Все новости

Гарналыжніца Шканава: «Люблю машыны і матацыклы, бывае, парушаю хуткасны рэжым. Вольна размаўляю на славенскай»

5 лютага, 19:43

Натуралiзаваная расiянка, гарналыжніца зборнай Беларусi Марыя Шканава расказала пра сваю адукацыю i стаўленне да экстрыму.

– Спачатку скончыла Уральскі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, атрымала спецыяльнасць «трэнер». Затым – магістратуру БДУФК. Яшчэ Магнітагорскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «эканаміст-маркетолаг». Мне падабаецца вучыцца. Вывучаю замежныя мовы. Вольна размаўляю на англійскай і славенскай, зараз вучу нямецкую.

– Ці ёсць нешта, чаго вы баіцеся?

– Як бы гэта смешна не гучала, больш за ўсё я баюся прусакоў! Калі баішся [у спорце], ніколі не даможашся выніку. Калі я на лыжах, то не адчуваю страху, а атрымліваю задавальненне ад спуску. Наогул, самую высокую хуткасць у нашым відзе спорту развіваюць у хуткасным спуску – яна можа дасягаць 150-160 кіламетраў за гадзіну. У слаламе ж сярэдняя каля 60.

Я люблю хуткасць, люблю машыны і матацыклы, ездзіць за рулём і, прызнаюся, бывае, парушаю хуткасны рэжым. Вельмі хацелася б паспрабаваць сапраўдны балід «Формулы-1». Я неяк ездзіла на сімулятары, але гэта, вядома ж, зусім не тое.

– У вас вельмі траўманебяспечны від спорту. Ці шмат было пашкоджанняў за гады кар'еры?

– Здараліся сурʼёзныя падзенні, пасля якіх пачыналіся праблемы са спіной. У 2015 годзе мне выдалілі міжпазваночную кілу. Траўмы былі, але завяршыць з-за іх карʼеру ніколі не хацелася.

– А рызыковыя ўчынкі здзяйснялі?

– Хм… Гарналыжны спорт сам па сабе дастаткова рызыковы. Калі не лічыць гэтага, то аднойчы скокнула з тарзанкі. Было страшна, але ў той жа час класна! – сказала Шканава.