Усе навіны

Непрызнаны кіраўнік НАК Беларусі Віктар Лукашэнка пра магчымы допуск да міжнародных спаборніцтваў: «Ёсць моманты, якія мы ніколі не пераступім. Ёсць прынцыпы, якім будзем прытрымлівацца»

2 траўня 2023, 23:15

Непрызнаны кіраўнік НАК Беларусі Віктар Лукашэнка падзяліўся меркаваннем пра магчымы допуск беларускіх атлетаў на міжнародныя спаборніцтвы.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Тут павінна быць пэўная чырвоная рыса, за якую мы не можам пераступіць: толькі пры [ўмове] павагі нашай краіны, толькі пры [ўмове] павагі да нашых спартсменаў мы зможам прымаць удзел у гэтых спаборніцтвах.

Мы не кідаемся з галавой у вір – толькі дапусціце нас, не. Натуральна, ёсць пэўныя моманты, якія мы ніколі не пераступім. Ёсць прынцыпы, якім будзем прытрымлівацца, – сказаў Лукашэнка ў эфіры праграмы «Спорт-Кадр».