Усе навіны

Эрытрэя не будзе гуляць у адборы на ЧС-2026. Рэпрэсіўныя ўлады баяцца, што гульцы будуць прасіць палітычны прытулак

14 лістапада, 15:45

Зборная Эрытрэі адмовілася ад удзелу ў афрыканскім адборы на ЧС-2026.

Як паведамляе The Guardian, такое рашэнне звязана з тым, што ва ўладзе краіны асцерагаюцца ўцёкаў гульцоў. Чыноўнікі лічаць, што яны могуць папрасіць палітычны прытулак ад рэпрэсіўнага рэжыму прэзідэнта Эрытрэі Ісаяса Афверкі ў іншых краінах падчас паездак на выязныя матчы. Цяпер у краіне значная колькасць грамадзян абавязана пажыццёва служыць у войску.

Нацыянальная Федэрацыя футбола Эрытрэі (ENFF) ніяк не пракаментавала сваё рашэнне і не патлумачыла яго Афрыканскай канфедэрацыі футбола (CAF). Некаторыя члены ENFF спрабавалі пераканаць міністэрства спорту і культуры даць камандзе дазвол на гульню, але ім адмовіў Земедзе Тэкле, кіраўнік федэрацыі камісар па спорце і культуры.

16 лістапада Эрытрэя павінна была згуляць свой стартавы матч адбору супраць Марока. Гэтая гульня адменена. Зборная Эрытрэі не гуляла са студзеня 2020 года, а ў афіцыйных матчах – з 2019 года. Яна была выключаная з рэйтынгу ФІФА.