Все новости

Паўабаронца мінскага «Дынама» Жэрдзеў пра матч з БАТЭ: «Ажыятаж вакол паядынку ёсць, але зараз каманды вырашаюць розныя задачы»

2 лістапада, 16:24

Паўабаронца мінскага «Дынама» Глеб Жэрдзеў падзяліўся чаканнямі ад матчу супраць БАТЭ.

– Як атрымаўся варыянт з «Дынама»?

– Перад стартам сезона мяне хацелі бачыць у камандзе. Але я абраў іншы варыянт – з’ехаў у Ізраіль. Калі чэмпіянат завяршыўся, то вырашыў, што не буду тамака працягваць кар’еру. Ізноў пагутарылі з Вадзімам Скрыпчанкам, ён запрасіў у «Дынама». Я ўзяў час на разважанне. І хутка аформілі пераход.

– Ты ж да таго трэніраваўся з БАТЭ?

– Так. Прыкладна два тыдні.

– Чаму ў выніку аддаў перавагу «Дынама»?

– Вырашыў, што такі варыянт для мяне будзе больш аптымальным.

– «Дынама» прапускала тур на мінулых выходных. Гэта збівае з рытму?

– Не сказаў бы. Затое ёсць больш магчымасцей падлячыць траўмы і аднавіцца. Ды і наперадзе перанесены матч з БАТЭ. Так што не думаем пра нешта лішняе.

– Ці ёсць ужо нейкае прадчуванне ад сустрэчы з барысаўчанамі? Раней лічылася, што гэта галоўнае дэрбі краіны.

– Калі такая афіша, то заўсёды цікава гуляць. Ажыятаж вакол паядынку ёсць, нягледзячы на тое, што зараз каманды вырашаюць розныя задачы, – сказаў Жардзеў.