Tribuna/Футбол/Блогі/Альшэўскі ў БАТЭ адразу вырваў бронзу – але потым былі найгоршы сезон у гісторыі, «цёркі» з гульцамі і боль у Еўропе (хоць і за мільён)

Альшэўскі ў БАТЭ адразу вырваў бронзу – але потым былі найгоршы сезон у гісторыі, «цёркі» з гульцамі і боль у Еўропе (хоць і за мільён)

Дарэмна спадзяваўся вярнуць Драгуна, выдаваў адчай для прэсы.

Аўтар — bytribuna com
3 студзеня, 21:01
7
Альшэўскі ў БАТЭ адразу вырваў бронзу – але потым былі найгоршы сезон у гісторыі, «цёркі» з гульцамі і боль у Еўропе (хоць і за мільён)

3 студзеня БАТЭ афіцыйна абʼявіў пра расстанне з галоўным трэнерам Кірылам Альшэўскім і некалькімі сябрамі ягонага штабу. Цяпер першым у спісе коучаў на сайце клуба ідзе Уладзімір Нявінскі, што выдатна кладзецца ў нядаўні інсайд «Трыбуны».

Альшэўскі другі раз у карʼеры ўзначальваў БАТЭ ад 13 кастрычніка 2022-га – прызначэнне моцна зацягнулася праз супрацьдзеянне рэжымнага міністэрства па спорце.

А вось чым запомніўся год з невялікім пры трэнеры.

Вырваў бронзу ЧБ-2022

Альшэўскі прыйшоў у БАТЭ за шэсць тураў да канца ЧБ-2022 – клуб дзяліў з «Іслаччу» чацвёртае месца з 43 пунктамі пасля 24 гульняў, а вось першая тройка правяла на матч менш, пры гэтым мела 45 («Энергетык-БДУ»), 46 («Шахцёр») і 47 («Дынама» Мінск) балаў. Альшэўскі пры такім раскладзе заявіў, што для БАТЭ «цяпер галоўнае набраць максімальную колькасць пунктаў, калі гэта магчыма».

І ў Альшэўскага амаль атрымалася – у шасці сустрэчах было пяць перамог, у тым ліку над «Энергетыкам-БДУ», і нічыя з «Іслаччу». А да апошняга тура БАТЭ па дадатковых паказніках пры роўнасці пунктаў абагнаў мінскае «Дынама», якое забуксавала, на трэцім радку – для бронзы заставалася выйграць у аўтсайдараў з «Арсенала», з чым барысаўцы справіліся і ўзялі медалі.

– Па сваім этапе сезона скажу, што гульцы малайцы. Працавалі выдатна. З самааддачай, жаданнем, імкнуліся. Лічу, што за кошт гэтага атрымалася добрая канцоўка, – казаў Альшэўскі пасля поспеху.

Дарэмна спадзяваўся на вяртанне Драгуна і Бардачова

У міжсезонне БАТЭ страціў некалькіх лідараў – абаронцу Якава Філіповіча, форвардаў Неманю Міліча і Арцёма Шуманскага. Альшэўскі канстатаваў, маўляў, «жыццё дыктуе так, што клубу трэба зарабляць». Але больш праблем даставіла рэжымнае «мінспорту», якое ўключыла ў свой «чорны спіс» для гульняў у Беларусі вельмі важных для БАТЭ Максіма Бардачова і Станіслава Драгуна.

– Спадзяемся, што ў найбліжэйшы час мы зможам вырашыць усе пытанні, якія тычацца менавіта іх дваіх, і пра ўсё дамовіцца, – казаў Альшэўскі ў пачатку студзеня, але памыляўся. Кантракты з вопытнымі лідарамі так і не былі падпісаныя, і ў выніку яны за БАТЭ так і не згулялі.

Зрэшты, БАТЭ правёў нядрэнную падпісную кампанію: пад Альшэўскага прыйшлі Дзяніс Грачыха і Арцём Канцавы з мінскага «Дынама», найлепшы футбаліст «Нёмана»-2022 Шэрыф Жыма, таксама падпісалі кантракты форварды Дзяніс Лапцеў і Дзмітрый Анцілеўскі, а з арэнды вярнуўся прарэжымны падпісант Захар Волкаў. Аднак у сакавіку ўжо пасля пачатку афіцыйных матчаў рэжым вымусіў каманду адмовіцца яшчэ ад двух важных выканаўцаў – прарэжымных падпісантаў (так, яны сталі непажаданымі) Данілы Нячаева і Дзмітрыя Бяссмертнага. Яшчэ ў «чорны спіс» патрапіў брамнік Дзяніс Шчарбіцкі, але ён асноўным не лічыўся.

Дайшоў да фіналу Кубка

У такім становішчы БАТЭ пачаў сезон не надта яскрава: у 10 вясновых матчах ЧБ разжыўся толькі 16 пунктамі і ішоў пятым, пры тым што тройку замыкала «Тарпеда-БелАЗ» з 21 балам у дзевяці матчах. А наступныя дзве сустрэчы ЧБ БАТЭ прайграў і апусціўся на сёмае месца – а па пунктах такі пачатак аказаўся найгоршым у гісторыі клуба.

Аднак у гэты ж час БАТЭ дайшоў да фіналу Кубка. Першы крок да яго пры Альшэўскім быў зроблены яшчэ ў 2022-м, калі ў канцы лістапада ў 1/8 фіналу быў абгуляны «Энергетык-БДУ» (2:0). У сакавіку 2023-га БАТЭ ў чвэрцьфінале не заўважыў «Белшыну» (5:0, 5:0), потым у паўфінале з цяжкасцю справіўся з «Нёманам» (1:1, 0:0, 5:4 пенальці). У фінале 28 траўня супернікам стала «Тарпеда-БелАЗ», якое пры даволі роўным па статыстыцы ходзе гульні перамагло 2:0.

Страціў месца ў выканкаме АБФФ

З 2019-га Альшэўскі, які да таго быў тэхнічным дырэктарам АБФФ, уваходзіў у выканкам федэрацыі – коўча абралі туды ў канкурэнтным галасаванні. Ну а ў сакавіку 2023-га паўнамоцтвы галоўнага трэнера БАТЭ скончыліся – на новыя ён і не прэтэндаваў. Выканкам Альшэўскі пакінуў разам з кіраўніком барысаўскага клуба Андрэем Капскім – іх сумесная прысутнасць у складзе органа парушала статут АБФФ, але наўрад ці гэта неяк улічвалася федэрацыяй пры новых «выбарах».

Выдаліўся ў «класіка»

У чацвёртым туры БАТЭ на барысаўскім гарадскім прымаў мінскае «Дынама» – і саступіў 1:3. Пераможны гол госці забілі пасля памылак абаронцы Сідзі Банэ і брамніка – падпісанта за рэжым Андрэя Кудраўца. А Альшэўскі пасля гэтага схапіў чырвоную – абураўся праз тое, што, на ягоную думку, мяч за секунды да траплення да Банэ выйшаў за межы поля (на паўторах гэтага вызначыць немагчыма).

Пасля матчу Альшэўскі адзначыўся яшчэ і заявай, што БАТЭ, «не пабаюся гэтых слоў, быў мацнейшы за супернікаў на галаву». Праўда, статыстыка гэтага не пацвердзіла.

Разносіў газон у Бабруйску, дзе страціў двух гульцоў

За некалькі тыдняў да фіналу Кубка БАТЭ страціў двух важных гульцоў у адным матчы ў Бабруйску – Лапцеў і Анцілеўскі пацягнулі мышцы без стыкаў. Усё быццам бы праз стан газона на «Спартаку» – на хатнім стадыёне «Белшыны» усё было насамрэч дрэнна.

– Нячаста за матч атрымліваюць некалькі траўмаў, па сутнасці, па-дурному, наступаючы ў яму. На такім полі не тое што ў футбол гуляць – на ім бегаць, мусіць, нельга. Тут няма праблем у размінцы. Калі футбаліст бяжыць па роўнай паверхні, а потым у яго нага трапляе ў яму, то яшчэ добра, што мышачнае пашкоджанне – часам бывае больш фатальна, – разнёс стан поля Альшэўскі пасля матчу.

Дапамог клубу атрымаць больш за мільён у Еўропе (але было балюча)

6 ліпеня БАТЭ выйграў у «Шахцёра» (2:0) у ЧБ – і да канца лета адправіўся ў вялікае падарожжа за межамі Беларусі. Дапамог гэтаму ўсё той жа «Шахцёр», дакладней, ягоная справа аб дамоўных гульнях і стымуляванні – праз гэта яго салігорскі клуб і «Энергетык-БДУ» былі пазбаўленыя медалёў ЧБ-2022 і месцаў у еўракубках, а БАТЭ з «бронзавай» пазіцыі адправіўся ў першы кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў.

У апошніх еўракубкавых сезонах сістэма ўладкована так, што праход гэтага раўнда прыносіць клубу як мінімум 1,41 мільёна еўра. І БАТЭ з Альшэўскім гэта ўдалося – быў адолены балканскі «Партызані» (1:1, 2:0).

Далей у любым раскладзе чакала яшчэ тры адборачныя раўнды – але ў іх усё пайшло па найгоршым сцэнары. БАТЭ было вельмі балюча. У 2-й стадыі кваліфікацыі ЛЧ наздзекаваўся з барысаўцаў кіпрскі «Арыс» – 2:6, 3:5. У 3-м раўндзе адбору Лігі Еўропы БАТЭ адразу атрымаў 1:5 у Ціраспалі ад малдаўскага «Шэрыфа» (другі матч завяршыўся больш прыстойна – 2:2).

У раўндзе плей-оф адбору Лігі канферэнцый БАТЭ трапіў пад катаванне ўжо ад косаўскага «Балкані» (1:4).

Перамога 1:0 у сустрэчы ў адказ не дапамагла – так БАТЭ скончыў свой шлях у Еўропе з тымі самымі 1,41 мільёна еўра прызавых. Праўда, яны выплачваюцца УЕФА звычайна значна пазней за самі матчы, а на пражыванне за мяжой і стадыёны для «нейтральных» хатніх матчаў БАТЭ давялося патраціцца летам.

Вінаваціў у няўдачах гульцоў

Напярэдадні еўракубкавага старту БАТЭ «Трыбуна» змагла даведацца, што ў клубе вельмі цяжка якраз з грашыма (праз чарговыя падкопы ад рэжымнага «мінспорту») – былі затрымкі выплат на некалькі месяцаў, калектыву было абвешчана пра рэзкае скарачэнне заробкаў праз дрэнныя вынікі, пры гэтым і гульцы, і Альшэўскі са штабам не гублялі матывацыі і мелі намер усё выправіць, прынамсі, на поле.

Але восенню ў камандзе здарыўся разлад. 30 верасня пасля нічыёй з «Тарпеда-БелАЗ» (1:1) Альшэўскі зладзіў асабісты разнос некалькім гульцам, у тым ліку падпісанаму пад еўракубкі Дзмітрыю Падстрэлаву – а той груба адказаў, праз што быў на нейкі час сасланы ў дубль. Пры гэтым у камандзе лічылі, што ў праблемах на полі вінаваты якраз трэнер – футбалісты казалі Альшэўскаму, што ягоныя схемы не працуюць, і прапаноўвалі нешта памяняць, але коўч упарта стаяў на сваім і вінаватымі ў няўдачах лічыў гульцоў, якія недастаткова дакладна выконваюць устаноўкі. У выніку частка каманды папросту перастала выкладвацца на трэнаваннях – а Альшэўскі не ўвёў за гэта пакаранняў, што раздражняла тых, хто працаваў напоўніцу.

Выдаваў адчай на прэс-канферэнцыях

На публіку Альшэўскі таксама перыядычна выносіў сваю незадаволенасць. Нават калі трэнер браў віну за няўдачы на сябе (што адбывалася нярэдка), то бачыў яе ў тым, што, напрыклад, «не змог дагрукацца да футбалістаў». Ды і наогул перыядычна ў словах трэнера гучаў роспач. У першай палове сезона ён казаў, што на полі каманда займаецца «рэальна фігнёй», а сам трэнер ужо «не ведае, што адбываецца».

У другой частцы года нічога не змянілася – трэнер пасля разгромаў у Еўропе «не мог сказаць, што трэба выправіць», а таксама адмовіўся «нешта абяцаць» у плане паляпшэння гульні.

Паўтарыў найгоршы вынік у клубнай гісторыі

У выніку аказалася зразумелым, калі з усімі пералічанымі фактарамі (а яшчэ вельмі насычаным графікам у «вышцы» праз летнія пропускі тураў) БАТЭ прыйшоў да фінішу ЧБ-2023 толькі пятым. Гэта першы сезон без медалёў з 2005-га і паўтарэнне найгоршага выніку ў гісторыі клуба з таго ж года – таксама пятае месца і 47 пунктаў. Праўда, у 2005-м БАТЭ правёў 26 матчаў і прайграў усяго тройчы (было вельмі шмат нічыіх), а ў 2023-м – 28 пры цэлых дзевяці паразах, чаго з клубам да таго ніколі не здаралася. Пры гэтым у апошнім туры ў 2023-м БАТЭ, да таго перамогшы ў чатырох гульнях ЧБ запар, усё яшчэ мог вырваць медалі, калі б выйграў у «Шахцёра» – але ў выніку згарэў 0:3.

Альшэўскаму заставалася толькі ўспамінаць пра дзве перамогі над срэбным «Нёманам» і выйгрышы ў чэмпіёнскага мінскага «Дынама», а вынікі сезона падвесці так: «Не ведаю, што каментаваць. У сезоне столькі хібіць і схібіць у апошні момант – гэта трэба было пастарацца, вядома. Футбалісты [у перапынку] даведаліся вынік [паралельных матчаў] – і сталі спяшацца. Былі добрыя шанцы адгуляць гол, выйсці наперад. Але атрымалася тое, што атрымалася».

Запомніў Яромку

Пасля сезона Альшэўскі звярнуў на сябе ўвагу выбарам найлепшага трэнера Беларусі. У кастрычніку на той момант коўч «Мінска» Сяргей Яромка пасля перамогі над БАТЭ (у першым крузе была нічыя) казаў, што ў Барысаве надоўга запомняць ягонае прозвішча. І, падобна, не схлусіў – за трэнера аддалі свае галасы тры «гараджаніна» і, уласна, Альшэўскі. А вось гульцоў года трэнер БАТЭ абраў са сваёй каманды – тройку склалі Арцём Канцавы, Валерый Бачароў і Захар Волкаў, які перад еўракубкамі пакаціў у расійскія «Хімкі».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты