуваеш, якая дэпрэсіўная там была абстаноўка і канфлікты Зюле і Кіміха. Гульцы неяк гэтыя канфлікты яшчэ паміж сабой маглі пагашаць, але зусім дакладна не было хіміі паміж трэнерам і гульцамі.

Мы бачылі кадры ў гэтым фільме з установак Фліка, дзе ён проста незразумелыя нейкія гісторыі расказваў. Каманду не чапляла, каманда гэтым не натхнялася, камандзе не падабалася ў Катары з пункту гледжання ўмоў правядзення турніру. Гэта значыць зусім абыякавая публіка была перад Флікам, і неяк запаліць яе ні перад матчамі, ні падчас матчаў, у перапынку, зусім не ўдалося.

Зусім дакладна было зразумела, калі выйшла гэтая дакументалка, што Флік – усё. Ён са зборнай працу не працягне. І, дарэчы, нават калі б яны абыгралі Японію ў гэтым таварняку, я думаю, што Фліка таксама б знялі, бо ўсе разумелі, што хіміі няма. І гэта для мяне вельмі дзіўна, бо з усімі гэтымі футбалістамі ён вельмі даўно знаёмы.

І што зараз рабіць? Бо афіцыйных матчаў няма, ёсць таварнякі. Колькі тут засталося да хатняга, прашу заўважыць, чэмпіянату Еўропы? Зусім няшмат. І кагосьці трэба запрашаць.

Ужо Луі Ван Гал сказаў, што гатовы. Ён у свой час добрую працу прарабіў у «Баварыі», калі таксама быў крызісны адрэзак. Але ў зборнай Германіі не працавалі замежныя спецыялісты.

А каго браць з немцаў? Клопа не адпусцяць. Нагельсман? Занадта малады. Ці атрымаецца ў яго пасля такой гісторыі з «Баварыяй», хаця [у зборнай Германіі] шмат гульцоў з Мюнхена, нейкую хімію стварыць з калектывам, я не ўпэўнены.

І Рудзі Фёлер, спартыўны дырэктар Федэрацыі. Ён займаў месца галоўнага трэнера на таварыскім матчы супраць Францыі. І я ўжо пачытаў многія інтэрв'ю гульцоў, флэш-інтэрв'ю пасля пераможнай гульні з Францыяй, то бок такі эмацыйны выхлап здарыўся. Дык вось яны ўжо там акуратна кажуць, маўляў, так, Рудзі за гэтую пару дзён прарабіў добрую працу, неяк супакоіў калектыў. Дык што, Рудзі Фёлера прызначаць? Гэта значыць, зноў у мінулае глядзець?

Ну, з іншага боку, магчыма, на такім кароткім адрэзку і спрацуе. Можа быць, зараз гэта і трэба. Гэта значыць гульцоў якасных хапае. Можа быць, цяпер і трэба вось за гэтыя там, колькі, 6-8 месяцаў, неяк разняволіць каманду з пункту гледжання эмоцый. У футбол яны гуляць умеюць.

Таму цікава нават, як далей яны зробяць з пункту гледжання выбару трэнера. Але ўвогуле гэта эксклюзіўная сітуацыя. Ніколі да гэтага трэнер не сыходзіў вось так, як Хансі Флік. Звычайна дапрацоўваў цыкл, і далей адбывалася такая вось планамерная змена. А вось тут – зусім дзіўна для мяне, проста жудасна, як не атрымалася, – пракаментаваў Татур.