Tribuna/Футбол/Блогі/Нечаканыя месцы, дзе нарадзіліся зоркі футболу: Стэрлінг – Ямайка, Ковачыч – Аўстрыя, Холанд – Англія

Нечаканыя месцы, дзе нарадзіліся зоркі футболу: Стэрлінг – Ямайка, Ковачыч – Аўстрыя, Холанд – Англія

Адкуль такая геаграфія?

25 красавіка, 02:28
Нечаканыя месцы, дзе нарадзіліся зоркі футболу: Стэрлінг – Ямайка, Ковачыч – Аўстрыя, Холанд – Англія

Месцы нараджэння гэтых гульцоў могуць здзівіць вас.

Рахім Стэрлінг – Ямайка

Рахім заўсёды будзе мець не самыя прыемныя ўспаміны пра месца, дзе нарадзіўся ў снежні 1994 года. Калі яму было ўсяго два, яго бацьку застрэлілі. Сям'я Стэрлінга жыла ў небяспечным раёне, пра што сведчыць нават той факт, што дом будучага футбаліста знаходзіўся насупраць наркапрытона. Праз некалькі гадоў маці Рахіма, якая, дарэчы, была лёгкаатлеткай і выступала за зборную Ямайкі, атрымала запрашэнне на працу ў Лондане. Яна ўзяла з сабой сыноў.

Ужо дарослым Стэрлінг шмат разоў прыязджаў у Ямайку. «Я хачу, каб мае дзеці па-сапраўднаму адчулі Ямайку. У гэтай краіне ходзіць дрэнная прэса і там ёсць злачыннасць, але я хачу, каб яны ўбачылі Ямайку такой, якая яна насамрэч. Я хачу, каб яны ўбачылі, наколькі дзіўныя мясцовыя жыхары», – распавядаў футбаліст у 2021 годзе.

Ціяга Алькантара – Італія

Алькантара нарадзіўся ў невялікім мястэчку Сан-П'етра-Вернатыка на поўдні Італіі, бо яго бацька, Мазіньё, у 1991-м выступаў за «Лечэ». Сям'я экс-гульца зборнай Бразіліі паехала за ім, так і атрымалася, што ў Алькантары назаўжды сувязь з італьянцамі.

Пры гэтым сам Ціяга гуляў за зборную Іспаніі, а яго брат Рафінья выступаў за бразільцаў. На міжнародным узроўні паўабаронца пяць разоў выходзіў у матчах супраць Скуадры. Дэбютны матч за Іспанію правёў якраз супраць італьянцаў, і апошні матч - таксама.

Эрлінг Холанд – Англія

Падобная гісторыя ў аднаго з галоўных бамбардзіраў ХХІ стагоддзя. Эрлінг нарадзіўся ў Англіі толькі таму, што на момант з'яўлення на свет яго бацька гуляў у АПЛ за «Лідс». Затым старэйшы Холанд перайшоў у тады яшчэ не такі топавы «Сіці», а ў 2003 годзе, калі Холанду-малодшаму было тры, сям'я пераехала ў Нарвегію.

У снежні 2022-га Эрлінг Холанд вярнуўся ў «Лідс» у статусе гульца «Манчэстэр Сіці». Нарвежац быў бязлітасным і адгрузіў два мячы мясцовай камандзе, чым засмуціў жыхароў горада, у якім нарадзіўся.

Матэа Ковачыч – Аўстрыя

Некалькі нечакана, але ў гэтым спісе ёсць і Матэа Ковачыч. У першай палове 90-х яго сям'я пераехала ў Аўстрыю. У 2000-м, калі Ковачычу было 6, ён патрапіў у акадэмію ЛАСКа, дзе прабыў да 2007-га, пакуль не вярнуўся з сям'ёй у Харватыю.

«Я да гэтага часу камунікую з некаторымі з тых, з кім гуляў у той час (у Аўстрыі - заўв. Tribuna.com). Помню ўсіх сваіх сяброў. Яны былі вялікай часткай майго жыцця», – распавядаў пазней Матэа.

Алехандра Гарнача – Іспанія

19-гадовы вінгер, які ўжо выступае за зборную Аргенціны, нарадзіўся ў Мадрыдзе ў ліпені 2004-га. А права гуляць за дзейных чэмпіёнаў свету атрымаў праз карані сваёй маці.

Прайшоў акадэміі «Хетафе» і «Атлетыка», пакуль у 2020-м не прыняў прапанову ад манкуніянцаў.

Хасэлу – Германія

Форвард «Рэала» нарадзіўся ў Штутгарце ў сакавіку 1990-га. Там ён з сям'ёй жыл да чатырох гадоў, а пазней бацькі вырашылі вярнуцца ў Іспанію.

Цікава, што ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя Хасэлу гуляў у Германіі – з 2012-га па 2015-ы засвяціўся у «Хофенхайме», «Айнтрахце» і «Гановеры». Такой выніковасцю, якая была ў мінулым сезоне ў «Эспаньёле», не адрозніваўся, але 29 мячоў за тры сезоны ўсё ж паклаў.

Эдуарда Камавінга – Ангола

Эдуарда нарадзіўся 10 лістапада 2002 года ў лагеры для ўцекачоў у правінцыі Кабінета на заходнім узбярэжжы Анголы. Калі яму было ўсяго адзін год, сям'я вырашыла перабрацца ў Францыю, дзе ўсё было куды лепей, чым у Афрыцы. Праўда, адзін момант азмрочыў дзяцінства будучага гульца «Рэала» - калі яму было 11, дом сям'і згарэў. Каб адцягнуцца ад сумных думак, юны Камавінга ішоў трэнавацца.

Пра Анголу ён не забывае. Некалькі месяцаў таму запісаў відэазварот для федэрацыі футбола краіны, дзе нарадзіўся.

Маркус Цюрам – Італія

Яшчэ адзін персанаж, месца нараджэння якога наўпрост звязанае з кар'ерай бацькі. Улетку 1997 года Ліліян Цюрам рыхтаваўся да свайго другога сезону ў складзе «Пармы», а яго жонка ў той жа час нараджала першынца ў адной з радзільняў італьянскага горада.

Свае першыя крокі ў футболе Маркус рабіў ужо ў Францыі, выступаючы за акадэміі «Булоні» і «Сашо», хоць яго бацька ў гэты час гуляў у Іспаніі за «Барселону» і рыхтаваўся да завяршэння кар'еры. Улетку 2023-га Цюрам вярнуўся ў краіну, дзе нарадзіўся, і цяпер цалкам паспяхова гуляе за чэмпіёнскі «Інтэр».

Сяргей Мілінкавіч-Савіч – Іспанія

Сяргей нарадзіўся ў спартыўнай сям'і. Яго маці была прафесійнай баскетбалісткай, а бацька - футбалістам. У 1995-м той выступаў за «Альмерыю», таму на свет паўабаронца сёння ўжо «Аль-Хілаля» з'явіўся ў іспанскім горадзе Льеіда.

Да свайго дэбюту ў вялікім футболе за сербскую «Вайводзіну» Сяргей паспеў пабываць у акадэміях партугальскага «Спортынгу» і аўстрыйскага «Грацэра».

Рафаэл Герэйра – Францыя

Рафаэл нарадзіўся ў Ле-Блан-Меніль, што на паўночным усходзе Парыжа, у сям'і партугальца і францужанкі. Ужо ў 6 гадоў трапіў у мясцовую акадэмію, а ў 2008 годзе перабраўся ў структуру «Кана», за першую каманду якога і дэбютаваў праз чатыры гады.

Цікава, што Рафаэл быў адным з тых, хто не даў французам узяць «золата» Еўра-2016. Ён выйшаў у аснове зборнай Партугаліі на фінальны матч і адгуляў усе 120 хвілін.

Гансала Ігуаін – Францыя

Гансала нарадзіўся ў сям'і аргенцінскага футбаліста Хорхе Ігуаіна, які ў 1987 годзе выступаў за французскі «Брэст». Калі сыну было ўсяго 10 месяцаў, сям'я вярнулася ў Аргенціну.

Ігуаін мае французскае грамадзянства, хоць ён не размаўляе па-французску. Вядома ж, прадстаўнікі зборнай Францыі ў свой час спрабавалі прыцягнуць да сябе перспектыўнага нападаючага, але той усё ж абраў Аргенціну, якая была яму бліжэй па многіх крытэрах.

Кэрні Чуквуэмека – Аўстрыя

Зусім хутка Чуквуэмека павінен нарэшце вызначыцца, за якую нацыянальную зборную ён хоча выступаць - Англію ці Нігерыю. Ужо пяць гадоў ён гуляе за зборныя «трох ільвоў» розных узростаў, але на яго палюе і нігерыйская асацыяцыя, бо яго бацькі менавіта з гэтай краіны.

Аднак у мінулым годзе з'явіўся яшчэ адзін варыянт. На гульца выйшлі прадстаўнікі аўстрыйскай федэрацыі футбола, бо Кэрні нарадзіўся ў Айзенштаце, хоць і пражыў там нядоўга да моманту, калі яго бацькі вырашылі пераехаць у Англію. Ральф Рангнік, трэнер зборнай Аўстрыі, нават абяцаў гульцу стабільнае месца ў камандзе.

Альфонса Дэвіс – Гана

Альфонса нарадзіўся ў лагеры ўцекачоў Будубурам у Гане, куды яго бацькі выбраліся з Ліберыі, дзе ішла грамадзянская вайна. Калі будучаму футбалісту было пяць, сям'я пераехала ў Канаду, за зборную якой ён выступае.

Сам Дэвіс прызнаваўся, што Федэрацыя футбола Ганы прапаноўвала яму выступаць за іх зборную, але зрабіла гэта запозна. Калі футбаліст перайшоў у «Баварыю», адзін з супрацоўнікаў федэрацыі напісаў яму ў дырэкт у інстаграме, аднак Альфонса на той момант ужо вырашыў гуляць за Канаду.

Ашраф Хакімі – Іспанія

Ледз не палова зборнай Марока нарадзілася то ў Канадзе, то ў Нідэрландах, то ў Іспаніі, але мы распавядзем пра Ашрафа як самага зорнага з іх.

Хакімі нарадзіўся ў прыгарадзе Мадрыда ў сям'і мараканскіх эмігрантаў. Ужо ў восем гадоў патрапіў у акадэмію «Рэала», у складзе якога дэбютаваў у вялікім футболе. За першую каманду мадрыдцаў правёў 17 матчаў у сезоне 2017/18, нават забіў два галы, а затым адправіўся па маршруце «Барусія», «Інтэр» і «ПСЖ». У Парыжы паспяхова выступае вось ужо трэці год.

Іван Ракіціч – Швейцарыя

Пра тое, што Ракіціч мае сувязь са Швейцарыяй (нарадзіўся ў Рэйнфельдэне), можна было б здагадацца, ведаючы, што ён трапіў у Бундэслігу, перайшоўшы ў «Шальке» з «Базеля». Хаця ўсё магло быць менш відавочным, калі б у 16 гадоў Іван пагадзіўся на прапанову «Арсенала». Сям'я гульца выбрала за лепшае ўсё ж застацца ў структуры швейцарскага гранда, што ніяк не перашкодзіла Івану Ракіцічу стаць топ-футбалістам.

Ракіціч гуляў за юнацкія зборныя Швейцарыі з 2002 па 2007 год.

***

Хто яшчэ: Патрык Віейра - Сенегал Арманда Броя - Англія Джавані Рэйна - Англія Сімоне Перота - Англія Трэва Чалоба - Сьера-Леонэ Седрык Саарэш – Германія Соф'ян Амрабат - Нідэрланды Нусаір Мазрауі – Нідэрланды Хакім Зіеш – Нідэрланды Ясін Буну - Канада Фікайо Таморы – Канада Оўэн Харгрыўз - Канада Лукас Падольскі - Польшча Міраслаў Клозэ - Польшча П'ер-Эмерык Абамеянг – Францыя

Фота: Relevent Sports, Andrew Yates/Global Look Press, Andy Mueller/Global Look Press, «Реал»

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты