Tribuna/Хакей/Блогі/Піцер забраў у Мінска рэкорд сезона КХЛ па гледачах, перапісаўшы лічбы. Але «Цмокі» ў свой час рабілі яшчэ круцей

Піцер забраў у Мінска рэкорд сезона КХЛ па гледачах, перапісаўшы лічбы. Але «Цмокі» ў свой час рабілі яшчэ круцей

І тут Расія вучыцца ў Беларусі, ды з замахам на сусветны рэкорд.

Аўтар — bytribuna com
14 лютага, 17:21
Піцер забраў у Мінска рэкорд сезона КХЛ па гледачах, перапісаўшы лічбы. Але «Цмокі» ў свой час рабілі яшчэ круцей

У нядзелю на новай піцерскай «СКА Арэне» прайшоў першы матч, у якім СКА разграміў «Сочы» 8:1. Падчас трэцяга перыяду дыктар агучыў лічбу наведвальнасці – 21 481 глядач. Пасля прэс-служба СКА паведаміла, што гэта новы сусветны рэкорд. Праўда, неўзабаве журналісты ў Расіі выступілі з абвяржэннем – аказалася, што ў студзені 2009-га ў НХЛ на матч паміж «Чыкага» і «Калгары» сабралася 22 146 чалавек.

У СКА не разгубіліся і агучылі новыя звесткі па гульні супраць «Сочы». Старшыня рады дырэктараў клуба Аляксандр Мядзведзеў заявіў, што ранейшая лічба грунтавалася на колькасці квіткоў, што прадалі, а насамрэч у нядзелю на «СКА Арэне» быццам бы было на 2 264 чалавекі болей. Маўляў, наведвальнасць павялічылі за кошт гасцей, сваякоў хакеістаў і валанцёраў. Так наведвальнасць вырасла з 21 481 да 23 745 чалавек – ну дакладна «чысты» сусветны рэкорд! Пры гэтым заяўленая ўмяшчальнасць «СКА Арэны» складае ўсяго 21 500 чалавек.

Папярэдні рэкорд лігі на матчах пад дахам належаў пражскай «O2 Арэне». У красавіку 2014-га гульня славацкага «Льва» супраць магнітагорскага «Металурга» сабрала 17 073 гледачы. А вось рэкорд наведвальнасці ў сезоне КХЛ-2023/24 належаў «Мінск-Арэне», дзе за рэгулярку пяць разоў збіралі аншлагі па 15 086 гледачоў (20.09.2023 – «Лакаматыў» (1:4), 22.10.2023 – «Салават Юлаеў» (3:2 ОТ), 06.11.2023 – «Авангард» (3:4 БУЛ), 24.11.2023 – ЦСКА (0:4), 28.01.2024 – «Сібірь» (4:1)).

Але не толькі ў Санкт-Пецярбургу ўмеюць ставіць рэкорды і перапісваць заднім чыслом пратаколы. І тут Беларусь выступіла «эксперыментальным палігонам» для расіян.

У сакавіку 2022-га ў Менску адбылася нават больш абсурдная гісторыя. Мясцовы баскетбольны клуб, які тады яшчэ ўдзельнічаў у Лізе ВТБ пад назвай «Цмокі», зладзіў традыцыйны для сябе разавы згон заўзятараў, каб завалодаць рэкордам наведвальнасці ў чэмпіянаце-2022/23. Зганялі, як звычайна, на «Мінск-Арэну» – у выніку гульня з расійскім «Аўтадорам» сабрала 5898 гледачоў.

Менавіта столькі запісалі ў афіцыйны пратакол, і гэтага было дастаткова, каб абысці самы папулярны матч сезона да таго – у расійскай Пермі на «Парму» і «Енісей» прыйшлі 5621 глядач. Аднак праз пару дзён ліга абʼявіла, што ў Мінску на трыбунах было 7925 чалавек – на дзве тысячы (або на 34 працэнты) больш, чым першапачаткова. Чаму звесткі абнавілі, для чаго гэта было зроблена – незразумела. Затое беларускі рэкорд стаў яшчэ больш пераканаўчым, і ніхто ў Расіі аспрэчваць яго не стаў.

Напэўна і хакейны СКА разлічвае, што па яго нібыта сусветнаму рэкорду таксама не ўзнікне ніякіх пытанняў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты