Tribuna/Футбол/Блогі/Першыя рашэнні і дзеянні Алоса: вось якой мы пабачылі зборную Беларусі на полі

Першыя рашэнні і дзеянні Алоса: вось якой мы пабачылі зборную Беларусі на полі

Калі коратка: не ўражвае.

Аўтар — bytribuna com
13 верасня, 18:30
6
Першыя рашэнні і дзеянні Алоса: вось якой мы пабачылі зборную Беларусі на полі

Зборная Беларусі пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера не ўразіла. Перад матчамі супраць Андоры і Ізраілю Карлас Алос казаў, што ягоная каманда мае намер узяць шэсць пунктаў, але неяк не склалася: з Андорай толькі нічыя і паражэнне на апошніх хвілінах у Ізраілі, 0 забітых мячоў за 180 хвілін (раней двума безгалявымі матчамі пачынаў толькі Ігар Крывушэнка), а галоўнае – не вельмі зразумела, ува што гуляе абноўленая зборная.

Выглядваем дэталі ў дэбюце іспанскага спецыяліста.

Гуляў па розных схемах

На матч супраць Андоры Алос абраў схему 3-4-3 з акцэнтам на атаку. У цэнтры поля выпусціў Мікіту Корзуна, які больш адказваў за разбурэнне, і Макса Эбонга – той быў бліжэй да нападзення. На пазіцыі латэраляў выйшлі Кірыл Пячэнін (злева) і Арцём Быкаў (справа), а групу атакі склалі Арцём Канцавы, Павел Савіцкі і Віталь Лісаковіч. Па выніку фланг Пячэнін – Канцавы і ствараў асноўную небяспеку ля варот суперніка.

На матч супраць ізраільцян, нягледзячы на расказы пра жаданне гуляць толькі на перамогу, Алос выставіў куды больш абарончы склад. Зборная дзейнічала па схеме 3-5-2 з істотна змененым цэнтрам поля: Эбонг праз дыскваліфікацыю матч прапускаў і разам з Корзунам іспанец выставіў Валерыя Бачарова і Кірыла Капленку: так атрымалася, што ўсе трое – гульцы абарончага плана. У атаку выйшлі Канцавы і Уладзіслаў Марозаў, а Быкава на пазіцыі правага латэраля замяніў Сяргей Карповіч.

Часам здавалася, што галоўным планам Алоса на гульню з Ізраілем было вялікімі сіламі адбіцца ззаду, а наперадзе спадзявацца, што Марозаў і Канцавы нешта прыдумаюць – і гэта ледзь не спрацавала: у першым тайме вінгер БАТЭ небяспечна прастрэльваў на форварда мінскага «Дынама», але той быццам не паверыў, што мяч дойдзе да яго, а ў другой палове сустрэчы Марозаў сам загубіў два перспектыўныя моманты.

Варта адзначыць гульню Карповіча, якому прыйшлося гуляць супраць галоўнай зоркі суперніка, вінгера «Тотэнхема» Манора Саламона – нягледзячы на ўсю актыўнасць гульца АПЛ, прадстаўніку «Нёмана» ўдавалася яго стрымліваць. Да Алоса Карповіч апошні раз гуляў за нацыянальную каманду ажно ў 2020 годзе.

Не даў нікому дэбютаваць

У канчатковым ростары Алоса на вераснёўскія матчы апынуліся два патэнцыйных дэбютанта зборнай, абодва – 20-гадовыя цэнтральныя абаронцы: Ягор Пархоменка з «Нёмана» і Леанарда Маскара-Капілевіча з «Севілья Б» (Д4 Іспаніі).

Абодва, праўда, і ў Андору, і ў Ізраіль зʼездзілі як турысты: абедзве сустрэчы ад званка да званка адгуляла тройка Сяргей Паліцевіч – Дзяніс Палякоў – Захар Волкаў. Ні да каго з гэтага трыа адмысловых прэтэнзій няма: гулялі не ідэальна, але грубых і тым больш галявых памылак не дапускалі. Волкаў у большасці сваёй адказваў за пачатак атак, Палякоў у першай гульні таксама больш дзейнічаў на стварэнне, але з ізраільцянамі яму прыйшлося папацець, страхуючы Карпавіча. Паліцевіч жа падчышчаў за партнёрамі – наўрад ці на кастрычніцкія матчы Алос будзе нешта мяняць (калі, вядома, усе будуць здаровыя).

Вызначыўся з асноўным галкіперам

За апошнія сем афіцыйных матчаў пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева ля руля зборнай у варотах згулялі пяцёра розных галкіпераў: Павел Паўлючэнка, Ягор Хаткевіч, Андрэй Кудравец, Максім Плотнікаў і Сяргей Ігнатовіч.

На матч супраць Андора Алос выпусціў брамніка казахстанскага «Каспія» Максіма Плотнікава. Працы ў матчы з пірэнейцамі ў ураджэнца Пінска амаль не было, затое ён стаў арганізатарам адной з самых небяспечных атак беларусаў: хутка ўвёў мяч у гульню пасля сэйва, што прывяло да контратакі, якая завяршылася ўдарам Савіцкага.

На матч супраць Ізраіля зноў выйшаў Плотнікаў і згуляў нядрэнна: выратаваў каманду ў некалькіх момантах, а ў эпізодзе з голам яго складана вінаваціць, бо там быў рыкашэт ад абаронцы.

Выкарыстаў за дзве гульні 18 гульцоў

З 23 футбалістаў, якія трапілі ў канчатковы спіс Алоса, ні хвіліны за мінулы тыдзень не згулялі толькі пяцёра: ужо згаданыя вышэй Пархоменка і Маскара-Капілевіч, бэкапы Плотнікава Ігнатовіч і Кудравец, а таксама хаўбек венгерскага «Дыяшдʼера» Уладзіслаў Клімовіч – прарэжымны падпісант не патрапіў у заяўку на абедзве сустрэчы праз пашкоджанне.

Астатнія 18 футбалістаў былі скарыстаныя. Лідарамі па гульнявым часе сталі Плотнікаў, Волкаў, Паліцевіч і Палякоў – па 180 хвілін, Корзун – 169 хвілін, Канцавы, якога ў зборную паклікалі ў апошні момант дадатковым запрашэннем, – 148 хвілін. Менш за іншых згуляў Іван Бахар – усяго 10 хвілін у матчы супраць Андоры. 30 хвілін супраць Ізраіля правёў Аляксандр Сялява.

Не вельмі шмат гульнявога часу далі форварду Віталю Лісаковічу, які вярнуўся ў зборную пасля гадавой паўзы: гулец расійскага «Рубіна» выйшаў у старце супраць Андоры, але за 65 хвілін на полі адзначыўся толькі трыма недакладнымі ўдарамі. Пасля матчу экс-форвард зборнай Беларусі Пётр Качура раскрытыкаваў гульца.

- Віталь правёў жудасны матч, што тут сказаць. Паказаў толькі, які ён амбітны. Размахваў рукамі і нічога больш. Атрымліваў мяч у недадачу і ўвесь час яго губляў. Гэта недапушчальна. Нашто тады прыязджаў? – сказаў спецыяліст.

У матчы супраць Ізраіля Лісаковіч на поле ўвогуле не зʼявіўся.

Шмат эмацыянаваў

За апошнія гады мы прызвычаіліся да таго, што галоўны трэнер зборнай на лаўцы амаль не выдае ніякіх эмоцый: неапазнаны прадмет, які Кандрацьеў кінуў на зямлю пасля перамогі над Косава, – галоўны ягоны эмацыйны хайлайт за гады працы ў «нацыяналцы».

Алос жа за два матчы выдаў столькі эмоцый, колькі разам не паказалі Крывушэнка, Мархель і Кандрацьеў. Іспанец шмат жэстыкуляваў.

Уступаўся за свайго гульца.

І стаяў на каленях.

У матчы супраць Андоры за празмерную эмацыйнасць атрымаў жоўтую картку, а на трэнаваннях усміхаўся – памятаеце, калі апошні раз бачылі ўсмешлівага Кандрацьева?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты