Все новости

Вадзім Сашурын: «Сабаленка – не суперталенавітая тэнісістка, але зрабiла сябе працай, сілай волi»

27 снежня, 13:01

Экс-біятланіст Вадзім Сашурын, які таксама працаваў трэнерам АФП у гандболе і тэнісе, падзяліўся думкамі пра важнасць розных чалавечых якасцей для спартсменаў.

– Ці можа талент без стараннасці альбо стараннасць без таленту прывесці да спартыўнай вяршыні?

– Гэта складаны аспект. Не так ужо часта ў чалавеку супадаюць талент і жаданне працаваць на поўную. Я б нават сказаў, што жаданне шмат і добра працаваць – гэта таксама талент.

Але вось у тэнісе адоранасць выходзіць на першае месца. Уменне выбіраць граматную стратэгію, зрастанне з ракеткай, пачуццё корта – гэта збольшага прыроднае. У гандболе значную ролю адыгрывае селекцыя. Нізкаросламу гульцу ці не хуткаснаму ад прыроды канкураваць з грэнадзёрам за два метра ростам або з «бягунком» – сумнеўная перспектыва. А ў лыжных гонках поспех вызначае, па большай частцы, працавітасць, імкненне выконваць тыя аб'ёмы працы, якія дазваляюць увесь час прагрэсаваць.

Але Арына Сабаленка за кошт працавітасці, стараннасці, прафесіяналізму прабілася на найвышэйшы ўзровень. Той трэніровачны матэрыял, які прапанаваў ёй я, яна выконвала на 100%. І нават больш. Я адпрацаваў з ёю пяць гадоў. Вельмі добра вывучыў чалавека і магу сказаць: Сабаленка – той выпадак, калі не суперталенавітая тэнісістка працай, стараннасцю, сілай волі зрабіла сябе сама, – сказаў Сашурын.