Tribuna/Футбол/Блогі/Брат Хаві – двайнік Клопа. Працуе памочнікам у «Барсе» і мае 100% перамог у ролі в.а.

Брат Хаві – двайнік Клопа. Працуе памочнікам у «Барсе» і мае 100% перамог у ролі в.а.

Знаёмімся з Оскарам Эрнандэсам.

22 красавіка, 10:36
Брат Хаві – двайнік Клопа. Працуе памочнікам у «Барсе» і мае 100% перамог у ролі в.а.

Гісторыі братоў у футболе не такое ўжо і дзіва, як і не дзіва, калі бацькі бяруць да сябе ў трэнерскі штаб сыноў (дастаткова ўспомніць пра Анчалоці). А вось Хаві ўзяў у штаб старэйшага брата. Оскар Эрнандэс меў даволі пасрэдную гульнявую кар'еру, а пасля яе заканчэння некаторы час наогул не быў звязаны з футболам. Але сувязь братоў аказалася настолькі моцнай, што Хаві спачатку ўзяў яго памочнікам у Катар, а затым у «Барселону».

Аднак сівы мужчына ў акулярах аказаўся не проста пасажырам у штабе, а важнай адзінкай.

Оскар скончыў гуляць у 30. Стаў дыпламаваным спецыялістам па працы з моладдзю

Тое, што абодва сыны Хаакіма Эрнандэса стануць футбалістамі, не было сумневаў, хлопцы з дзяцінства бачылі, як іх бацька гуляе за сціплы «Сабадэль», і марылі аднойчы таксама згуляць перад заўзятарамі. Праўда, вялікая карʼера ўдалася толькі ў аднаго. Пра подзвігі Хаві ведае кожны, а вось яго старэйшы на чатыры гады брат амаль усю карʼеру гульца правёў у падвалах іспанскага футбола.

Пачаў з роднай «Тэрасы», затым былі «Тарэха», «Балагер», «Матара» і «Гава». Калі вы ведаеце нешта пра гэтыя клубы без Вікіпедыі, то можаце лічыць сябе гiкам іспанскага футбола. За плячыма ў Оскара 12 сезонаў у Сегундзе Б і Тэрсеры. За год да таго, як малодшы брат стаў найлепшым гульцом Еўра-2008, Оскар вырашыў завязаць з футболам. Яму было ўсяго 30, але траўмы і бесперспектыўнасць справы прымусілі прыняць рашэнне. Тым больш, што сямейнаму бізнесу ў сферы нерухомасці патрэбны быў кіраўнік, пакуль малодшы запальваў у камандзе Гвардыёлы.

Паралельна Оскар скончыў Нацыянальны інстытут фізічнага выхавання і стаў дыпламаваным спецыялістам па працы з моладдзю. З часам гэты дыплом яму спатрэбіўся. Калі брат у 2015 годзе з'ехаў дагульваць у Катар, Оскар далучыўся да яго – стаў трэнерам у Акадэміі Aspire. Гэта тая самая Акадэмія, заснаваная ў 2004-м непасрэдна эмірам Катара, каб рыхтаваць новае пакаленне мясцовых футбалістаў. У тым ліку тых, якія мусілі стаць зоркамі ЧС-2022. Як толькі Хаві ўзначаліў «Аль-Сад», брат стаў яго памочнікам і застаецца ім да гэтага часу.

Карыстаецца павагай у распранальні і мае 100% паказнік перамог

Тое, што Оскар можа падмяняць Хаві на трэнерскай лаве, стала зразумела ў першыя паўгода. Летам 2022-га галоўны трэнер «Барсы» не змог своечасова атрымаць візу для ўезду ў ЗША на матч супраць «Інтэра» Маямі, таму камандай кіраваў яго брат. Зорная амерыканская каманда яшчэ без Месі (але з Ігуаінам) саступіла каталонцам з лікам 0:6.

«Спадзяюся, што гэта быў мой апошні матч у якасці трэнера «Барселоны», – сказаў тады Оскар. Але падмяняць брата даводзілася часта, бо Хаві ў нейкі момант пачаў атрымліваць дыскваліфікацыі часцей, чым яго палявыя гульцы. Падобна на тое, гэта сямейнае, бо ў самога Оскара таксама дзве дыскваліфікацыі (у матчах супраць «Атлетыка» і «Мальёркі»).

Старэйшы Эрнандэс, нягледзячы на нязначны футбольны бэкграўнд, атрымаў аўтарытэт у распранальні. Ён праводзіць індывідуальныя гутаркі з футбалістамі, займаецца разборам гульняў і падборам відэафрагментаў, а таксама адказвае за абарону. У мінулым сезоне, калі «Барса» амаль не прапускала, гэта стала яго плюсам, але цяпер справы ідуць не так добра.

Па паведамленнях іспанскага AS, у распранальні ўжо даўно заўважылі падабенства Оскара і цяперашняга трэнера «Ліверпуля», таму гульцы жартам называюць яго Оскар Клоп. Але гэта ніяк не паўплывала на яго аўтарытэт у калектыве.

Іспанскія СМІ распавядалі гісторыю, як у мінулым сезоне Оскар пакідаў стадыён на машыне скрозь натоўп заўзятараў. Звычайныя паляўнічыя за аўтографамі абляпілі праезную частку, але Оскар спыніўся, убачыўшы знаёмы твар. Гэта быў Чава Хіменэс – былы партнёр Хаві па моладзеўцы «Барселоны». Калі Оскар спытаў, што ён тут робіць, Чава паказаў свайго сына, які з футболкай і маркерам вартаваў на зорак «Барсы». «Я табе ператэлефаную», – сказаў трэнер і забраў футболку ў малога. Праз некалькі дзён ён аддаў яму джэрсі з аўтографамі ўсёй каманды.

Упершыню на афіцыйны матч Оскар вывеў «Барсу» ў сакавіку 2023-га – праз дыскваліфікацыю Хаві. Пасля гэтага ён быў галоўным яшчэ ў пяці сустрэчах Ла Лігі, дзе каманда нязменна перамагала. Двойчы быў абгуляны «Кадыс», а таксама «Вільярэал», «Мальёрка» і «Лас-Пальмас».

Што ў выніку:

✅ 7 перамог у 7 матчах:

✅ У 6 з 7 гэтых сустрэч «Барселона» не прапускала:

✅ Забіла 16 галоў у 7 сустрэчах.

(Статыстыка ўлічвае толькі тыя матчы, Дзе Оскар пачынаў стартавыя хвіліны ў ролі трэнера, а не пасля выдаленняў Хаві)

Можа, «Барселоне» не трэба шукаць замену Хаві, а проста прызначыць галоўным яго брата?

Фота: Global Look Press/Fabrizio Andrea Bertani/Keystone Press Agency, David Ramirez/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты