Усе навіны

Прадстаўнік БФСС Котаў: «Мы лічым, што спорт па-за палітыкай, то бок па-за прапагандай дыктатуры і агрэсіўнай вайны. Гэта не палітыка, а проста свядомы чалавечы выбар»

11 лістапада 2022, 11:20

Прадстаўнік Беларускага фонда стартовай салідарнасці і экс-генсак НАК Анатоль Котаў падзяліўся меркаваннем, як БФСС трактуе выраз «спорт па-за палітыкай».

– Зараз у БФСС ёсць новыя накірункі працы. Па-першае, спорт павінен быць па-за палітыкай. Хутчэй за ўсё ў нашай трактоўцы гэта гучыць так, што нельга спорт выкарыстоўваць для прапаганды дыктатуры. І адзін з напрамкаў – гэта пазбаўленне выступаць на міжнародных спаборніцтвах тых, хто адкрыта падтрымлівае, альбо расійскую агрэсію, альбо лукашэнскаўскі рэжым, што зараз практычна тое самае.

– Вось дзіўна гучыць зараз у дадзеным выпадку фраза, што «спорт па-за палітыкай». Хай нават з такім тлумачэннем, што спартсмены не павінны падтрымліваць дыктатуру і іншыя гвалтоўныя дзеянні, але ў той жа час, скажам, нейкую дапамогу спартсменам і Фонд, і іншыя ўстановы не аказваюць, калі спартсмен не падпіша ліст супраць вайны ва Украіне.

– Не, гэта не зусім так. Па-першае, дапамогу мы аказваем за тое, што людзі пацярпелі за свае погляды, якія можна лічыць палітычнымі, а можна лічыць проста агульна грамадскімі, таму што сказаць, што вайна – гэта неправільна і яе трэба спыніць – можна назваць палітыкай, а можна назваць агульначалавечай нармальнай пазіцыяй.

Мы прытрымліваемся таго, што гэта не з’яўляецца палітыкай, а з’яўляецца проста свядомым чалавечым выбарам. Нельга падтрымліваць агрэсіўную вайну, якія б палітычныя погляды ты не маеш.

Таму можна казаць, што ў гэтым выпадку мы лічым, што спорт па-за палітыкай, то бок па-за прапагандай дыктатуры і агрэсіўнай вайны. Калі ёсць іншы падыход, дык мы не будзем спрачацца, не будзем удавацца ў тое, што гэта палітыка ці не, але галоўнае, што гэта агульначалавечы падыход.

Каб разлічваць на больш сур’ёзную падтрымку, трэба падпісаць фактычна ўжо міжнародную Антываенную дэкларацыю, якую падпісалі спартсмены з 27 краін свету, і якая асуджае агрэсіўную вайну супраць Украіны. Гэта адзін з крытэрыяў, які дазваляе казаць, што менавіта гэты спартсмен заслугоўвае таго, каб прадстаўляць сябе на міжнародным узроўні, таму што ён відавочна не спартсмен, які падтрымлівае вайну. Іначай яму няма месца на міжнародных спаборніцтвах.

Як раз другі напрамак працы БФСС – каб санкцыі былі, але яны былі эфектыўныя і мэтанакіраваныя супраць тых, хто падтрымілівае рэжымы, якія развязалі вайну. І былі адмысловыя і простыя крытэрыі, каб чалавек, які не падтрымлівае крывавую бойку супраць Украіны і не падтрымлівае расійскі і беларускі рэжымы, маглі мець шанец выступіць на міжнародных спаборніцтвах.

Дзеці ў любым выпадку павінны быць дапушчаны да таго, каб займацца спортам у іншых краінах ці выступаць на нейкіх спаборніцтвах. Таму казаць, шо БФСС выступае толькі за санкцыі, – гэта зусім не так. Мы выступаем за то, каб караліся тыя, хто могуць кваліфікавацца як тыя, хто нясе калектыўную адказнасць за дзейнасць беларускага і расійскага рэжыму, – сказаў Котаў.

⚽️Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com