Tribuna/Футбол/Блогі/Алехандра Гарнача – другі Раналду для «МЮ», калі клуб яго не загубіць

Алехандра Гарнача – другі Раналду для «МЮ», калі клуб яго не загубіць

Ужо ўражвае не менш, чым 19-гадовы Крыш.

25 сакавіка, 14:48
1
Алехандра Гарнача – другі Раналду для «МЮ», калі клуб яго не загубіць

Сезон 2023/24 у выкананні «Манчэстэр Юнайтэд» – калі не турбулентны, то як мінімум не надта стабільны. У каманды шмат праблем на розных узроўнях: кадравыя страты, унутраныя канфлікты, хісткае становішча галоўнага трэнера, змена кіраўніцтва і іншае.

На фоне хаосу лёгка вылучыць нейкія станоўчыя моманты, таму што яны рэдкія і досыць прыкметныя ў патоку пастаяннага негатыву. Адзін з іх – імклівы прагрэс 19-гадовага вінгера Алехандра Гарнача, які, напэўна, з'яўляецца самым стабільным гульцом і рэдкай светлай плямай у «чырвоных дʼяблаў» (разам хіба што з іншым тынэйджарам Кобі Майну, які нават атрымаў дэбютны выклік у зборную Англіі).

Расказваем, адкуль наогул узялася новая зорка «МЮ» і чаму велізарныя авансы зʼяўляюцца апраўданымі.

Гарнача – яшчэ адзін гулец, якога страціла Іспанія. Кіраўнік Акадэміі «МЮ» жартуе, што пераходу з «Атлетыка» маглі перашкодзіць яго дзеці

Па стане на сёння Гарнача адгуляў ужо 4 матчы за зборную Аргенціны, але нарадзіўся ў Іспаніі і ўсё дзяцінства правёў у мястэчку на ўскраіне Мадрыда. Бацька – іспанец, а маці – аргенцінка, дзякуючы чаму ў Алехандра быў выбар нацыянальнай зборнай. Вінгер вырас у Араёмаліносе – муніцыпалітэце ў складзе аўтаномнай супольнасці Мадрыда, які размяшчаецца ў гадзіне язды ад цэнтра горада. Там хадзіў у школу (журналісты брытанскага The Telegraph нядаўна наведалі яе для свайго матэрыялу і дазналіся, што Гарнача быў ледзь не выдатнікам) і пачаў гуляць у футбол.

Першай прафесійнай камандай стаў «Хетафэ», які месціцца таксама недалёка ад Мадрыда. Наступны крок – акадэмiя «Атлетыка», дзе Гарнача па-сапраўднаму заззяў: найлепшы бамбардзір розных першынстваў і дэбют у 15-гадовым узросце за каманду U-19. Не дзіўна, што тады Алехандра прыцягнуў увагу скаўтаў іншых топклубаў – на яго ў прыватнасці прэтэндавалі «Рэал» і «Барусія» Дортмунд. Найбольш настойлівым аказаўся «Манчэстар Юнайтэд», які аддаў амаль паўмільёна еўра рознымі выплатамі, што было неабходна для трансферу гульца ва ўзросце да 18 гадоў.

Гісторыя падпісання Гарнача даволі незвычайная – яе зусім нядаўна ў інтэрв'ю клубнаму сайту распавёў дырэктар Акадэміі «МЮ» Нік Кокс:

💬 «Мы шукалі вінгера ва ўзросце 16 гадоў з пэўнымі якасцямі і пэўным тыпам тэмпераменту. Нашая каманда скаўтынгу склала профілі гульцоў гэтага ўзросту па ўсёй Еўропе, параўноўваючы таленты і спрабуючы вызначыць, хто пасуе нам лепш за ўсё. Алехандра быў на вяршыні гэтага спісу.

Херарда Гусман, наш скаўт у Іспаніі, назваў яго найлепшым талентам краіны. Далей працэс перамоваў – тут становіцца весела. Маёй задачай было растлумачыць Гарнача, яго агенту і сямʼі, чаму гэта будзе выдатная магчымасць і чаму ён мусіць пакінуць сапраўды добры футбольны клуб, каб далучыцца да нас. Але праз Covid-19 мне давялося рабіць гэта са сваёй вольнай спальні праз відэазванок з дапамогай перакладчыка.

Маім дзецям у той час было 14 і 10 гадоў, і я добра памятаю, як яны сварыліся адзін з адным, пакуль я спрабаваў падпісаць Алехандра. Я ўсё яшчэ кажу ім, што калі б гэтая спрэчка доўжылася крыху даўжэй, то, мабыць, ён не перайшоў бы ў «МЮ».

На юнацкім узроўні ўсе структуры ў Іспаніі лічылі Гарнача «дыяментам», але не дапамаглі «Атлетыка» ўтрымаць гульца і пасля нават не спрабавалі змагацца за тое, каб вінгер прадстаўляў краіну на міжнародным узроўні (хоць у яго былі выступы за калектыў U-18). Падобная гісторыя, як з Браімам Дыясам з «Рэала», які з прычыны пасіўнасці федэрацыі нядаўна канчаткова вырашыў выступаць за Марока.

Таму ў 2020-м у Манчэстэры пачаўся зусім новы шлях Алехандра. Прагрэс выдаўся вельмі хуткім:

➡️ У дэбютнай кампаніі на ўзроўні U-18 правёў 17 матчаў – 7 галоў і 3 асісты;

➡️ У наступным годзе пайшоў на павышэнне – і там 10+5 у 27 гульнях;

➡️ У прыватнасці феерыя ў трыўмфальным Кубку ФА – 4+3 у чатырох матчах і трафей;

➡️ У выніку – званне найлепшага маладога гульца года імя Джымі Мёрфі;

➡️ У тым жа сезоне (2021/22) – дэбют за асноўную каманду «МЮ» ў красавіку супраць «Чэлсі»;

➡️ А да дэбюту – трапленне ў пашыраны спіс зборнай Аргенціны ў сакавіку, калі мясцовая асацыяцыя працавала над «перахопам» 17-гадовага Алехандра ў Іспаніі.

Параўнанні з Раналду не беспадстаўныя. Гарнача ўжо мае не меншы ўплыў, чым у свой час 19-гадовы Крыш

Даўно не сакрэт, што Гарнача – палкі асабісты фанат Крышціяну Раналду. Пры ўсіх «дадзена» проста немагчыма пазбегнуць іх параўнанняў. І калі раней гэта былі трохі абстрактныя рэчы, то кампанія 2023/24 падштурхоўвае да канкрэтных высноў.

Яны сапраўды падобныя. У кагосьці можа скласціся падманлівае ўражанне, успамінаючы, чаго дасягнуў КрыРа ў «МЮ», але ў 19 ён быў такім жа сырым футбалістам, які толькі пачынаў свой шлях.

Ролі Гарнача і Крыша ўзору 2003-2004 амаль ідэнтычныя – яркія вінгеры, якія не вельмі выніковыя, але дэманструюць неверагодны патэнцыял. Падобныя па гульнявым стылі, дакладней, па моцных баках:

✅ стаўка на хуткасць і дрыблінг;

✅ упэўненасць нягледзячы на юны ўзрост, правільны настрой на важныя матчы;

✅ гульня на абодвух флангах (Гарнача нядаўна таксама перавялі на правы замест Антоні);

✅ галоўны козыр – уменне цягнуць мяч (Алехандра з'яўляецца адным з лідараў сезона АПЛ па прасоўванню вядзеннямі);

✅ шоўмены на полі.

Падобныя і па недахопах:

❌ не такія эфектыўныя ў зонах завяршэння і фінішу, як хацелася б;

❌ эгаістычныя, часта прымаюць няправільныя рашэнні праз жаданне ў адзіночку завяршыць эпізод.

Што тычыцца перспектыў, то, падобна, у Раналду былі лепшыя ўмовы – ў яго быў Алекс Фергюсон, які ператварыў маладога «нарцыса» ў магутную ўпэўненую ў сабе «машыну», даючы шмат жыццёвых урокаў (легендарныя гісторыі пра просьбу біць Крышціяну па нагах на трэнінгах, каб ён не сімуляваў).

У Гарнача, на жаль, гэтага няма, але ён сам на цяперашнім этапе ўсведамляе многія рэчы. Напрыклад, у адрозненне ад юнага Крышціяну, дае вялікі абʼём працы. Як першы доказ – паказчыкі ў абароне (перахопы, вынасы, барацьба 1 у 1) на фоне вінгераў АПЛ, дзе ён у 25-30% найлепшых.

Другі доказ – рэакцыя заўзятараў на нядаўні драматычны матч з «Ліверпулем» (4:3) у Кубку Англіі, калі Алехандра 120 хвілін насіўся туды-сюды, а ў выніку аддаў пераможны асіст, працягнуўшы мяч са сваёй паловы поля.

І, уласна, рэакцыі:

Аб'ём працы Гарнача проста нерэальны. Сапраўдны менталітэт «Юнайтэд». 120 хвілін чыстых намаганняў і таксама выдатны асіст на Амада.

Гарнача – які ж перформанс. Хлопец не спыняўся бегаць усе 120 хвілін.

Ці можам мы пагаварыць пра інтэнсіўнасць, з якой Гарнача толькі што згуляў 120 хвілін?

Як Гарнача так бегае наперад і назад на працягу 120 хвілін? Вар'яцтва.

Павінен пахваліць «матор» Гарнача. Ён не спыняўся ўсе 120+ хвілін. Які ж талент і ў якога неверагоднага гульца ён ператвараецца.

А гэта, напэўна, найлепшае апісанне сённяшняй формы Алехандра:

З мячом яго паводзіны як у Раналду, а без мяча – як у Карласа Тэвеса.

То бок у адпраўной кропцы сваёй кар'еры Гарнача знаходзіцца ў лепшай пазіцыі, чым Раналду ў пачатку нулявых. Пытанне далейшага прагрэсу – ў захаванні дынамікі.

Дырэктар Акадэміі ўпэўнены, што пераймацца за магчымы спад не варта – маўляў, яшчэ на моладзевым узроўні вінгер вылучаўся сканцэнтраванасцю і спакоем:

💬 «Ён быў вельмі сціплым, трэніваўся з вялікай засяроджанасцю. Спакойна займаўся сваёй працай, нічога лішняга. За межамі поля ён не такі «яркі» – наадварот ураўнаважаны, ветлівы.

А ў матчах: чым больш маштабная падзея, тым лепшая яго гульня. Чым больш заўзятараў, чым больш ціску – тым больш у яго жадання пацешыць публіку. У станоўчым сэнсе».

У Гарнача правільны менталітэт – важна, каб «МЮ» не страціў яго, як іншых талентаў акадэміі

Пацвярджэнне слоў дырэктара Акадэміі знаходзім у стылі жыцця Гарнача. У 19 гадоў Алехандра мае дзіця і зʼяўляецца сямейным чалавекам – у кастрычніку 2023-га яму нарадзіла дзяўчына Ева Гарсія, з якой ён разам з падлеткавых гадоў.

Атрымліваецца, рызыка паходаў у клубы, канфліктных бытавых сітуацый і скандальных вечарынак – не пра яго.

Пра іншыя аспекты распавядаў той жа Нік Кокс. Паводле яго слоў, Гарнача хутка справіўся з моўным бар'ерам пасля пераезду ў Англію і вывучыў мову, а таксама ў свой час папрасіў клуб знайсці спецыяліста, які дапаможа палепшыць фізічны складнік – набраць мышачную масу, але ў той жа час дзякуючы правільнаму падыходу не страціць у мабільнасці і хуткасці.

Улічваючы ўсе вышэйпералічаныя фактары, узнікае пытанне – а ці заслугоўвае сённяшні «МЮ» мець у складзе такі выключны талент? Клубу трэба паляпшацца, каб мець рычагі ўплыву на Алехандра. З яго-та амбіцыямі.

Няўдалых прыкладаў працы з талентамі акадэміі, на жаль, назбіралася нямала. Буйныя авансы выпісвалі шмат каму з гольцоў, якія ў выніку кудысьці зніклі:

❌ Федэрыка Македа;

❌ Аднан Янузай;

❌ Джэймс Уілсан;

❌ Равел Морысан;

❌ Анхела Энрыкес.

Не кажучы ўжо пра тых, хто на самым высокім узроўні паспеў пагуляць, але ўвесь свой патэнцыял відавочна не выкарыстаў.

***

Цяпер у аўдыторыі «Олд Трафард» новы герой – на кожным хатнім матчы гучыць «Viva Garnacho, running down the wing, hear United sing», нагадваючы часы маладога Раналду. Шчыра хочацца, каб Алехандра пайшоў менавіта па слядах свайго куміра, а не кагосьці з тых, хто не ўзляцеў.

Пакуль жа давер Эрыка тэн Хага ён апраўдвае – 26 запар выхадаў у старце, 6+5 за «гол+пас» у гэтай серыі і куча карысных дзеянняў, такіх як два заробленых пенальці ў гульні з «Эвертанам». «Ірыскi» – любімы супернік, як раз ім Гарнача забіў шэдэўральны гол «нажніцамі»:

Фота: інфографіка Tribuna.com, Instagram Алехандра Гарнача i Евы Гарсіi, PA Images

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты