Усе навіны

Захар Чарвякоў: «БАТЭ нічым не здзівіў. «Віцебск» разбіраў іх гульню і тое, што нам паказвалі на разборах, мы і ўбачылі на полі»

27 красавіка, 13:48

Нападнік «Віцебска» Захар Чарвякоў падзяліўся эмоцыямі пасля хатняй перамогі над БАТЭ (1:0) у рамках 6-га тура чэмпіянату Беларусі.

– Захар, віншую з перамогай! Як ацэніце сённяшні матч?

– Дзякуй! Сама гульня была без асаблівых момантаў. Можа поле на гэта паўплывала. Усе спрабавалі прывыкнуць да яго. А так, па сутнасці ўвесь матч прайшоў у цэнтры поля.

– Чым здзівіў БАТЭ?

– Калі шчыра, то спаборнік нічым не здзівіў. Мы разбіралі іх гульню і тое, што нам паказвалі на разборах, мы сёння і ўбачылі на полі.

– За кошт чаго ўдалося атрымаць перамогу?

– Перамагчы ўдалося за кошт выразных камандных дзеянняў у абароне і атацы.

– Ці можаце сказаць, што каманда набірае ход?

– Несумненна. Галоўнае, каб гэты момант падоўжыўся як мага даўжэй. Хочацца паказваць упэўненую гульню і далей.

– Наступны матч у «Віцебска» пройдзе ў гасцях у дзейнага чэмпіёна. Ці будзеце неяк па-асабліваму рыхтавацца да гэтай сустрэчы?

– У нас аднолькавая падрыхтоўка да ўсіх спаборнікаў. Няма такой каманды, пад якую ў «Віцебска» будзе пэўны трэніровачны працэс.

– Абыгралі «Нёман» з лікам 1:0, сёння з такім жа вынікам разышліся з БАТЭ. Як лічыце, чаму ў «Віцебска» так нягуста з забітымі мячамі?

– Пакуль яшчэ намацваем сваю гульню ў атацы. Галоўнае – перамога, а не тое, колькі каманда забіла або прапусціла, – сказаў Чарвякоў.