Усе навіны

Іван Ганін: «Перасякаўся з Пестраком, якога судзяць за «тэрарызм». Думаў, што Эдуард — як службовы сабака, аказалася, нешта ўнутры ў яго ёсць»

21 студзеня 2023, 11:31

Срэбны прызёр чэмпіянатаў свету па кікбоксінгу Іван Ганін у інтэрв’ю тэлеграм-каналу «О, спорт, ты – свет!» распавеў як перасякаўся на спаборніцтвах з былым амапаўцам Эдуардам Пестраком, якога судзяць за так званы тэрарызм.

– Ты на рынгу або на трэніроўках сустракаўся з сілавікамі?

– Біўся неяк з адным хлопцам, які апасля пайшоў працаваць у АМАП, але ўвосень 2020-га звольніўся адтуль. Затое я вучыўся ў БДУФК з сілавікамі.

– Якое яны пакідалі ўражанне?

– Як табе сказаць... Мне здаецца, што зусім тупыя прадстаўнікі сілавога блока, АМАПу, застаюцца на сваіх месцах усё жыццё, па службе асоба не прасоўваюцца. А ёсць іншая катэгорыя людзей – таксама тупыя, але больш хітрыя – і яны прасоўваюцца. Вось так бы я ахарактарызаваў сілавікоў. Дарэчы, неяк перасякаўся на спаборніцтвах з Эдуардам Пестраком, якога зараз судзяць за [так званы] тэрарызм. Гэта былы амапавец. Калі прачытаў навіны пра яго, быў у шоку. Шчыра, думаў, што Эдуард – як службовы сабака, які выканае любы загад. Скажуць фас – пабяжыць і ўкусіць. Але, аказалася, нешта ўнутры ў яго ёсць, мяне гэта вельмі здзівіла. І мне бы хацелася папрасіць прабачэньне ў яго за свае думкі, - сказаў Ганін.