Tribuna/Бокс/Блогі/Бацька прывёў Усіка ў бокс. Але так і не ўбачыў яго найвялікшыя перамогі

Бацька прывёў Усіка ў бокс. Але так і не ўбачыў яго найвялікшыя перамогі

Дзякуючы яму Аляксандр стаў чэмпіёнам.

19 траўня, 10:40
1
Бацька прывёў Усіка ў бокс. Але так і не ўбачыў яго найвялікшыя перамогі

«Бацька, ты чуеш мяне? Мы гэта зрабілі!» – такой была першая рэакцыя цяпер ужо двухразовага абсалюту Аляксандра Усіка пасля абвяшчэння Майкла Бафера пра тое, што менавіта ўкраінец стаў пераможцам бою стагоддзя з Тайсанам Ф’юры.

Гэта прысвячэнне мае глыбокі падтэкст – менавіта бацька ў свой час прывёў Аляксандра ў бокс, першым разгледзеўшы ў сыне талент да гэтага віду спорту.

На жаль, Аляксандр Усік-старэйшы так і не ўбачыў нават першую вялікую перамогу сына, золата Алімпійскіх гульняў у Лондане. Аднак без яго першае ў гісторыі абсалютнае чэмпіёнства ў хэвівэйце для Украіны дакладна б не адбылося.

***

Пасля бою з Гасіевым у 2018 годзе Аляксандр Усік выдаў вельмі крутую прамову, прысвяціўшы перамогу сваім бацькам: «Гэтую перамогу я хацеў бы прысвяціць бацькам. Майго бацькі, на жаль, няма, але ён бачыць, што адбываецца. Мой бацька – першы чалавек, які прывёў мяне ў бокс, казаў, што я змагу дабіцца поспеху».

Усік мог і не стаць баксёрам. Ззамаладу ён гуляў у футбол на пазіцыі левага паўабаронцы і нават выступаў за юнацкую каманду «Таўрыі». Але падчас аднаго з матчаў супернік нецэнзурна выказаўся ў бок Сашы.

«Я не стрымаўся і… даў яму «бакавуху». Прычым так, што накаўтаваў. Зразумелая справа – чырвоная картка, «выгнанне» з каманды. Трэнер сказаў – маўляў, папросіш прабачэння перад ім і ўсёй камандай за тое, што нарабіў, мы цябе возьмем назад. Я з хлопцамі пагаварыў і сказаў, што ні перад кім прасіць прабачэння не стану, таму што меў рацыю ў гэтай сітуацыі. З тым хлопцам быў згодзен «перацерці» і ўладзіць усё, калі б ён таксама папрасіў прабачэння. Але не склалася… Увогуле, я сышоў з футбола», – згадваў сітуацыю Усік.

Зрэшты, пазней ён не раз заяўляў, што галоўнай прычынай сыходу з футбола было тое, што ў сям'і не было грошай. У 15 гадоў Усік пайшоў у баксёрскую секцыю, дзе яго бясплатна трэніраваў першы трэнер Сяргей Лапін.

Чаму бокс? Бацька казаў, што ў мяне можа атрымацца, – распавядаў Усік. – Я казаў, што мне падабаецца футбол. Які там бокс! Там б'юць. А ён кажа: «Для таго, каб цябе не білі, павінен біць ты».

Бацька Усіка, таксама Аляксандр, і сам у маладосці займаўся боксам. Ён быў вайскоўцам і прайшоў Афган, пасля чаго працаваў у ахове на будаўніцтве. У 1984-м у Крыме ён пазнаёміўся з Надзеяй, якая ў той час мела дачку ад першага шлюбу. Праз тры гады нарадзіўся Аляксандр Усік-малодшы. Амаль увесь час яны жылі ў Крыме – толькі ненадоўга пераязджалі ў роднае сяло мамы Рыбацін.

Па словах Сашы, менавіта бацька выхаваў у ім любоў да сваёй краіны. «Бацька казаў мне – ты ўкраінец», – згадваў ён. Ды і ўвогуле Аляксандр Анатольевіч навучыў Сашу многім мудрасцям: «Бацька неяк мне сказаў, можа, і грубую рэч, але жыццёвую: калі ты тупы – ты нікому не патрэбны. Таму вучыўся на цвёрдыя «тройкі», «чацвёркі», а часам і «пяцёркі». Я ж за «двойкі» выграбаў ад бацькі па поўнай праграме – не адзін затыльнік атрымаў».

Бацька ўплываў на жыццё будучага абсалютнага чэмпіёна ў шмат якіх аспектах. Нават у момантах, якія тычацца выбару адзення.

«За модай я ніколі не ганяўся. Тое, што падабалася, тое і купляў. Хаця, напрыклад, бацька ў мяне традыцыйных поглядаў. І мяне прымушаў апранацца класічна ў нашым разуменні. Яму было незразумела, як гэта насіць шырокія або ірваныя штаны. Але я не слухаў яго. Што падабалася, тое і апранаў. Калі не мог купляць сам, прасіў тату з мамай купляць мне такія рэчы, якія мне падабаюцца. Вядома, калі яны былі па кішэні».

А вось што згадвала Сашына старэйшая сястра Вікторыя:

«Тата ніколі не кажа Сашы: «Малайчына, сынок, ты самы лепшы». Наадварот, крытыкуе, аналізуе яго баі. Увогуле, падганяе брата такім чынам. Таму для яго пахвала таты – гэта яшчэ адзін алімпійскі медаль».

Праўда, алімпійскі медаль сына Аляксандр Анатольевіч так і не ўбачыў.

«Калі я прыехаў з Алімпійскіх гульняў, ён ужо ляжаў у «драўляным чахле». Я дастаў медаль з сумкі, узяў яго руку і сціснуў, сказаў, маўляў, вось яна. І сышоў з пакоя. Вельмі яго не хапае, бо гэта быў чалавек, які мог адным словам, нават позіркам… Паглядзеў – і я яго разумеў, разумеў, што трэба зрабіць. Калі ён сышоў, я зразумеў, што зараз я галава сям'і. Цяпер мне трэба рабіць усё тое, што ён будаваў», – згадваў Усік.

Шмат хто кажа, што смерць бацькі моцна паўплывала на кар'еру Аляксандра. Яму прыйшлося адкласці пераход у прафесійны бокс у год. Але менавіта тады Аляксандр патрапіў у легендарную каманду «Украінскіх атаманаў», а пазней падпісаў кантракт з кампаніяй братоў Клічко.

Хто ведае, як бы склалася кар'ера Аляксандра, калі б не яго бацька. Магчыма, у Украіны быў бы яшчэ адзін дыхтоўны футбаліст, але дакладна не было б абсалютнага чэмпіёна свету.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты