Tribuna/Хакей/Блогі/У гарах на юбілей разбіўся куратар школы «Дынама» – будаваў веладром, дзяліўся бізнесам з Баскавым, свяціўся ў каламутных схемах

У гарах на юбілей разбіўся куратар школы «Дынама» – будаваў веладром, дзяліўся бізнесам з Баскавым, свяціўся ў каламутных схемах

Прыйшоў у баскетбол, як толькі яго ўзначаліў памочнік Лукашэнкі.

Аўтар — bytribuna com
14 верасня, 11:30
1
У гарах на юбілей разбіўся куратар школы «Дынама» – будаваў веладром, дзяліўся бізнесам з Баскавым, свяціўся ў каламутных схемах

12 верасня днём СМІ Расіі паведамілі, што на самай высокай гары краіны, Эльбрусе, на вышыні 5,4 тысячы метраў сарваўся і загінуў турыст з Беларусі са складу незарэгістраванай групы. А на наступны дзень высветлілася, што гэта быў бізнесовец Мікола Ермашоў. Мабыць, вялікую вышыню (разбіўся ўжо падчас спуску) ён падарыў сабе на юбілей – 13 верасня яму магло споўніцца 40 гадоў.

Блізкім Ермашова выказалі спачуванні адразу дзве беларускія федэрацыі – баскетбола і хакея, ды яшчэ і хакейнае мінскае «Дынама». Гэта ж зрабіў і экс-кіраўнік ФХБ, якога забаніла ІІХФ на пяць гадоў, Дзмітрый Баскаў. З усімі імі бізнесовец быў звязаны – і з даволі каламутнымі гісторыямі. Раскажам падрабязней, як Ермашоў быў датычны да беларускага спорту.

Мікалай Ермашоў – сын Сяргея Ермашова, у свой час кіраўніка беларускага прадстаўніцтва аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і пастаўшчыкоў апалубкі і будаўнічых лясоў. Здаецца, менавіта гэты факт падштурхнуў Мікалая адкрыць бізнес – хоць сам ён вылучаў такую версію: студэнтам юрфака БДУ зʼехаў у ЗША, там паўгода правёў працоўным на будоўлі і «так быў уражаны гэтай стваральнай працай, што вярнуўся з ідэяй». У любым выпадку, у 2003-м Сяргей Ермашоў, яго сыны Мікалай і Аляксей стварылі фірму, якая ў 2005-м аформілася ў ТАА «Маналіт Груп» (пры гэтым Ермашоў-старэйшы ўсё яшчэ займаў пасаду прадстаўніка замежнай кампаніі). І маладой будфірме за некалькі гадоў сталі перападаць вельмі прынадныя кавалкі, якія ў беларускай сістэме так проста ніхто ў жыцці не аддаў бы. І не толькі дамы ў цэнтры Мінска і яго прэстыжных раёнах, але і спартыўныя абʼекты – «Маналіт Груп» пабудаваў веладром і паркінг «Мінск-Арэны», гарналыжны цэнтр «Сонечная даліна». Пры гэтым асноўная частка праектаў кампаніі, заснавальніку якой не было тады і 30 гадоў, прыпадала на замовы ад дзяржбанкаў.

У пачатку верасня 2014-га кіраўніком Беларускай федэрацыі баскетбола стаў шматгадовы чыноўнік рэжыму, тады памочнік Лукашэнкі Максім Рыжанкоў. У канцы верасня ў Турцыі пачаўся ЧС па жаночым баскетболе, дзе зборная Беларусі дайшла да 1/8 фіналу. На гэтым турніры раптам пабываў Ермашоў – і нібыта так захапіўся, што ад імя «Маналіт Груп» вырашыў стаць партнёрам федэрацыі і нават аплаціў трансляцыі НБА на дзяржТБ. Рыжанкоў дапамогу прыняў, назваўшы кампанію «мецэнатам, якому даручана сканцэнтраваць асаблівыя намаганні на развіцці стрытбола». А ўжо ў пачатку лютага 2015-га Беларусі далі першы ў гісторыі ЧЕ U-18 па тым самым стрытболе, а калі больш карэктна, баскетболе 3х3. Праз пару тыдняў на выканкаме БФБ Ермашоў атрымаў афіцыйную пасаду – кіраўніка свежастворанага тэхнічнага камітэту па баскетболе 3х3 з даручэннем скласці план развіцця віду ў краіне.

Дзейнасць Ермашова ў белбаскеце атрымлівала шмат станоўчых водгукаў у прэсе. У прыватнасці, пры яго ўдзеле запусцілі беларускую лігу па баскетболе 3х3 Palova, а спортдырэктар турніру расказваў, што бізнес Ермашова «сабраў каманду прафесіяналаў і практычна штодня праяўляе самую непадробную зацікаўленасць у праекце». Пад спаборніцтвы ўладкавалі «Палава-Арэну», пляцоўку каля Палаца спорту ў Мінску. Турніры па баскетболе 3х3 сталі рэгулярнымі, на «Палава-Арэне» прайшлі нават спаборніцтвы Еўрагульняў у 2019-м. Ермашоў заставаўся кіраўніком камітэту і зʼяўляўся на ўзнагароджаннях розных спаборніцтваў да апошніх дзён, паспеў прычасціцца да нядаўніх Гульняў краін СНД.

Ермашоў (пяты злева) на ўзнагароджанні ЧБ па баскетболе 3х3, 20 жніўня 2023-га

Да пары здавалася, што ўсё добра і з бізнесам Ермашова – у 2015-м кампанія атрымала чысты прыбытак у 271 тысячу долараў, што пры агульным крызісе дазволіла ўвайсці ў топ-10 па Беларусі. Аднак да канца таго года многія супрацоўнікі «Маналіт Груп» сталі скардзіцца на нявыплаты зарплаты. З часам сітуацыя толькі пагаршалася, а ў красавіку 2017-га выявілася, што існуе мноства даўгоў і падрадчыкам – да кампаніі падалі 680 (!) пазоваў, але атрымаць практычна нічога не маглі. З «Маналіт Груп» заяўлялі, што ўсё выплацяць, проста самой кампаніі шмат павінны і не плацяць. Вось толькі дзеянні былі іншымі – з кампаніі пачалі вылучацца іншыя ТАА з «перавешваннем» даўгоў на іх. Як сталі магчымымі такія камбінацыі, якія моцна нагадвалі ашуканскія схемы? Да спонсара федэрацыі Рыжанкова, ужо першага намесніка адміністрацыі Лукашэнкі, пытанняў чамусьці не ўзнікала. Потым памянялася назва асноўнай кампаніі, а прыйшло ўсё да лагічнага фіналу: у 2019-м ужо пад імем «ЖылРусБуд» стварэнне Ермашовых было прызнана банкрутам.

Вось толькі Мікалай Ермашоў выйшаў з заснавальнікаў кампаніі яшчэ ў 2016-м, а ў 2017-м перастаў быць і дырэктарам кампаніі. Але гэта зусім не значыла, што ён сышоў з бізнесу – проста для гэтага сталі выкарыстоўвацца іншыя юрыдычныя асобы: некаторыя былі заснаваныя моцна загадзя, некаторыя апынуліся свежастворанымі. А ў 2019-м узняўся скандал з забудоўшчыкам «Прыбужскі квартал» у Брэсце – гэтая фірма знесла некалькі дамоў і пачала будоўлю на месцы габрэйскага гета, дзе прадказальна наткнулася на астанкі. Цяпер палітвязень, а тады журналіст Дзяніс Івашын правёў расследаванне – і раскрыў складаную схему кіравання братоў Ермашовых рознымі фірмамі. Акрамя таго, аказалася, што ў рэестрах Мікалай Ермашоў запісаны як грамадзянін Расіі. Скандальны дом у Брэсце, дарэчы, усё ж не пабудавалі.

У схеме можна ўбачыць і ТАА «Квад Груп». Яно пасля банкруцтва «ЖылРусБуда» купіла ягоны «комплекс спартыўнага абсталявання». А неўзабаве зʼявілася інфармацыя пра тое, што Ермашова і вярхі БФБ звінавачаныя ў махінацыях з гэтым абсталяваннем – маўляў, нібыта федэрацыя яго арандуе ў адной з фірмаў бізнесмена, а на справе грошы пераводзяцца ў наяўныя і прысабечваюцца. Але, як і раней, рэжым ніяк на такое не адрэагаваў.

У расследаванні Івашына было зафіксаванае і дачыненне кампаній Ермашова да яшчэ аднаго спартыўнага праекту – ужо ў сферы гольфа. У 2016-м Лукашэнка сваім указам аддаў дабудоўваць гольф-комплекс з жылымі дамамі пад Мінскам кампаніі «Зялёная гавань», дзе брат Мікалая Аляксей быў старшынёй назіральнай рады. Аднайменны жылы комплекс узводзіўся ў кааперацыі з іншым буйным забудоўшчыкам – «А-100». Пры гэтым «спартыўнай часткай – даглядам за гольф-палямі, развіццём інфраструктуры для гольфа і папулярызацыяй гульні» – занялася фірма «Квадрат Груп», таксама звязаная з Мікалаем Ермашовым, а працы па камунікацыях праводзіла ТАА «СУ-3 Белбуд». Гэтую фірму можна назваць асноўнай для Ермашова пасля «Маналіт Груп» – цяпер яна заяўляе ў сваім рэзюмэ шэраг «маналітаўскіх» абʼектаў, а ў некралогу на Ермашова, дзе ён названы заснавальнікам, гаворыцца, што бізнесмен «у 2016-м разам з сямʼёй пачаў імкліва аднаўляць адзіныя гольф-палі ў Беларусі», а да моманту смерці забяспечваў падтрымку «адзінай арганізацыі, якая арганізуе трэнаванні і турніры на дадзеных палях міжнароднага стандарту».

Дзмітрый Баскаў (трэці злева) і Мікалай Ермашоў (крайні справа) на «Мінск-Арэне»

Паспела сямʼя Ермашовых перасекчыся і са згаданым Басковым. Так, у расследаванні kyky.org гаварылася, што непасрэдна ад Ермашовых Баскаў атрымаў сваю долю ў ТАА «Датч Стар» – скандальным забудоўшчыку, які выклікаў мітынгі спробамі знішчыць Грушаўскі сквер. А ў 2020-м усяго за 241 рубель Баскаў набыў 10% ТАА «Смарт Тэлекам», стаўшы саўладальнікам нараўне з братам і бацькам Мікалая Ермашова.

У выніку Ермашоў стаў кіраўніком апякунскай рады СДзЮШАР БФСТ «Дынама» – там Баскаў доўга быў дырэктарам і да гэтага часу апякуецца над школай, якая ў пачатку 2023-га была перайменаваная ў «Дынама-Джуніверс». У траўні Ермашоў рабіў прамову на закрыцці сезону для каманд школы – дзякаваў «Дынама» за рэбрэндынг і федэрацыі хакея за «развіццё да лепшага», – а Баскаў назіраў за гэтым з залы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты