Tribuna/Футбол/Блогі/Скавыш зрабіў унікальны дубль – папярэдні такі быў у «Нёмана» ў 2008-м і запусціў скандал з трагічным фіналам

Скавыш зрабіў унікальны дубль – папярэдні такі быў у «Нёмана» ў 2008-м і запусціў скандал з трагічным фіналам

Успамінаем, як распалася «Дарыда».

8 траўня, 13:28
Скавыш зрабіў унікальны дубль – папярэдні такі быў у «Нёмана» ў 2008-м і запусціў скандал з трагічным фіналам

«Тарпеда-БелАЗ» на сцяжку вырвала перамогу ў «Мінска» (2:1) у 7-м туры вышэйшай лігі. Жодзінцы прапусцілі ў сярэдзіне другога тайма (перадачу Радзівона Пячуры галавой замкнуў Валянцін Дзехціеўскі). Аднак апошняе слова засталося за адным з галоўных джокераў ЧБ – Максімам Скавышам, які з'явіўся на полі пасля перапынку і здолеў адзначыцца двума забітымі мячамі на 89-й і 90-й хвілінах.

Цікава, што гэта толькі другі выпадак у чэмпіянаце Беларусі, калі каманда, якая саступала, перавярнула гульню дзякуючы двум мячам аднаго гульца. Папярэдні раз такое здаралася ў далёкім 2008-м, калі дубль Дзмітрыя Кавалёнка ў канцы сустрэчы дапамог «Нёману» абгуляць «Дарыду» 2:1. Сама ж гульня скончылася магутным скандалам, які ў выніку прывёў да развалу «мінеральных».

У 2007-м бос «Дарыды» (што клуба, што завода напояў) Уладзімір Дзялендзік як след уклаўся ў клуб, які не падымаўся вышэй за 8-ы радок у Д1 – галоўным трэнерам стаў Анатоль Байдачны, быў набраны вельмі прыстойны па беларускіх мерках склад. Але пашумець не атрымалася – ужо ўлетку Байдачны пакінуў каманду, якая па выніках сезона стала 11-й. Перад сезонам-2008 Дзялендзік перакруціў стратэгію – клуб уключыў рэжым жорсткай эканоміі, расстаўся з большасцю дасведчаных гульцоў і большую частку ростара запоўніў навічкамі «вышкі», толькі раз замест былых чатырох выбраўся на замежныя зборы. Але ў перадсезонцы пры гэтым «Дарыда» не прайграла.

Стартавы тур ЧБ таксама, здавалася, да паражэння не прывядзе – «мінеральныя» бадзёра адбіваліся ад дзейнага чэмпіёна БАТЭ ў Барысаве. Але ў канцы матчу арбітр Ігар Крук прызначыў пенальці ў вароты «Дарыды» – і барысаўцы выйгралі 1:0. Пасля матчу з гэтай нагоды пайшла бойка, а галоўны трэнер гасцей Вадзім Бразоўскі заявіў: «Пакуль бандыты будуць у нашай краіне прысутнічаць, якія будуць судзіць матч… Нельга так рабіць, разумееце, нельга!».

Крук у выніку быў дыскваліфікаваны на паўсезона, але ўжо ў наступным туры «Дарыда», прайграўшы «Савіту» (0:1), абуралася тым, як судзіў Мікалай Пырэеў – яго пакаралі двума матчамі бана. Далей пайшло быццам бы без вялікіх скандалаў, але самой гульнёй неабстраляная «Дарыда» не радавала – і пасля 25 тураў дзяліла апошняе месца з мінскім «Лакаматывам». У 26-м туры чакаў матч з «Нёманам» – супернік быў наперадзе толькі на чатыры пункты, так што меўся відавочны шанец паправіць свае справы перамогай, няхай і ў гасцях.

У выніку менавіта гульня ў Гродне 5 кастрычніка 2008-га стала канчатковай для «Дарыды» як клуба. На 24-й хвіліне каманда павяла, а ўжо на 37-й Антуан Маёраў даў Ігару Зяньковічу другую жоўтую картку, пакінуўшы «мінеральных» у меншасці. Нават так на 52-й хвіліне госці забілі зноў, але Маёраў пасля абмеркавання з лайнсменам Дзмітрыем Сямёнавым адмяніў мяч (пазней гульцы «Нёмана» запэўнівалі, што іх кіпера да моманту гола ўдарыў супернік, таму падказка бакавога аднавіла справядлівасць). Акрамя таго, галоўны арбітр паказаў «Дарыдзе» яшчэ шэсць жоўтых, а да асноўнага часу дадаў, на думку гасцей, больш, чым мусіў – у выніку на 92-й і 95-й дубль аформіў Дзмітрый Кавалёнак, і гульня скончылася 2:1 на карысць «Нёмана». Бразоўскі сказаў, што «брыгада забівала» яго каманду, і цяпер «хлопцы рыдаюць у распранальні», судзейскі камітэт (у адрозненне ад інспектара, які паставіў высокую ацэнку) вырашыў, што Маёраў і Сямёнаў памылкова адмянілі другі гол «мінеральных» (іншых прэтэнзій да працы не прынялі) – суддзяў забанілі да канца сезона.

Але ўгневанаму Дзялендіку гэтага было ўжо мала. 7 кастрычніка ў АБФФ адправіўся ліст за подпісамі 28 прадстаўнікоў «Дарыды», дзе ўспомнілі ранейшыя судзейскія скандалы (таксама два пенальці ў свае вароты ад Аляксея Кульбакова) і не стрымліваліся ў выразах: «Нядобрасумленныя арбітры працягваюць злоўжываць паўнамоцтвамі пры падтрымцы і па ўказанні ўплывовых у футболе асоб. У выніку прыватныя каманды, якія не патрэбны федэрацыі, аказваюцца бездапаможнымі і вылятаюць з вышэйшай лігі не ў сілу нізкага спартыўнага майстэрства, а ў выніку закулісных гульняў. Суддзя Маёраў падаўжаў гульню да таго часу, пакуль «Нёман» не выйграў».

Акрамя таго заяўлялася, што клуб не стане пералічваць АБФФ рэшту заявачнага ўнёску, А ў канцы тэксту «Дарыда» высунула небывалы ультыматум: ануляваць гродзенскі вынік і прызначыць паўторную гульню – інакш каманда байкатуе сустрэчу наступнага тура з «Гранітам»!

У федэрацыі адказалі толькі, што ў выпадку няяўкі разбяруцца з «мінеральнымі» па дысцыплінарным кодэксе. 12 кастрычніка суддзі і «Граніт» прыехалі на стадыён «Дарыды», але нават не змаглі туды патрапіць – усе ўваходы і ўезды былі зачыненыя, а на галоўных варотах вісеў плакат: «Вярніце 3 пункты за «Нёман».

14 кастрычніка АБФФ вынесла вердыкт па сітуацыі: «Дарыдзе» залічылі тэхнічную паразу 0:3, прысудзілі штраф у 500 базавых велічынь, а Дзялендзіка дыскваліфікавалі на паўгода. Але яму было ўжо ўсё роўна: за дзень да таго бізнесмен аб'явіў пра складанне сваіх паўнамоцтваў у клубе і выступіў у СМІ, дзе заявіў, што даўно стаў непажаданым для федэрацыі і асабіста для яе боса Генадзя Нявыгласа праз крытыку (і гэта нібыта каштавала карʼеры дэпутата ). Дзялендзік быццам бы яшчэ на пачатку сезона зразумеў, што «Дарыдзе» няма месца ў «вышцы», сіл змагацца не засталося, а сваім стаўленнем «федэрацыя адбіла ахвоту развіваць беларускі футбол». Пасля гэтага і стадыён клуба, які бізнесмен спачатку хацеў прадаць АБФФ, быў прапанаваны Юрыю Чыжу – так зʼявілася «Дынама-Юні». «Дарыда» дагуляла тры туры, што заставаліся, не набрала пунктаў і з апошняга месца вылецела з «вышкі» – і ад таго часу, як і Дзялендзік, з белфутбола знікла.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты