Все новости

Украіна патрабуе ад МАК умяшацца і адхіліць ад спаборніцтваў беларускіх і расійскіх атлетаў, якія падтрымліваюць вайну

7 лютага, 17:32

Намеснік міністра моладзі і спорту Украіны па еўрапейскай інтэграцыі Андрэй Часнакоў і член Камісіі атлетаў НАК Украіны Уладзіслаў Гераскевіч правялі сустрэчу з членам Выканкама МАК, старшынёй Камісіі атлетаў МАК Эмай Тэрхо.

На гэтай сустрэчы Часнакоў і Гераскевіч прывялі прыклады таго, што міжнародныя федэрацыі грэбуюць доказамі, якія сведчаць аб падтрымцы вайны рускімі і беларускімі атлетамі.

Часнакоў заявіў, што гэта падвяргае сумневу агучаную прэзідэнтам МАК Томасам Бахам пазіцыю, што ўсе міжнародныя спартовыя федэрацыі эфектыўна выконваюць рэкамендаваныя ўмовы МАК адносна допуску індывідуальных нейтральных атлетаў.

«А ў сувязі з безадказным рашэннем Выканкама МАК аб допуску спартсменаў з дзяржаў-агрэсарак на Алімпіяду ў Парыжы, дзе зноў дакладна не вызначаны крытэрыі нейтральнасці і дакладныя механізмы маніторынгу фактаў падтрымкі вайны, гэта стварае яшчэ больш перадумоў для нежадання атлетаў з многіх краін прымаць удзел спаборніцтвах сумесна з паслугачамі забойцаў украінцаў», – дадаў Часнакоў.

У адказ Эма Тэрхо адзначыла, што выказаныя ўкраінскім бокам аргументы будуць даведзены да ведама членаў Выканкама МАК і Камісіі атлетаў МАК.